Вы тут

Адкрылася ўнікальная выстаўка кітайскіх ксілаграфічных карцін


Экспазіцыю народных карцін і лубкоў прадставіў музей рэлігіі з Санкт-Пецярбурга. А сабраў гэту калекцыю на пачатку мінулага стагоддзя заснавальнік савецкай школы кітаістыкі Васіль Аляксееў. Малады вучоны аб'ездзіў значную частку Паўночнага Кітая, адкуль прывёз больш за чатыры тысячы выяў. У канцы 30-х гадоў пецярбургскі музей рэлігіі набыў у Аляксеева каля тысячы карцін для экспазіцыі пра рэлігіі Усходу. У Беларусі выстаўка дэманструецца ўпершыню.


Кажуць, што і для саміх кітайцаў такія карціны — рэдкасць. І не толькі з-за фактару часу, бо ім больш за сто гадоў. Але галоўным чынам таму, што такія лубкі мелі сакральны сэнс і павінны былі быць знішчаны. Кожны год малюнкі аднаўлялі, іх вывешвалі ва ўсіх кутках жытла. Каштавалі яны нядорага і былі даступны ўсім кітайцам, нават вельмі бедным.

Сюжэты выяў звычайна накіраваны на дабрабыт, які даруюць найвышэйшыя сілы. Адзін міфалагічны персанаж дае ўладу, другі — багацце, трэці — даўгалецце, чацвёрты — нашчадкаў і гэтак далей. Некаторыя карціны выглядаюць больш яркімі і прыгожымі. Іх набывалі напярэдадні Новага года, каб стварыць святочны настрой. На іншых былі намаляваны розныя боствы на таннай паперы, і яны прызначаліся да спальвання падчас рэлігійных свят у якасці ахвяравання. Неадукаваны селянін верыў у цуды і лічыў, што толькі найвышэйшыя сілы прыносяць шчасце.

— У аснову выстаўкі пакладзена калекцыя Васіля Аляксеева, які пяць месяцаў вандраваў у складзе экспедыцыі па паўночным Кітаі і пабываў ва ўсіх асноўных цэнтрах вытворчасці кітайскай народнай карціны, — расказала намеснік дырэктара Музея гісторыі рэлігіі Санкт-Пецярбурга Кацярына Церукова. — Вынікам падарожжа стала не толькі калекцыя карцін, але і дзённік. Ён быў апублікаваны ў 1958 годзе пад назвай «Па старым Кітаі». У склад калекцыі ўвайшлі тлумачэнні як саміх карцін, так і надпісаў на іх.

Работнікі музея доўгі час вывучалі архіў, каб суаднесці гэтыя запісы з карцінамі, бо матэрыял быў даволі разрознены. Расшыфраваць сэнс многіх карцін атрымалася зусім нядаўна. Вось, напрыклад, як апісваецца міфалагічны персанаж Чжун Куй. Згодна з паданнем, ён прысніўся імператару, які жыў у 700-х гадах, і праз танец пазбавіў яго ад
дэмана. «Ён малюецца чырвонай фарбай у касцюме чыноўніка ў шапачцы з крыллямі, з жахлівым тварам і ў ваяўнічай позе», — піша Аляксееў. Такія карціны вывешваліся ў першы дзень новага года, каб адагнаць ад жытла злых духаў. Многія надпісы гавораць: «Няхай будзе выгада паўсюдна», «Золата няхай гарой стане», «Даўгалецця, багацця, шляхетнасці». Папулярнымі былі карціны з выявай талісманаў з замовамі. Дарэчы, іх пішуць літаральна на адным дыханні, не адрываючы рукі.

Працэс вытворчасці такіх выяў на той час заставаўся нязменны на працягу стагоддзяў і ўключаў некалькі этапаў — малюнак, гравіраванне на дошках і друк. Напачатку робіцца эскіз. Пасля таго як гаспадар адобрыць яго, мастак пераносіць выяву на спецыяльную тонкую паперу, затым наклейвае на гладкую дошку з арэхавага альбо грушавага дрэва. Па лініях малюнка выразаюць адну выяву для чорна-белага друку альбо некалькі для каляровага. Атрыманы адбітак ідзе на размалёўку прадметаў і адзення. Самыя вопытныя майстры адцяняюць твар — наносяць бялілы і ружовую фарбу. Па сутнасці, увесь працэс — гэта ручная работа. Некаторыя майстэрні былі вядомы яшчэ з ХІІІ стагоддзя.

— Сюжэты лубкоў зразумелыя простаму кітайцу, яны гарманіруюць з яго ўкладам жыцця і выказваюць сыноўнюю пачцівасць, пакланенне продкам. Многія адлюстроўваюць жыццё вялікага вучонага і прапаведніка Канфуцыя, які шмат вандраваў і заклікаў мясцовых правіцеляў пераняць запаветы. Сучасны поспех Кітая ў многім абавязаны канфуцыянству, хоць гэты напрамак і не атрымаў такога разгорнутага культа, як даасізм ці будызм, — адзначае Кацярына Церукова.

Для вучонага Васіля Аляксеева лубкі сталі крыніцай вывучэння кітайскіх народных вераванняў эпохі позняй імперыі Цын (1644—1912). У той час еўрапейскія даследчыкі больш цікавіліся высокай культурай — кітайскім фарфорам, старажытнымі скруткамі. А няньхуа і джымы (так называлі кітайцы танныя выявы) не карысталіся асаблівым попытам, бо прызначаліся для беднякоў, а многія праз пэўны час спальваліся. І зараз па архівах Аляксеева нават кітайцы даследуюць самабытную культуру свайго народа.

Цікава, што, нягледзячы на нізкую цану, адзначаецца высокі ўзровень выканання лубкоў: натуральныя фарбы за 100 гадоў не пабляклі, папера не сапсавалася.

— Канешне, мы стараемся зберагчы гэтыя творы, асабліва ад пападання прамых сонечных промняў: яны захоўваюцца ў спецыяльных памяшканнях з абмежаваным доступам паветра. І хоць экспазіцыя вельмі рэдка вандруе, мы адгукнуліся на прапанову гродзенскіх калег і прывезлі не толькі карціны, але і экспанаты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Гродне нам знайшлі вельмі зручную залу, куды не трапляе сонца, — адзначыла суразмоўніца.

Апошнім часам сувязі з музеямі Расійскай Федэрацыі пашыраюцца. Днямі гродзенскі музей адкрыў у Калінінградзе выстаўку цудоўнай калекцыі бурштыну «Золата Балтыкі». Наперадзе яшчэ некалькі сумесных з расійскімі калегамі праектаў. Па словах дырэктара Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі Рыты Янчалоўскай, экспазіцыя «Па старым Кітаі» значна пашырыць культурнае асяроддзе бязвізавага Гродна і зацікавіць турыстаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.