Вы тут

Методыка падліку вынікаў рэпетыцыйнага тэсціравання зменіцца


Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання, якое праводзіцца ў 2018—2019 гадах, будуць разлічвацца з выкарыстаннем новай методыкі падліку тэставага бала. Як паведамляецца на сайце арганізатараў — Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў — гэта робіцца ў мэтах захавання пераемнасці вынікаў рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэсціравання.


Крыху раней першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава анансавала ў сваім інтэрв'ю БелТА ўвядзенне падчас прыёмнай кампаніі 2019 года новай сістэмы апрацоўкі вынікаў ЦТ. Яна расказала, што сёлета эксперыментальна, паралельна з наяўнай сістэмай апрацоўкі вынікаў ЦТ, апрабавалася і новая методыка. Пры той сістэме падліку балаў, якая дзейнічала з моманту ўвядзення ў нашай краіне цэнтралізаванага тэсціравання, вынік удзельніка залежаў ад таго, як справіліся з канкрэтным заданнем іншыя абітурыенты, і ўсе яны паміж сабой ранжыраваліся. Але ад гэтай сістэмы вырашылі адмовіцца. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што цяпер вынікі пераважнай большасці ўдзельнікаў ЦТ будуць набліжаны да выніковай атэстацыі ў школе і адлюстроўваць іх рэальны ўзровень ведаў. Пасля правядзення сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання ў міністэрстве параўналі вынікі эксперымента і ранейшай сістэмы і прыйшлі да высновы, што ў новай методыкі ёсць свае плюсы. Якія менавіта, разабрацца пакуль досыць складана, хоць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў можна знайсці тлумачэнні да новай сістэмы падліку балаў.

У прыватнасці, там паведамляецца, што падлік вынікаў будзе ажыццяўляцца ў два этапы. Кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца першасны бал, яго абітурыенты будуць ведаць яшчэ да пачатку ЦТ. Ён будзе залежаць ад некалькіх паказчыкаў — узроўню складанасці задання, формы яго прадстаўлення, у якой частцы тэста знаходзіцца заданне (у вобласці А ці В), адкрытае яно ці закрытае.

Напрыклад, у заданнях з выбарам двух і больш правільных адказаў у выпадку, калі дадзены больш чым адзін няправільны адказ, не ўказана больш аднаго правільнага адказу, а таксама дадзены хоць адзін няправільны і адначасова не ўказаны хоць бы адзін правільны адказ, заданне прызнаецца выкананым няправільна (дапушчана больш чым адна памылка).

Затым у працэсе праверкі работ будуць уведзены каэфіцыенты і далей разлічвацца выніковы тэставы бал. Свой рэйтынг абітурыенты змогуць убачыць на сайце РІКВ.

Арганізатары сцвярджаюць, што ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні дазволіць абітурыенту не толькі вызначыць існуючыя прабелы ў ведах па вучэбным прадмеце, але і ацаніць свой бягучы ўзровень падрыхтоўкі ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі.

Трэба дадаць, што методык апрацоўкі вынікаў тэстаў у свеце шмат — ад вельмі простых да вельмі складаных. У нашай краіне імкнуцца знайсці залатую сярэдзіну: каб для ўсіх (і абітурыентаў, і бацькоў, і педагогаў) гэты падыход быў зразумелы, і каб адначасова выконваліся дзве функцыі — ранжыравання і ацэньвання ведаў. Раней бацькам было незразумела, чаму іх дзіця атрымлівае ў школе «васьмёркі» па прадмеце, а на тэсціраванні набірае ўсяго 30 балаў. І ўзнікалі пытанні: або школы завышаюць адзнакі, або тэсты вінаватыя? Ці зменіцца сітуацыя цяпер? Шанцы абітурыентаў 2019 года можна будзе ацаніць па новай методыцы ўжо пасля першага раўнду рэпетыцыйнага тэсціравання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Залатая сярэдзіна, або Новы пункт адліку ў ЦТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.