Вы тут

«Лістапад» пачаў раскрываць тузы


Першая прэс-канферэнцыя кінафестывалю прайшла 17-га кастрычніка

У гэтую сераду адбылася ПАДЗЕЯ — у Falcon Club Буцік Кіно каманда Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» абвясціла конкурсныя праграмы дакументальнага і ігравога кіно. Але прытрымала пазаконкурсныя, Нацыянальны конкурс, Індустрыяльную платформу і гасцей — усё гэта стане вядома ўжо ў панядзелак 22 кастрычніка. Фестываль, які пройдзе з 2 да 9 лістапада, адбудзецца 25-ы раз і будзе прысвечаны рэжысёру Кіры Муратавай: слоган «Пазнаючы белы свет» адсылае да аднаго з яе фільмаў. Ад каманды — на сустрэчы выступілі дырэктар і праграмныя дырэктары фестывалю — чуліся як шчаслівыя, так і горкія інтанацыі.


Юбілеі прынята адзначаць у тым ліку падвядзеннем вынікаў. І калі праграмны дырэктар Ігар Сукманаў выказаўся пра непазбыўнае шчасце далучэння да фарміравання гэтых кінапраграм, то дырэктар Анжаліка Крашэўская адзначала памяншэнне бюджэту ў параўнанні з мінулым годам, у той час як «Лістапад» і без таго распараджаецца ўдвая меншымі сумамі, чым, напрыклад, міжнародны кінафестываль у Вільнюсе.

Пры гэтым да свайго 25-годдзя фестываль прыйшоў з пэўнымі дасягненнямі, сярод якіх і акрэдытацыя Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FІAPF) — спачатку часовая, а потым і пастаянная, далучэнне Беларусі да Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў і адпаведна з'яўленне на «Лістападзе» журы FІPRESCІ, якое ўручае свае ўзнагароды таксама на Канскім кінафестывалі ці, скажам, Берлінале. Але, напэўна, галоўным дасягненнем можна назваць давер да Мінскага кінафестывалю з боку гледача і прафесіяналаў кіно.

Адкрыццё «Лістапада» адбудзецца 2 лістапада ў кінатэатры «Масква» з фільмам «Халодная вайна» польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага — яго папярэдняя карціна «Іда» ў 2013 годзе атрымала на Мінскім кінафестывалі адразу «золата» і «серабро».

Сёлетнія праграмы дакументальнага кіно, па словах праграмнага дырэктара Ірыны Дзям'янавай, будуць ламаць стэрэатыпы, датычныя лічбы 13. 13 інстытуцый у Конкурсе нацыянальных кінашкол і 13 фільмаў у Асноўным конкурсе дакументальнага кіно. У першым — найлепшыя еўрапейскія кінашколы, а ў кіно, як адзначыла Ірына Мікалаеўна, вельмі важныя сувязі, распачатыя ў студэнцкія часы. У другім — «дарослыя» карціны з Польшчы, Венгрыі, Бразіліі (трэба разумець, тут шмат капрадукцыйных праектаў), аўтары якіх «часта звяртаюцца да ўласнай гісторыі, да гісторыі ўласнай сям'і. Глядзіш і ўзрушаешся, як блізка аўтары змаглі падысці да свайго героя. Стаць незаўважнымі, часткай сцяны, часткай абстаноўкі — гэта, вядома, найвышэйшае прафесійнае майстэрства. Яшчэ адна яркая асаблівасць дакументальнага кіно: мы можам бачыць, як мяняецца чалавек пад уздзеяннем абставін ці іншых людзей. Гэты працэс змянення, перараджэння, а часам і падзення ў дакументальным кіно вельмі цікавы».

У конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» апроч фільмаў адкрыцця і закрыцця ўвайшло шэсць карцін, якія, настойвае праграмны дырэктар Ігар Сукманаў, раўназначныя даросламу кіно. Адкрывацца гэты конкурс будзе карцінай кінастудыі «Беларусьфільм» «Правілы геймера» Ігара Чацверыкова.

Дарэчы, 25-ы «Лістапад» зноў пашырае геаграфію — на вялікіх экранах у рамках фестывалю ўпершыню будуць паказаны фільмы з Кеніі і ЮАР. Кенійская карціна «Супа Мода» Лікарыёна Вайнайны з «Лістападзіка» сёлета таксама вылучаецца на саісканне прэміі «Оскар». Увогуле, у праграме Мінскага кінафестывалю і нядаўна апублікаванага лонг-ліста «Оскара» супала дзесяць фільмаў.

«Маладосць на маршы», як звычайна, сканцэнтравалася на дэбютах і другіх па ліку карцінах. Гэтым разам яна ўключыла ў сябе адзінаццаць работ з Індыі, Японіі, Ірана, Венгрыі, Румыніі, зноў жа шматлікія капрадукцыйныя праекты. І адзін — што незвычайна — пазаконкурсны паказ фільмаў кітайскага рэжысёра Ху Бо, які пайшоў з жыцця, — дырэкцыя не магла абмінуць яго ўвагай, але палічыла несумленным уключаць аўтара ў спаборніцтва.

Нарэшце, асноўны конкурс ігравога кіно складаецца з дзесяці карцін з Украіны, Польшчы, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана, В'етнама — краін, на якіх базуецца канцэпцыя «Лістапада».

«Як заўсёды, Асноўны конкурс факусуе сваю ўвагу на краінах посткамуністычнай прасторы. Гэта тэрыторыі, кіно якіх нам, як апошняму савецкаму пакаленню, вельмі добра знаёмае, бо фільмы ў кінапракаце дзяліліся на тры катэгорыі: айчынныя, то-бок кіно саюзных рэспублік, карціны сацыялістычных краін і іншы замежны капіталістычны прадукт. Сёння, наадварот, мы ўсё ведаем пра «капіталістычны» кінематограф: кінатэатры і дамашнія экраны запоўнены фільмамі з ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі. Але што мы ведаем пра нашых, скажам так, былых суседзяў? Што мы ведаем пра саміх сябе? Мы хочам, каб фестывальны тыдзень быў прысвечаны кінематографу гэтых тэрыторый, таму што гэта тэрыторыі таксама нашых праблем і нашых клопатаў», — сказаў Ігар Сукманаў.

Хутка мы даведаемся поўную праграму «Лістапада», убачым, што гэтым разам увайшло ў збор конкурсу беларускага кіно, даведаемся, чым будзе каштоўная сёлетняя Індустрыяльная платформа, нарэшце, якія госці прыедуць у Мінск. Да кінафествалю — нашай галоўнай кінападзеі года — засталося два тыдні.

Поўную праграму конкурсаў дакументальнага і ігравога кіно можна знайсці на сайце lіstapad.com.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.