Вы тут

Аўтобус-гармонік на 170 чалавек будзе перавозіць удзельнікаў Еўрагульняў


Мінскі аўтамабільны завод выпусціў першы аўтобус асабліва вялікай умяшчальнасці са «штурхальным» прыводам і найноўшым вузлом сучлянення ад кампаніі Hubnеr, які яшчэ не выкарыстоўваўся нідзе ў свеце. Першынец будзе прадстаўлены на міжнародным аўтобусным салоне Buswоrld, які пройдзе ў Маскве ў трэцяй дэкадзе кастрычніка.


Менавіта МАЗ 216 стане першым сучлененым беларускім аўтобусам з заднематорнай кампаноўкай. Сілавы прывод будзе знаходзіцца не ў галаўной, а ў хваставой частцы «гармоніка». У выніку інжынеры зрабілі ціхі і прасторны салон, аддаўшы больш вольнага месца пасажырам, у тым ліку маці з дзецьмі і маламабільным групам насельніцтва. Новы аўтобус зроблены цалкам нізкападлогавым.

Акрамя таго, аўтобус «расцягнуўся» ў даўжыню на 18 метраў пры шырыні ў 2,55 метра і вышыні ў 3,1 метра. Максімальная поўная маса дасягае 28 тон. Аўтобус аснасцяць 326-сільным рухавіком ад Mеrсеdеs класа Еўра-5 і аўтаматычнай каробкай перадач Аllіsоn. Лімітаваная хуткасць абмежавана на адзнацы 85 км/г. Дарэчы, для краін Еўрасаюза аўтобусы будуць камплектаваць маторамі класа Еўра-6. Паліўны бак разлічаны на 300 літраў, але па жаданні яго павялічаць да 400 літраў.

Навінка адносіцца да катэгорыі аўтобусаў асабліва вялікай умяшчальнасці. Унутры прадугледжана 40 брэндаваных сядзенняў, а ўсяго ж у салоне змесціцца каля 170 чалавек. Прызначаны аўтобус для выкарыстання ў гарадскіх умовах — на найбольш ажыўленых маршрутах. Канфігурацыю салона можна мяняць у залежнасці ад пажаданняў заказчыка. Усярэдзіне прадугледжаны кандыцыянер з функцыяй абагравання.

Новы аўтобус выраблены ўсяго за паўгода. Работы стартавалі яшчэ вясной у Дзяржынску, дзе быў звараны каркас, а канчатковая зборка ажыццяўлялася ў цэхах Мінскага аўтазавода. Першы аўтобус сімвалічна размаляваны ў колеры Еўрапейскіх гульняў у Мінску, падчас якіх пасажыраў будуць перавозіць менавіта МАЗы.

Новы аўтобус плануецца пастаўляць у буйныя гарады краін ЕАЭС і далёкага замежжа. На аўтобус з «штурхальным» прыводам таксама існуе попыт у Польшчы і Эстоніі, цікавяцца ім і ў Сербіі.

Сучленены аўтобус з «штурхальным» прыводам — адна з самых доўгачаканых навінак МАЗа, якая значна пашырае нашы магчымасці. У прыватнасці, у Еўропе найбольш распаўсюджаная пасажырская аўтатэхніка менавіта з такой схемай.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: У колер Еўрапейскіх гульняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».