Вы тут

Індустрыя. Чарговая загрузка


Вучыцца, вучыцца, вучыцца... працаваць у кінематографе

Актуальныя пытанні кінавытворчасці, прасоўвання нацыянальнага кіно ў Беларусі і за яе межамі будуць абмяркоўваць у межах XXV Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», да якога застаецца меней за месяц. Прадстаўнікі беларускай і міжнароднай кінаіндустрый сустрэнуцца, каб абмяняцца досведам і абмеркаваць падыходы да арганізацыі кінапрацэсу ў сучасных умовах. Гэтым разам галоўнай пляцоўкай мерапрыемстваў Індустрыяльнай платформы Bel:Cinema, што скіраваная на будучыню айчыннага кінематографа, стане кінастудыя «Беларусьфільм».


«Мы хочам даць зразумець, што кінастудыя адкрытая да супрацоўніцтва і падрыхтаваная да самых нечаканых яго формаў. Яна наладжвае кантакты і шукае партнёраў і сяброў. Тут вялікая гісторыя і магчымасці, а сама кінастудыя можа стаць месцам для рэалізацыі творчых ідэй», — адзначае дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі.

Сёлета для індустрыяльнай панэлі абралі некалькі значных тэм, асэнсаванне якіх дапаможа ў клопаце пра айчыннае кіно.

1. Беларуская кінадыстрыбуцыя

Тое, што найбольш хвалюе нас. Але і тое, дзе можна знайсці агульныя кропкі паразумення з прадстаўнікамі іншых краін, якія таксама шукалі шляхі прасоўвання свайго нацыянальнага кінапрадукту. Разам з прадзюсарскім Цэнтрам сучаснай культуры «Чарапаха, што бяжыць» удзельнікі сустрэчы паразмаўляюць пра магчымасці кінадыстрыбуцыі. Незалежныя эксперты з-за мяжы раскажуць пра свой досвед у гэтай справе. Дыялог прыватнага і дзяржаўнага, айчыннага і замежнага кіно на тэму капрадукцыі беларускіх кінакампаній з міжнароднымі — дзе ж яго наогул весці, калі не на пляцоўцы кінастудыі «Беларусьфільм», якая на сёння застаецца тым цэнтрам, пра які можна сказаць: беларускае кіно тут.

2. Дакументалістыка: развіццё

Від кіно, якім Беларусь можа ганарыцца. І робіць гэта: трэці раз у рамках супрацоўніцтва B2B Doc і ММКФ «Лістапад» дакументалісты з краін ад Балтыйскага да Чорнага мора сустрэнуцца ў Мінску на трэнінгу «Story development workshop».

3. Айчынная анімацыя

Адзін з брэндавых для нас кірункаў у кіно, які развіваецца плённа і дазваляе айчынным прафесіяналам быць запатрабаванымі ў іншых краінах. Але сапраўдныя прафесіяналы — гэта людзі, якія не губляюць магчымасцяў для самаўдасканалення і цікавяцца тым, што робіцца навокал. Чацвёртая платформа Bel:Cinema дазволіць кінематаграфістам узяць удзел у майстар-класе дырэктара анімацыйнага фестывалю Tindirindis Валентаса Аскініса і майстар-класе сцэнарыста і прафесара Чыкагскага ўніверсітэта Рональда Фальзонэ.

4. Менеджмент у кіно

Не менш важная тэма наогул. І для артыстаў — у прыватнасці. Індустрыяльная панэль фестывалю «Лістапад» працягвае супрацоўніцтва з беларускай актрысай Алесяй Грыбок: сёлета пройдзе прэзентацыя другога выдання яе кнігі «Менеджмент і прасоўванне кінаакцёра».

5. Праекты для віртуальнай рэальнасці

У працяг мінулагодняй ініцыятывы «Дзень віртуальнай рэальнасці» сумесна са студыяй імерсіўных рашэнняў Feeling Digital будзе арганізаваная «VR-лабараторыя мастацкіх праектаў». Яе задачы — пазнаёміць з магчымасцямі стварэння гісторый у віртуальнай рэальнасці і падказаць, калі іх выкарыстанне дарэчнае і эфектыўнае. За тры дні работы каманды ўдзельнікаў прадставяць прататыпы — спробы стварэння паўнавартаснага праекта для віртуальнай рэальнасці. Але ўдзел у гэтай праграме патрабуе рэгістрацыі: падаць заяўкі можна да 20 кастрычніка.

6. Ідэі фільмаў: пітчынг

Адной з найбольш важных падзей праграмы стане штогадовы пітчынг праектаў. Рэжысёры і прадзюсары, якія прайшлі адбор для ўдзелу, прадставяць свае ідэі экспертам. Спецыялісты міжнароднага рынку кіно, прадстаўнікі фестываляў і індустрый Еўропы абмяркуюць работы ўдзельнікаў і дадуць практычныя рэкамендацыі. Тыя, хто прадставяць ідэі сваіх фільмаў, змогуць пазмагацца за партнёрскія прызы і фестывальныя акрэдытацыі (гэта, між іншым, таксама значная выгода). Але для ўдзелу ў гэтай праграме таксама патрэбная заяўка, якую можна запоўніць на сайце фестывалю.

7. Выбудоўванне стасункаў

Bel:Cinema з’яўляецца крыніцай ідэй і спрыяе фарміраванню нацыянальнага рынку кіно і выбудоўванню сувязяў з іншымі работнікамі гэтай сферы. Разнастайнасць формаў і зместу мерапрыемстваў індустрыяльнай платформы дазваляе пабудаваць найбольш прадуктыўнае супрацоўніцтва паміж прафесіяналамі сферы кінамастацтва. Партнёрамі Індустрыяльнай платформы Bel:Cinema выступаюць кампанія Feeling Digital, краўдфандынгавая пляцоўка «Вулей» і мінскі Планетарый.

Заснавальнікі ММКФ «Лістапад» — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар «Лістапада» — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

«Калі стваралася індустрыяльная платформа, у нас была творчая задача зрабіць яе месцам сустрэчы беларускіх і міжнародных прафесіяналаў са свету кіно. У гэтым годзе мара зноў стане рэальнасцю: мы назіраем жывую цікавасць да прадукцыйнай камунікацыі і жаданне выбудаваць працоўны дыялог як з боку прыватных беларускіх прадзюсараў і кінастудыі «Беларусьфільм», так і з боку міжнародных кінаэкспертаў, — адзначае каардынатар індустрыяльнай платформы кінафестывалю Лізавета Бобрыкава. — Індустрыя застаецца вернай абраным кірункам: адукацыя, наладжванне стасункаў паміж беларускімі і міжнароднымі кінематаграфістамі і прасоўванне беларускага кіно».

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?