Вы тут

На пасяджэнні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі 10 пытанняў


На чарговым пасяджэнні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзелі дзесяць пытанняў. У гэты спіс увайшлі змяненні законаў, якія датычацца пагранічнай бяспекі, трансплантацыі органаў і асабліва ахоўных тэрыторый.


Змяненні ў закон «Аб транспланталогіі органаў і тканак чалавека» пракаментаваў Алег РУМО, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. «За апошні час мы сталі заўважаць, што колькасць трансплантацый ад жывых родных донараў у нашай краіне стала паступова памяншацца. Гэта абумоўлена цэлым шэрагам прычын, галоўнай з якіх з'яўляецца спецыфіка нашага грамадства. Беларускія сем'і, на жаль, малаколькасныя. І таму знайсці абсалютна здаровых людзей у гэтых невялікіх сем'ях, якія гатовы ахвяраваць органы сваім родным, даволі цяжка. У гэтай сувязі мы прапаноўваем два новаўвядзенні, якія дазволяць, з нашага пункту гледжання, істотна пашырыць гэты спектр жывых бязвыплатных родных донараў, не згубіўшы пры гэтым якасць выканання аперацыйных умяшанняў», — адзначае ён. Цяпер кола жывых родных донараў пашырана: імі могуць стаць асобы, якія маюць агульных продкаў да прадзеда і прабабкі. «Другое найважнейшае змяненне датычыцца нашага міжнароднага супрацоўніцтва. Беларуская транспланталогія — гэта на сёння своеасаблівы брэнд нашай краіны, — лічыць сенатар. — У гэтай сувязі вялікая колькасць нашых заходніх партнёраў і нашых сяброў у Расійскай Федэрацыі гатовы супрацоўнічаць на ўзаемавыгаднай бязвыплатнай аснове ў абмене донарскімі органамі, у паляпшэнні якасці аказання транспланталагічнай дапамогі як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Для гэтага неабходна мець вельмі празрыстую зразумелую заканадаўчую базу, якая паставіць гэты працэс у рамкі і дазволіць нам працаваць перш за ўсё для таго, каб нашым беларускім грамадзянам павялічыць колькасць аперацый і палепшыць якасць трансплантацый, якія выконваюцца».

У закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» прапаноўваліся наступныя змяненні. Па-першае, гэта павелічэнне ўзросту донараў. Так, калі жанчына не можа самастойна вынасіць і нарадзіць дзіця, яе маці або сястра да 49 гадоў можа стаць донарам яйцаклетак або сурагатнай маці. У мужчын — донараў палавых клетак — павысілі верхнюю ўзроставую мяжу з 40 гадоў да 50.

Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, каментуе: «На сёння Рэспубліка Беларусь мае каля 14 % бясплодных пар. Гэта даволі высокі паказчык. Ён яшчэ не крытычны. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычным паказчыкам па бясплоддзі з'яўляецца 16 % і больш. Улічваючы, што медыцына развіваецца, ёсць розныя віды тэхналогій, якія дазваляюць зрабіць пары шчаслівымі, а жанчыну зрабіць матуляй, то кожны год у Беларусі ўсё больш і больш дзяцей нараджаюцца шляхам экстракарпаральнага апладнення. І гэты працэс нельга тармазіць, яго трэба развіваць».

На гэтым пасяджэнні разглядаўся і адзін законапраект, які быў унесены непасрэдна дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Ён датычыцца асабліва ахоўных тэрыторый. Дакумент напоўнены нормамі прамога дзеяння і ўніверсальнымі механізмамі, звязанымі з работай з асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі. Таксама ён накіраваны на дасягненне Мэты ўстойлівага развіцця № 15 «Захаванне экасістэм сушы».

Анатоль ЛАПО, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, расказаў пра эксперымент у прапускным пункце Казловічы, дзе праязджае грузавы транспарт. Там мытныя органы на працягу трох месяцаў выконвалі функцыі і пагранічнага кантролю. Вынікі станоўчыя, у тым ліку скараціўся час праходжання афармлення. Плануецца, што з лютага 2019-га частка функцый пагранічнага кантролю будзе перададзена мытным органам у пункце пропуску. Таксама законапраект пашырае пералік дакументаў, з якімі грамадзяне маюць права знаходзіцца ў пагранічнай зоне (зараз толькі з пашпартам).

Таксама Анатоль Лапо пракаментаваў для журналістаў сітуацыю на ўкраінскай граніцы: «За гэты год толькі нашы ўкраінскія калегі-пагранічнікі на беларуска-ўкраінскай граніцы затрымалі каля 100 адзінак зброі, каля 12 тысяч боепрыпасаў і некалькі дзясяткаў гранат. Мы, беларускія пагранічнікі, затрымалі за гэты перыяд каля 80 адзінак зброі і каля 1200 боепрыпасаў. Мы адзначаем, што такая праблема ёсць, і яна не можа не хваляваць як кіраўніка дзяржавы, так і пагранічнікаў. І мы, пагранічнікі абедзвюх краін, зробім усё, каб гэтыя патокі спыніць. Мы працуем у звязцы».

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Новае ў заканадаўстве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».