Вы тут

У Гомелі завершана расследаванне забойства таксіста, здзейсненага ў 1984 г.


Як паведамілі ў Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, у Гомелі завершана расследаванне забойства таксіста, здзейсненага ў 1984 годзе.


34 гады таму, у ноч з 26 на 27 лютага на вуліцы Ільіча горада Гомеля двое мужчын селі ў таксі і па дарозе напалі на кіроўцу. Зламыснікі сціснулі яму шыю, пасля чаго нанеслі некалькі ўдараў тупымі прадметамі і шылам па розных частках цела. Пасля таго як аўтамабіль спыніўся, кіроўцу выцягнулі на вуліцу і збівалі далей. Затым бандыты перанеслі яго на бераг возера і пакінулі там ляжаць на марозе. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў кіроўца таксі памёр.

Зламыснікі выкралі з аўтамабіля выручку, а таксама партманет, наручны гадзіннік, ключ ад кватэры, пасведчанне кіроўцы і іншыя рэчы пацярпелага.

Раскрыць тады злачынства «па гарачых слядах» праваахоўнікам не ўдалося. Але ў той жа час былі зафіксаваныя сляды далоняў аднаго з іх. Праз гады з упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці ва УУС Гомельскага аблвыканкама паступіла інфармацыя аб супадзенні гэтых слядоў з адбіткамі далоняў мужчыны, арыштаванага за рабаванне.

Расследаванне забойства таксіста было адноўлена. Пачалася карпатлівая праца па зборы доказаў віны названай асобы і высвятленні асобы яго саўдзельніка. Былі паўторна дапытаны ўсе сведкі, праведзены следчыя эксперыменты і вочная стаўка, правераны паказанні на месцы здарэння з удзелам падазраванага з ужываннем відэагуказапісу. Па пастановах, вынесеных следчым, супрацоўнікамі УДКСЭ па Гомельскай вобласці праведзены шэраг экспертыз, у тым ліку дадатковыя судова-медыцынскія, дактыласкапічныя і медыка-крыміналістычныя экспертызы.

На падставе аналізу ўсіх сабраных па справе доказаў следства прыйшло да высновы аб дачыненні жыхара Рэчыцкага раёна да забойства таксіста. Яго дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 89 (разбой, здзейснены па папярэдняй змове групай асоб, з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў), п. п. «а», «е» арт. 100 (забойства з карыслівасці, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі 1960 года).

Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіравана для разгляду ў суд.

Правядзенне следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне саўдзельніка злачынства, працягваецца.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Без тэрміну даўнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.