Вы тут

“Сымон-музыка” ў Абаяні


Памяць пра Якуба Коласа ўшанавана ў Абаянскім раёне Курскай вобласці


На ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнай дошкі

Даўно, сто гадоў таму тое было: Канстанцін Міцкевіч працаваў настаўнікам у Курскай вобласці Расіі. Якраз тыя старонкі з біяграфіі Песняра сталі нагодай, каб адкрыць там часовую экспазіцыю “Сымон-музыка” і ўсталяваць мемарыяльную дошку да 100-годдзя пачатку педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа ў Курскай вобласці.

Ва ўрачыстасцях паўдзельнічала Зінаіда Камароўская, шматгадовая дырэктарка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. “Мемарыяльная дошка ў гонар Якуба Коласа была ўрачыста адкрыта на будынку Упраўлення адукацыі Абаянскага раёна Курскай вобласці 8 верасня 2018 года, — расказала яна. — Гэтак адзначана 100-годдзе пачатку педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на тэрыторыі Абаянскага раёна, да таго ж святкавалася і 90-годдзе раёна пры ўдзеле губернатара Курскай вобласці”.

Яшчэ адна юбілейная дата ёсць у Коласавым календары: 100-годдзе выдання паэмы “Сымон-музыка”. І таму ў Абаянскім краязнаўчым філіяле Курскага абласнога краязнаўчага музея адкрылася адпаведная часовая экспазіцыя. Гэта — ушанаванне памяці пра народнага паэта Беларусі, пашырэнне ягонай творчасці, аповед пра яго педагагічную дзейнасць у 1918–21 гадах у вёсках Малыя Крукі, Ліпавец, Якаўлеўка цяперашняга Абаянскага раёна.

Зінаіда Камароўская нагадала: на пачатку 1918-га Якуб Колас пачаў працаваць настаўнікам у вёсцы Малыя Крукі, пазней — у вёсцы Ліпавец. Ён быў і ўдзельнікам з’езда настаўнікаў Вышнерэутчанскай воласці, з ягоным удзелам рабіўся праект указа “Аб пераарганізацыі культурна-асветніцкага тэатральнага гуртка”. У лютым 1920-га Канстанцін Міцкевіч быў прызначаны школьным інструктарам Альшанскай і Перасыпскай воласцяў: у яго абавязкі ўваходзіў кантроль работы ў 25 школах.
Дарэчы, рыхтуючы гэты тэкст, я знашоў у інтэрнэце цікавыя звесткі. Аказваецца, як сцвярджаюць краязнаўцы, засялялі ў XVІ — XVІІ стагоддзях тамтэйшыя землі вялікарускія і беларускія каланісты.

Вось урывак з тэкста Віктара Звягіна “Нижний Реутец: Живая связь времен”: “В Нижнем Реутце преобладали колонисты из Белоруссии. Об этом свидетельствует их говор. Даже сейчас можно встретить молодых людей, которые смягчают звуки в конце слов”. Так што і аказаўся Колас на Куршчыне, відаць, не выпадкова: да сваіх людзей прыцягнулі ніткі лёсу.

У курскі перыяд Якуб Колас напісаў звыш 20 вершаў, 2 апавяданні з філасофска-алегарычнага цыклу “Казкі жыцця”, некалькі замалёвак для дзяцей, нарысы. Якраз на Куршчыне ён прадаўжаў працаваць над паэмамі “Сымон-музыка” і “Новая зямля”, юбілеі якіх адзначаюцца сёлета. Гады, праведзеныя на Куршчыне, далі будучаму класіку багаты матэрыял для шматлікіх твораў, напісаных пазней.

Рыгор Гарэшка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.