Вы тут

Адкрытая алімпіяда па сусветнай эканоміцы стартуе ў БДУ


Яна накіраваная на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, а таксама павышэнне ўзроўню якасці эканамічнай адукацыі. Тэмай трэцяга сезона спаборніцтваў стануць міжнародныя інвестыцыі.


Алімпіяда пройдзе ў дзвюх лігах: студэнцкай і школьнай. Выступленні будуць ацэньвацца ў камандным і індывідуальным заліках. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты 2-5 курсаў і магістранты, якія навучаюцца на эканамічных спецыяльнасцях. Навінкай для школьнай лігі  з'яўляецца магчымасць удзелу ў спаборніцтвах не толькі адзінаццацікласнікаў, але і дзесяцікласнікаў. Аднак старшакласнікі выступаюць толькі ў камандным заліку.

Праграма алімпіяды для студэнцкай лігі ўключае тры туры: адборачны завочны, вочны і фінальны. На старце ў індывідуальным заліку трэба будзе напісаць эсэ на зададзеную тэму, а для каманды прадугледжаны кейс у галіне сусветнай эканомікі. У гэтым годзе яго рашэнне студэнты змогуць прадставіць на рускай і англійскай мовах. Вочны адборачны тур уключае тэсты і задачы па сусветнай эканоміцы. Студэнтам трэба будзе прадэманстраваць веды ў галіне міжнародных эканамічных адносін, менеджменту і маркетынгу; міжнародных інвестыцый; эканомікі замежных краін; эканамічнай тэорыі; мікраэканомікі; макраэканомікі; фінансавых рынкаў і інш.

Фінал пройдзе ў фармаце публічнага выступлення. Студэнты выступяць з прапановамі па рашэнні канкрэтнай эканамічнай задачы альбо дадуць ацэнку прыняццю пэўных рашэнняў. Канкурсантам неабходна зрабіць акцэнт на магчымасці рэалізацыі ідэі, яе арыгінальнасці, лагічнасці і паслядоўнасці, а таксама прадэманстраваць сваё аратарскае майстэрства.

Асобна пройдзе конкурс на веданне англійскай эканамічнай мовы, які прадугледжвае праверку разумення эканамічных тэкстаў, публічныя выступленні перад журы.

Школьная ліга складаецца з двух этапаў: адборачнага завочнага і фіналу. У першым туры неабходна вырашыць крэатыўную бізнес-задачу, звязаную з міжнароднай эканамічнай дзейнасцю беларускіх кампаній, прайсці анлайн-тэст у галіне фінансавай пісьменнасці.

У рамках алімпіяды 4 снежня запланаваны сустрэчы і майстар-класы з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый, дзейнасць якіх звязана з сусветнай эканомікай і міжнароднымі інвестыцыямі.

Заяўкі на ўдзел у алімпіядзе прымаюцца з 22 кастрычніка па 4 лістапада. Завочны тур пройдзе з 5 па 18 лістапада, адборачны вочны (для студэнтаў) — 5 снежня.

Фінал у абедзвюх лігах адбудзецца 6 снежня. Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені, а таксама каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, лепшыя студэнты змогуць прайсці стажыроўку ў вядучых эканамічных арганізацыях Беларусі, а школьнікі атрымаюць магчымасць наведаць “Школу будучага эканаміста-міжнародніка” на факультэце міжнародных адносін БДУ падчас вясенніх  канікул.

Арганізатарам алімпіяды выступае факультэт міжнародных адносін БДУ пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі, Міністэрства эканомікі нашай краіны, Місіі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, Нацыянальнага банка, Банка развіцця, Беларускага інавацыйнага фонду, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі.

Дададатковую інфармацыю можна знайсці на сайце алімпіяды.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.