Вы тут

Уладзімір Макей: Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай канфліктаў


Міністэрства абароны нашай краіны прытрымліваецца пры кантактах з замежнымі партнёрамі прынцыпу адкрытасці і гатоўнасці да дыялогу. Менавіта таму кіраўнікі дыпламатычных місій і прадстаўнікі міжнародных арганізацый, акрэдытаваныя ў Беларусі, наведалі ў суботу 120-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.


Высокіх гасцей пазнаёмілі з гісторыяй, структурай і задачамі брыгады. Ім распавялі і паказалі ўжывую навучальны працэс па падрыхтоўцы салдат, казармы, у якіх яны жывуць, прадэманстравалі харчаванне. Таксама на тэрыторыі брыгады разгарнулася вялікая выстава ўзораў стралковай зброі і амуніцыі вайскоўцаў. Але самымі відовішчнымі сталі падзеі на палігоне “Уручча”. Замежныя госці сталі не толькі назіральнікамі за заняткамі па агнявой падрыхтоўцы, але і самі папрактыкаваліся ў стральбе з розных відаў стралковай зброі. І трэба сказаць, удала – мішэні пасля стрэлаў хаваліся ў траве даволі часта.

- Дыпламатычны корпус істотна цікавіцца Узброенымі сіламі, наша краіна – тут не выключэнне, - зазначыў міністр абароны Андрэй Раўкоў. - Больш за 40 краін адправілі сваіх прадстаўнікоў на гэтую сустрэчу. Так, мы ў межах дамоўленасцей інфармуем нашых замежных партнёраў аб тым жа ўзбраенні. Але адна справа – пачуць, і зусім іншая – памацаць сваімі рукамі. Наша ваенная дактрына – выключна абарончая. Але як казалася не раз, порах трэба трымаць сухім. Спадзяюся, што такія сустрэчы пойдуць на карысць міжнароднага супрацоўніцтва.

- Афіцыйныя прадстаўнікі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый добра ставяцца да практыкі, якая існуе ў нашым МЗС, калі мы знаёмім іх з рознымі бакамі побыту ў Беларусі, - заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. - Яны адзначаюць, што сёння, у адрозненне ад часоў “халоднай вайны”, жыццё больш празрыстае. Ад нашай краіны чакаюць такой палітыкі, яе нездарма называюць “будаўніком мастоў”. Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай канфліктаў. Але разам з тым краіна павінна быць надзейна абаронена.

Уладзімір Макей асобна спыніўся на заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў Міністэрства замежных спраў. У ведамства з’явяцца эмблема, сцяг, нагрудныя знакі, а таксама форменнае адзенне.

- Такая практыка існуе ў многіх краінах свету. Форма для паслоў і пасланнікаў з’явіцца ў найбліжэйшыя месяцы. Упэўнены, што яна будзе элегантнай і прыгожай. З’яўленне ж геральдычных знакаў – гэта важны крок па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі за мяжой.

А што кажуць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Беларусі?

- Пазнаёміцца з працэсам падрыхтоўкі ваеннаслужачых у Беларусі – вельмі цікава для нас, - гаворыць пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Хасэ Хаакін Багіяна Перычы. - Узбраенне, сімулятары – усё гэта кажа, што краіна можа абараніць сябе ў выпадку неабходнасці. Ды і мне таксама было прыемна згадаць сваё ваеннае мінулае. Таксама хачу нагадаць, што паміж ваеннымі структурамі Беларусі і Венесуэлы склалася даўная гісторыя ўзаемадзеяння. У прыватнасці, навучэнцы Венесуэльскай ваеннай акадэміі праходзяць тут стажыроўкі.

Пасол Турэцкай Рэспублікі Кезбан Нілвана Дарама, вярнуўшыся са стрэльбішча, не хавала сваіх эамоцый.

- Упершыню за ўвесь час знаходжання ў Беларусі мне ўдалося пабываць у воінскай часці. Я здзіўлена ўзроўнем падрыхтоўкі салдат. Ды і магчымасць патрымаць у руках зброю для грамадзянскага чалавека –непараўнальнае адчуванне.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота mil.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?