Вы тут

Зноў паклікалі жураўлі


Беларускі гурт “Лянок” і салісты Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры выступілі з гадзіннай канцэртнай праграмай на фэсце “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”


Займальная вандроўка па балоце Ельня

Паездкі на Мёрскі фэст ужо традыцыйныя, штогадовыя для нас: бо ёсць дамова пра супрацу між аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама і Цэнтрам беларускай культуры. У нас даўнія партнёрскія, сяброўскія стасункі, таму розныя творчыя гурты ЦБК пабывалі на Віцебшчыне, у цудоўным краі журавін і жураўлёў. І сёлета 16 верасня прадстаўнічую даўгаўпілскую дэлегацыю сустракалі Журавель і Журавінка. У Мёрах панаваў святочны настрой, людзі спяшаліся на паўвостраў: на гулянне. Цэлую гадзіну даўгаўпілскія беларусы радавалі ўсіх танцамі, песнямі, жартамі. Танцавальны гурт “Лянок”, якім кіруе Марына Медунецкая, “Лявоніхай” ды “Полькай беларускаю” так завёў гледачоў, што многія пускаліся ў скокі. Знаёмілі госці гледачоў і з латышскімі, латгальскімі танцамі. А моладзевы дуэт — Людміла Малыгіна і Валеры Медунецкі — прадставіў бальныя танцы: “Венскі вальс” і “Беларусь”.

Вельмі арганічна ў праграму канцэрта ўліліся беларускія, латышскія й рускія песні ў выкананні Юліі Хмяльніцкай і Віталя Міхайлаўскага. Вядучая Галіна Сантоцкая вершамі, жартамі спалучала танцавальныя й песенныя нумары ў адзіную дзею, якую Мёры прымалі шчодрымі апладысментамі.

З Жураўлём і Журавінкай

Потым дэлегацыю з Даўгаўпілса чакала шмат усяго цікавага. Найперш — беларускія падворкі з выставай-продажам вырабаў з дрэва, саломкі ды керамікі, нацыянальнымі стравамі-пачастункамі ды журавінамі. Мне ж запаў у душу макет калаўрота ў мініяцюры: так і хацелася крутнуць кола, выпрасці тоненькую нітку, як тое рабілі нашы матулі-бабулі. Незабыўнай была і экскурсія ў Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ельня”. Гэта самае вялікае верхавое балота ў Беларусі, пятае па велічыні ў Еўропе. Там 118 азёр, водзіцца 130 відаў птушак, сярод якіх рэдкія чарназобыя гагары, арлан-белахвост і чорны бусел. Гэта і да 6000 шэрых жураўлёў, якія кормяцца на балотах перад кожным сезонам міграцыі. Самае вялікае возера — Ельня, плошчай больш за 5 квадратных кіламетраў. Вялізныя масівы запаведнай прыроды прыцягваюць вялікую ўвагу навукоўцаў, арнітолагаў, фатографаў, турыстаў.

Мы прайшлі па сцежцы з дошак, што адмыслова збудавана сярод балота, любаваліся краявідамі, якія зачароўваюць. Самыя ж гаспадарлівыя нават паспелі сабраць па некалькі літраў журавін! Так што вандроўка ўдалася. І некаторыя нашы артысты цяпер жывуць з марай… пра балота. Да новых сустрэч, запаведны край!

Марыя Памецька, Мёры — Даўгаўпілс.

Фота Марыны Медунецкай. 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.