Вы тут

Падчас акцыі «Чысты лес» валанцёры добраўпарадкавалі больш за 2000 аб'ектаў


Чысціць лес лепш талакою.


Кі­раў­нік Ад­мі­ніст­ра­цыі Прэ­зі­дэн­та На­тал­ля Ка­ча­на­ва  пад­час ак­цыі да­па­ма­га­ла вы­са­джваць дрэ­вы і кус­ты  ка­ля рэс­пуб­лі­кан­ска­га за­каз­ні­ка «Ле­бя­дзі­ны».

На працягу дня 20 кастрычніка валанцёры дапамагалі работнікам галіны добраўпарадкоўваць лясны фонд: прыбіралі смецце і захламленасць, акультурвалі месцы масавага адпачынку, рыхтавалі дэндрапаркі да зімоўкі, займаліся пасадкай дрэў.

Супрацоўнікі апарату Міністэрства лясной гаспадаркі ў гэты дзень вырашылі навесці парадак на тэрыторыі Бараўлянскага спецлясгаса паблізу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы». У лютым 2019 года гэты цэнтр прымае чэмпіянат Еўропы па біятлоне.

Валанцёры ачысцілі ад сухастойнай драўніны і буралому ўчастак лесу плошчай 1,8 га — неліквідную драўніну спалілі на вогнішчах, а прыдатную на дровы сабралі і з дапамогай спецыялізаванай тэхнікі вывезлі з лесу. Па словах дырэктара Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандра Мірановіча, драўніна, сабраная падчас акцыі, была накіравана на кацельныя ДП «Мінрайцепласетка», а таксама рэалізавана насельніцтву.

— Асноўная мэта акцыі — прыцягнуць увагу да беражлівага стаўлення да нашага зялёнага храма — лесу, — расказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. — Упершыню акцыя была праведзена ў 2010 годзе, і з таго часу яна стала штогадовай. Мы ўдзячныя людзям за актыўны ўдзел: акцыя падтрымліваецца грамадскасцю, дзяржаўнымі арганізацыямі па ўсёй краіне. Любы ахвотны можа зрабіць свой унёсак у добрую справу.

У кожным лясніцтве былі падабраны аб'екты для працы валанцёраў. Сёлета асаблівы акцэнт зроблены на добраўпарадкаванні ляснога фонду паблізу ад мемарыяльных комплексаў і знакавых для нашай краіны месцаў.

Актыўны ўдзел у акцыі прынялі і калектывы апаратаў органаў дзяржкіравання, кантрольных ведамстваў. Так, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава працавала на тэрыторыі сталіцы: разам з іншымі валанцёрамі яна высаджвала дрэвы і кусты ўздоўж праспекта Пераможцаў побач з біялагічным заказнікам «Лебядзіны». Камітэт дзяржкантролю на чале са старшынёй Леанідам Анфімавым добраўпарадкоўваў лясны масіў, што прылягае да мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Калектыў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Юрыя Церцеля займаўся прыборкай лесу ў раёне мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

Сёлета ў добраахвотнай акцыі прынялі ўдзел больш за 38 тысяч валанцёраў. Найбольш актыўна акцыю падтрымалі ў Мінскай вобласці (7826 добраахвотнікаў). Валанцёры працавалі на 2137 аб'ектах па ўсёй краіне, а найбольшая колькасць пунктаў — 494 — была арганізавана ў Гомельскай вобласці.

Сумеснымі намаганнямі работнікаў лесагаспадарчых устаноў і добраахвотнікаў прыбрана больш за 2,5 тысячы м3 смецця і больш за 5 тысяч м3 захламленасці; дадаткова высаджаны лясныя культуры на плошчы 984,6 га; наведзены парадак уздоўж прыдарожных палос, добраўпарадкаваны месцы паблізу мемарыяльных комплексаў, памятных знакаў і іншых аб'ектаў. У Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці быў устаноўлены помнік супрацоўніку МНС, які загінуў пры тушэнні ляснога пажару паблізу вёскі Лесань.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Парадак на зямлі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.