Вы тут

На Волзе згадвалі Бацькаўшчыну


На абласным міжнацыянальным свяце актывісты Самарскай суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” згадвалі пра Год малой радзімы на зямлі продкаў


Актыў моладзевага аддзялення і творчыя калектывы суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” на беларускім падворку

Дзень дружбы народаў — гэта магчымасць жыхарам і гасцям Самары пазнаёміцца з культурай народаў, прадстаўнікі якія жывуць у рэгіёне. Сёлета Дзень дружбы праводзіўся разам з Днём горада (у другую суботу верасня), і ўжо традыцыйна — у экаградзе “Волгарь”. Якраз там у 2013-м была закладзена Алея дружбы народаў, сярод дрэўцаў падрастае і ялінка-”беларусачка”. Увогуле ж лейтматывам удзелу беларусаў вобласці ў свяце стаў Год малой радзімы (пад знакам якога ў Беларусі пройдуць 2018–2020 гады), а таксама V Форум рэгіёнаў Беларусі ды Расіі.

Своеасаблівым камертонам былі гэтыя падзеі, калі актыў моладзевага аддзялення суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” рыхтаваў літаратурна-музычную кампазіцыю, конкурс-віктарыну на лепшае веданне славутасцяў Беларусі. Дарэчы, кампазіцыя й віктарына выклікалі цікавасць у кіраўніка рэгіёну Дзмітрыя Азарава: ён з задавальненнем адказваў на пытанні, па выніках нават атрымаў памятны беларускі прыз. А затым ганаровыя госці на беларускім падворку суполкі разрэзалі святочны пірог, папярэдне правільна адказаўшы на пытанне пра начынне пірага — бульбу. І спадабаліся, вядома ж, усім пачастункі самарскіх беларусаў: пірагі з бульбай ды грыбамі.

Працавала таксама выстава вырабаў беларускіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, можна было пагартаць творы класікаў беларускай літаратуры, часопісы “Адзінства”/“Единство” і “Союзное государство”, газеты “Голас Радзімы” и “Союзное вече”. Шмат каму запомніцца й выстава нацыянальных беларускіх строяў. З улікам таго, што 2018-ы ў Расіі абвешчаны Годам добраахвотніка (валанцёра), ключавыя пазіцыі на беларускім выставачным стэндзе былі аддадзены моладзі.

Кіраўнікі, актыў моладзевага аддзялення арганізацыі — а гэта Юлія Цяплянская, Георгій Курмакоў, Алена Сілуянава і Ганна Пустошкіна — далучылі да ўдзелу ў імпрэзе іншых. Лізавета Глубінец, Юльяна Буташава, Ягор Сілуянаў, Макар Даброў, Лізавета Пустошкіна расказвалі ахвочым пра самабытную беларускую культуру. Госці свята цёпла сустракалі ў шматнацыянальнай канцэртнай праграме й беларускія творчыя калектывы. Знакамітую песню “Лявоніха”  выканаў вакальны ансамбль “Каданс” (у жніўні яму споўнілася 10 гадоў, мастацкая кіраўніца — Іна Сухачэўская), а вядомую беларускую народную песню “З-пад шэрага камушыка” — не менш знакаміты й вядомы беларускі вакальны ансамбль “Сузор’е” (мастацкая кіраўніца — Алена Кірылашава).

У конкурсе-віктарыне на лепшае веданне славутасцяў Беларусі прыняў удзел кіраўнік Самарскай вобласці Дзмітрый Азараў

Ірына Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, кажа: свой яркі ўнёсак у стварэнне беларускага каларыту свята зрабілі як творчыя гурты, так і сем’і беларусаў Самарскай вобласці, якія ў поўным складзе прымалі ўдзел ва ўсіх святочных імпрэзах. Ва ўрачыстасці ўшанавання прадстаўнікоў нацыянальных аб’яднанняў, якую праводзіў кіраўнік рэгіёна Дзмітрый Азараў, паўдзельнічала, напрыклад, і актывістка беларускай суполкі Крысціна Сухачэўская, а яе старэйшая сястра Анастасія выступіла на сцэне ў пралогу святочнай праграмы.

Кульмінацыяй Дня дружбы народаў стала этнадыскатэка, на якой гучалі песні на мовах народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Самарскай вобласці. У гэтым грандыёзным праекце паўдзельнічалі актывісты моладзевага аддзялення, гурты “Каданс” і “Сузор’е” суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, а таксама творчыя калектывы школ-партнёраў арганізацыі.

Свята Дружбы ўдалося на славу, а цяпер у суполкі па ранейшаму шмат спраў. Напрыклад, яе творчая дэлегацыя ўдзельнічае ў выставе-кірмашы рамёстваў “Горад майстроў” і канцэртнай праграме “Садружнасць культур — садружнасць народаў” з удзелам аматарскіх калектываў Беларусі ды Расіі. Гэтыя мерапрыемствы праходзяць на V Форуме рэгіёнаў Беларусі ды Расіі (10–12 кастрычніка, Магілёў). На форум, удакладніла Ірына Глуская, беларусаў Самарскай вобласці запрасіў Магілёўскі аблвыканкам.

Мікалай Бойка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?