Вы тут

Праграма, прынятая на V Усебеларускім народным сходзе, мусіць быць выканана


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм'ер—міністра Беларусі Сяргея Румаса.


У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт прапановы прэм'ер-міністра па праграме дзейнасці ўрада на 2019-2020 гады. "Я так паглядзеў гэтыя ўсе матэрыялы і разумею, што праграма, прынятая на Усебеларускім народным сходзе, непахісная і яна павінна быць выканана, — падкрэсліў ён. — У адваротным выпадку, з чым мы прыйдзем да народа? У рамках і параметрах гэтай праграмы — калі ласка, любыя мерапрыемствы ўрада я толькі буду вітаць. Галоўнае, каб быў вынік".

Прэзідэнт дадаў, што ўсе мерапрыемствы былі вывераныя. "Мы людзі вопытныя, нам ужо эксперыментаваць няма чаго, наўрад ці знойдуцца пытанні для нейкіх эксперыментаў. Нават прапановы, якія зыходзілі ад старога ўрада, і вы іх падтрымліваеце у новым ўрадзе, па стварэнні на шэрагу прадпрыемстваў наглядальных саветаў — ніякіх пярэчанняў не будзе, але будзе вельмі сур'ёзны кантроль і за дзейнасцю ўрада па рэалізацыі гэтых прапаноў, і асабліва кантроль за тымі старшынямі назіральнага савета, якія будуць прызначаны на гэтыя пасады", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цэнтральны пасыл Прэзідэнта наступны: можна праводзіць любыя мерапрыемствы, аднак неабходна выканаць асноўную праграму — абяцанні народу.

Што датычыцца сацыяльных пытанняў, то тут кіраўнік дзяржавы спыніўся на двух момантах — заработная плата і пенсіі. Ён заявіў, што ўрад палічыў, што "сёлета рэальныя пенсіі мы павысім дзесьці на 8—9 %". Такое становішча спраў беларускі лідар назваў нядрэнным, пры гэтым дадаўшы, што трэба рухацца і далей у будучым годзе. "Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата ўжо пераваліць праз тысячу рублёў за кошт таго, што мы падымем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва", — сказаў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, і па гэтых пытаннях рашэнні прынятыя, яны таксама знаходзяцца на кантролі. "І ўрад хай павольна, але ў гэтым кірунку рухаецца. Усе людзі павінны разумець, што грошы павінны быць зароблены", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт закрануў яшчэ два пытанні — імпартазамяшчэнне і пасярэдніцтва.

"Я вось гляджу, як некаторыя нашы службовыя асобы целяпаюцца, у тым ліку ў Оршы, іншых гарадах — ах, што мы размесцім на свабодных плошчах? Імпартазамяшчэнне, Сяргей Мікалаевіч, трэба размяшчаць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У прыклад беларускі лідар прывёў вытворчасць легкавых аўтамабіляў — пакуль колькасць дэталяў айчыннай вытворчасці там не перавышае 50 %, а трэба, каб усе выраблялася ў Беларусі. Прэзідэнт прапанаваў рабіць самастойна тыя ж сядзенні, а з цягам часу — рухавікі і трансмісіі. Несумненна, для гэтага неабходны тэхналогіі, аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтага ў свеце хапае — іх трэба браць, купляць адпаведнае абсталяванне і вырабляць па імпартазамяшчэнні ўсё, што неабходна – "ад зубачыстак да рухавікоў".

"Таму імпартазамяшчэнне — гэта вельмі важнае пытанне, нічога не трэба прыдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектуючыя для нашых хай нават гігантаў — МТЗ, МАЗ, БелАЗ і гэтак далей. Мора работы", — канстатаваў ён.

Што тычыцца пасярэдніцтва, то па гэтай тэме кіраўнік дзяржавы расказаў, што вывучыў карупцыйныя схемы, за што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым і ў турму. "І, перш за ўсё, наш брат — чыноўнікі. І ўсе павязаныя пасярэдніцкімі схемамі. І што дзівіць: у нас пасярэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляюць і праз пасярэдніка, мінскія прадпрыемствы, купляюць, — дадаў ён. — Розныя бываюць там выпадкі і іншае, але гэта ўжо не тыя моманты, калі, ведаеце, у кагосьці грошы былі, у нейкага прыватніка, а наш спажывец не мог узяць у банку грошы. І вось ён ішоў да яго, той і працэнт меншы мог даць, і на гэтым былі завязаныя пасярэдніцкія структуры. Але ж пасярэднікі сёння ў вас, у банках бяруць грошы, ідуць, купляюць прадукцыю на нейкім прадпрыемстве і перапрадаюць тут жа ў нашых прадпрыемстваў. Але гэта абсурд поўны, ды і трэба паглядзець пасярэднікаў па імпарце".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: ён не хоча выдаваць нейкія нярыначныя рэкамендацыі, але пасярэдніцтва стала праблемай. Камітэту дзяржаўнага кантролю было даручана заняцца гэтай праблемай, але пакуль руху няма, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў прэм'ер—міністру ўзяць на кантроль і ўнесці прапановы да канца года па пытаннях імпартазамяшчэння і пасярэдніцтва.

Дарэчы, некалькі слоў беларускі лідар сказаў і аб айчынным футболе:

"Калі мы не можам з Люксембургам і Малдовай гуляць, хоць я не хачу прынізіць Малдову — малайцы, хлопцы, выйшлі, зубы сціснулі і гулялі як мае быць. Ну, а нашы — як заўсёды. Таму вось наша ідэалогія. Вельмі шкада. Нешта нам трэба рабіць і з футболам, бо вось гэты добры ўсплёск, які адбыўся, ён заўтра згасне, і вы будзеце на ўзроўні гэтых дынамаўскіх хакеістаў гуляць. Але гэта асобная тэма, мы яшчэ да спорту вернемся".

У адказ Сяргей Румас адзначыў, што ўрад скончыў падрыхтоўку праграмнай дзейнасці ўрада. Ён дадаў, што яна, натуральна, будавалася на аснове безумоўнага выканання праграмы сацыяльна—эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады. Акрамя таго, у абноўленай праграме ўлічылі даручэнні, якія прагучалі ў ходзе паслання кіраўніка дзяржавы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?