Вы тут

Натхнёныя Дзвіной мастакі прывезлі ў Полацк святло


З даўніх часоў рэкі злучалі гарады. Так і рака Заходняя Дзвіна аб’яднала 6 беларускіх мастакоў — Аляксея Краўчанку, Аляксандра Канавалава, Васіля Касцючэнку, Мацвея Басава і Мікалая Бушчыка, для якіх характэрная тэма святла, паветра, рэк і караблёў. Пра гэта сведчыць выставачны праект Рыгора Іванова «Па рацэ святла», які працуе ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


Гэтая выстаўка асабліва важная для мастака Рыгора Іванова. Яна прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Казіміра Малевіча і 115-годдзю з дня нараджэння Марка Роткі, які нарадзіўся ў Дзвінску, што таксама стаіць на Дзвіне. Рака злучае гарады і мастакоў: хтосьці тут нарадзіўся, хтосьці жыве, працуе, хтосьці вучыўся, а ў кагосьці карціны вельмі блізкія да тэмы выстаўкі. Калі ў візуальным плане ёсць вобраз ракі, то ў духоўным яна становіцца сімвалам патоку святла, які льецца з тых самых часоў, калі на зямлі з’явілася жыццё.

— Я заўсёды звязаны з Дзвіной і веру, што яна можа сапраўды натхняць на цуды, — расказвае аўтар праекта беларускі мастак Рыгор Іваноў. — Від Дзвіны з берага каля Сафійскага сабора ўразіў. Гэта жывая прастора, заключаная ў гарызанталі берагоў. Адзін з вобразаў, якія паўплывалі на ўзнікненне майго аўтарскага кірунку, — святлізм. Заходняя Дзвіна, як паўнаводная светлавая артэрыя, злучае гарады і краіны, яна велічна і тонка ўваходзіць у адкрытае мора, яднаючы народы з усім светам.

Рыхтуючы праект, мастакі вельмі хацелі, каб выстаўка адбылася менавіта ў Полацку: гэты горад адметны як гістарычная сталіца беларускай культуры. Горад-музей, горад з дзіўнай духоўнай аўрай, ён неадольна прыцягвае тых, хто дыхае мастацтвам.

— Рака Дзвіна паўплывала на кожнага, увабрала ў сябе ўсё: фізічны свет, які адлюстроўваецца ад месяца або сонца, духоўны свет, які вышэйшы за фізічны, — расказвае мастак Аляксандр Канавалаў. — Сонечнае святло нясе цяпло, напаўняе навакольны свет, які мы ўспрымаем як рэчавы і радуемся яму. І падобна гэтаму нас напаўняе радасцю духоўнае азарэнне, унутранае, якое павінна быць у кожным мастаку, бо ніякі фізічны свет сам па сабе не дапаможа стварыць сапраўдны твор мастацтва. Таму я выставіў невялікія работы, эцюды: і рэалістычныя, і аддаленыя ад рэчаіснасці.

— Пад назвай «Маленькія вокны ў вялікі свет» — той свет, які мы часам не можам пакратаць рукамі, а толькі ўбачыць і адчуць.

Праз выстаўку творцы жадаюць прыцягнуць увагу жыхароў Полацка да іх прыгожай радзімы. Магчыма, святло, якім праменяцца палотны мастакоў, для кагосьці стане абуджэннем альбо своеасаблівым штуршком да дзеяння. Рыгор Іваноў час ад часу прыязджае ў Полацк і запрашае ўсіх на экскурсію па сваёй рацэ святла.

— Святло было заўсёды, як і колер, — расказвае творца. — У пачатку мінулага стагоддзя Малевіч стаў вывучаць колер, уздзеянне яго на чалавека, і з’явілася колеразнаўства, дызайн. Колер выбіраюць у залежнасці ад таго, які ён аказвае ўплыў на псіхіку. Да з’явы святла звяртаюцца многія беларускія мастакі. Я толькі пазначыў гэтае імкненне асобным словам. Калі пачуццё колеру — гэта нешта зямное, то пачуццё святла — нябеснае. У ім злучаецца і зямное, і духоўнае, як у чалавеку.

Вікторыя АСКЕРА 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.