Вы тут

Што фарміруе асобу маладых беларусаў


Абсалютная большасць (амаль 92 %) навучэнцаў, незалежна ад месца свайго пражывання, даведваюцца пра эканамічныя і палітычныя падзеі ў нашай краіне з інтэрнэту. Значна радзей у якасці крыніцы інфармацыі выступаюць радыё, тэлебачанне і айчынная беларуская прэса. За апошняе дзесяцігоддзе іх значнасць як інфармацыйных рэсурсаў істотна знізілася для навучэнцаў, саступіўшы месца інтэрнэт-тэхналогіям. Пра гэта сведчаць вынікі Рэспубліканскага маніторынгу асобаснага развіцця навучэнцаў, які праводзіўся падчас мінулага навучальнага года Нацыянальным інстытутам адукацыі ў адпаведнасці з міністэрскім загадам. У рамках маніторынгу вывучаліся пытанні фарміравання грамадзянскай культуры навучэнцаў 9-х і 11-х класаў: сфарміраванасць у іх грамадзянскай свядомасці, дасведчанасць у пытаннях культуры і гісторыі сваёй краіны, праяўленні патрыятызму, сацыяльна-палітычная актыўнасць і г. д. Даследаванне ахапіла 1745 навучэнцаў, 1406 бацькоў і 1070 педагогаў. З яго вынікамі можна пазнаёміцца на Нацыянальным адукацыйным партале www.аdu.bу ў раздзеле «Упраўленне маніторынгу якасці адукацыі».


Прырода і спорт

Як паказаў маніторынг, часцей за ўсё школьнікі цікавяцца дасягненнямі беларускіх спартсменаў (59 % рэгулярна і 33 % — зрэдку). Меншую цікавасць у іх выклікаюць дасягненні нацыянальнай культуры і палітычныя падзеі ў краіне. Прыкладна дзясятая частка рэспандэнтаў не надаюць істотнага значэння пытанням эканамічнага развіцця дзяржавы і міжнароднай палітыкі.

Крыху больш за палову апытаных адзначылі сваё добрае веданне гісторыі беларускай дзяржавы, а таксама сваю дасведчанасць адносна грамадска-палітычных падзей у краіне і за мяжой (56 % і 52 % адпаведна). Значна менш навучэнцаў арыентуецца ў пытаннях сучаснай беларускай культуры і нацыянальнай культурнай спадчыны.

Істотны ўплыў на фарміраванне грамадзянскай культуры навучэнцаў аказваюць уяўленні іх бацькоў. Так, па выніках апытання, крыху больш за палову старшакласнікаў лічаць важным веданне нацыянальнай культуры і яе развіцця і толькі каля трэцяй часткі — актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны.

Каля 90 % апытаных лічаць, што галоўная каштоўнасць, якой могуць ганарыцца беларусы, — гэта наша прырода. Далей па ступені значнасці ідуць дасягненні беларускіх спартсменаў (73 % адказаў), нацыянальнае мастацтва і духоўны патэнцыял народа. Радзей у гэтым кантэксце згадваліся высокая якасць айчыннай прадукцыі, дасягненні беларускай навукі і эканамічнае развіццё краіны.

Большасць навучэнцаў лічаць, што яны многім абавязаны сваёй краіне: абсалютна з гэтым згодныя 42 % апытаных, трэць выбралі варыянт адказу «хутчэй так, чым не». Аднак каля 8 % навучэнцаў з гэтым сцвярджэннем не пагадзіліся, а 15 % не змаглі адказаць.

Каля 46 % апытаных паведамілі, што яны адчуваюць асабістую адказнасць за будучыню сваёй краіны, прыкладна столькі ж указалі варыянт адказу «ў некаторай ступені». Каля паловы апытаных (55,5 %) адназначна адказалі, што гатовы абараняць сваю Радзіму ў выпадку пагрозы, і 27,5 % выбралі адказ «хутчэй так».

Для каго мова родная?

Прадметам вывучэння сталі таксама прыярытэты падлеткаў у сферы спажывання, адукацыі і адпачынку. Маніторынг паказаў, што большая частка навучэнцаў арыентаваная на замежную культурную і прамысловую прадукцыю. Каля траціны апытаных адказалі, што яны адназначна аддаюць перавагу замежнай музыцы і кінематографу, і амаль 47 % схіляюцца да такога выбару. У якасці месца для адпачынку і турызму 30 % адназначна выбралі б паездку за мяжу і каля 37 % схіляюцца да гэтага варыянта.

Істотным фактарам фарміравання патрыятычных каштоўнасцяў і адначасова іх непасрэдным пацвярджэннем у паўсядзённым жыцці выступаюць такія практыкі, як дэкаратыўна-прыкладная творчасць, гатаванне страў нацыянальнай кухні, актыўнае выкарыстанне беларускай мовы, нацыянальных элементаў у адзенні, быце і г. д. З усяго вышэйпералічанага найбольш распаўсюджаным элементам беларускай нацыянальнай культуры, якому знаходзіцца месца ў жыцці сучасных старшакласнікаў, з'яўляюцца нацыянальныя стравы: дадзены варыянт адказу адзначылі 71 % апытаных.

Прыкладна чвэрць навучэнцаў адзначылі, што яны выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённых стасунках (у сельскай мясцовасці — 36,4 %), нацыянальныя элементы — у адзенні, інтэр'еры... Пры гэтым лічаць беларускую мову роднай 75,4 % навучэнцаў сельскіх устаноў адукацыі і 57,5 % — гарадскіх. Каля 20 % апытаных указалі, што ў вольны час займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, народнымі рамёствамі, выконваюць народныя песні.

Выхаванне на традыцыях

Важным фактарам фарміравання ў школьнікаў патрыятызму і грамадзянскасці з'яўляюцца сямейныя традыцыі, у прыватнасці святкаванне тых ці іншых знамянальных дат. Новы год і Вялікдзень адзначаюцца практычна ва ўсіх сем'ях. Большасць рэспандэнтаў указалі, што ў іх сем'ях святкуюць Дзень Перамогі, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Адзначаецца таксама Радуніца. Каля паловы апытаных паведамілі, што яны адзначаюць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і свята Івана Купалы.

На пытанне аб тым, што яны асабіста робяць, каб выхаваць у свайго дзіцяці грамадзянскасць і патрыятызм, большасць апытаных бацькоў адказалі, што навучаюць беражліваму стаўленню да навакольнага асяроддзя (71,3 %). Прыкладна столькі ж расказваюць сваім дзецям пра гісторыю сям'і, яе радаслоўную. Каля 60 % указалі, што яны вучаць нераўнадушнаму стаўленню да патрэб іншых людзей. Многія бацькі здзяйсняюць са сваімі дзецьмі экскурсіі па культурна-гістарычных мясцінах Беларусі, глядзяць разам фільмы патрыятычнага зместу, акцэнтуюць увагу на тым, чым могуць ганарыцца беларусы, захоўваюць нацыянальныя традыцыі (40—46 % бацькоў). Крыху менш тых, хто рэкамендуе сваім дзецям для чытання літаратурныя творы па гісторыі Беларусі, пра нацыянальных герояў Вялікай Айчыннай вайны, наведваюць разам з дзіцем выстаўкі, спектаклі, канцэрты, якія фарміруюць патрыятычныя пачуцці, прывіваюць любоў да нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры, мастацтва (23—31 %).

Праца і годны заробак

Па звестках даследавання, 56 % навучэнцаў цалкам згодныя са сцвярджэннем, што праца з'яўляецца для чалавека спосабам самарэалізацыі. Большасць апытаных схільны пагадзіцца з тым, што атрымаць не заробленыя сваёй працай грошы — зневажальна (44 % адказалі «так, згодны» і 25 % — «хутчэй так, чым не». Пры гэтым далёка не ўсе ўпэўненыя ў тым, што праца заўсёды павінна быць на першым месцы. А многія лічаць, што не варта прымушаць людзей працаваць, калі яны гэтага не хочуць.

Каля 40 % навучэнцаў лічаць, што ўсе праблемы, якія датычацца жыцця людзей у грамадстве, павінна вырашаць дзяржава, а амаль 15 % у гэтым абсалютна ўпэўненыя.

Трэцяя частка апытаных указалі, што стаўленне да краіны, у якой яны жывуць, вызначаюць у першую чаргу перспектывы ўладкавання свайго жыцця і эканамічнага развіцця. А 13 % старшакласнікаў у якасці такога фактару ўказалі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту сваёй сям'і. Аднак для большасці апытаных (ва ўсялякім разе на дэкларатыўным узроўні) вызначальнымі з'яўляюцца прывязанасць да родных мясцін, блізкіх людзей, культура, менталітэт народа, а таксама любоў да радзімы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Рэсурсы ўплыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?