Вы тут

Небасхіл у сэрцы


Што ёсць любоў? За што мы любім чалавека, родныя мясціны, урэшце, Айчыну? І ўвогуле ці можна прэпараваць самае светлае пачуццё, разбіваючы яго на складнікі?

Любоўю сваёй ахінаю,

Жыві! Не знікай! — заклінаю,

Бо стану і я нелюдзімы

Без любай, чароўнай радзімы.

На высокай ноце гучыць прызнанне Міхася Пазнякова ў адным з твораў, што ўвайшоў у зборнік, складзены са 100 вершаў пра малую радзіму «Зямля бацькоў, святая...» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2018). Ілюстравана выданне маляўнічымі беларускімі краявідамі з палотнаў Аркадзя Астаповіча, Апалінара Гараўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Вячаслава Кубарава, Пятра Аляксеевіча Данеліі, Барыса Аракчэева, Меера Аксельрода і Леаніда Шчамялёва.

...У кожнага з нас ёсць мясціна, дзе мы спазнавалі свет, спачатку невялічкі: вёска, мястэчка, маленькі ці вялікі горад. І куды б ні закінуў лёс, чалавек заўжды імкнецца на радзіму — калі не назаўсёды, дык пагасцяваць. Альбо хаця б вяртаецца ў думках. Стварае ў душы «прытулак», дзе ёсць вуліца, знаёмая з маленства, родныя веснічкі, панадворак, ліпа ў палісадзе, яблыня ля акна... І «хаваецца» там ад усіх жыццёвых нягод, набіраецца сіл, ачуньвае для новых выпрабаванняў. Гэта называецца настальгія. Загадкавае пачуццё.

У выніку шматгадовых даследаванняў навукоўцы прыйшлі да высновы, што настальгія абумоўлена біяхімічнымі працэсамі. На ўзроўні падсвядомасці чалавек помніць смак вады, якую ён піў у дзяцінстве. Таму яго і цягне туды, дзе ён нарадзіўся... А ўяўленне выбудоўвае ўсё зусім па-іншаму...

Але калі ёсць біяхімія фізіялогіі, то ёсць і біяхімія душы, толькі замест хімічных рэчываў яе складнікі — не матэрыяльныя, а больш тонкія субстанцыі... Ці не пра гэта радкі Караткевіча:

Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы,

Нельга ні уджаліць, ні забіць.

Аўтары, чые вершы ўключаны ў зборнік, геаграфічна ахопліваюць усю Беларусь: Палессе (Максім Танк, Яўгенія Янішчыц, Міхась Башлакоў), Браслаўшчына (Пятрусь Броўка), Орша (Уладзімір Караткевіч), Вушаччына (Рыгор Барадулін), Тураўшчына (Янка Сіпакоў), Нёманшчына (Мікола Маляўка), Полаччына (Навум Гальпяровіч), Заброддзе (Міхась Пазнякоў), вёска Бабчын, што засталася ў зоне радыеактыўнага забруджання (Мікола Мятліцкі), Астравеччына (Станіслаў Валодзька), Зэльва (Уладзімір Мазго), Бадзені (Мікола Шабовіч), Пугачы (Віктар Шніп), Заслаўе (Дзмітрый Пятровіч), Лунінец (Аксана Спрынчан). Пранізліва і шчыра, часам з адчуваннем трагізму і горычы, часам поўныя захаплення і маладой радасці жыцця гучаць сведчанні любові да роднай зямлі. Яны ўніверсальныя, то бок адрасаваныя і нейкай канкрэтнай мясціне, і ўсёй Бацькаўшчыне.

О родны кут любові і журбы!

Я без яго

 У свеце заблудзіўся.

Вярнуўся — нібы зноўку нарадзіўся,

Успомніў, як даўно я тут не быў

І ўжо на ўсё астатняе забыўся.

Лірычны герой Алеся Бадака, самотны, стомлены жыццёвымі выпрабаваннямі, ехаў на «край свету», а прыехаў... дадому. Можа быць, мелі рацыю філосафы, якія ўяўлялі жыццё ў выглядзе спіралі: чалавеку наканавана ўвесь час вяртацца туды, дзе ён быў шчаслівы? І на кожным з віткоў-вяртанняў асоба нібы абнуляецца, абнаўляючыся, напаўняецца новай энергіяй для штодзённага існавання, вырашэння надзённых праблем? І тады ёсць сілы, каб ісці далей...

Але любіць — гэта ў першую чаргу не браць, а аддаваць. Быць адказным. Таму вельмі часта не эйфарыя, а, наадварот, горкі роздум, сумненні ўладараць у душы, поўняць светаадчуванне... На жаль, ужо не ўсе вёсачкі ззяюць чысцінёй і дабрабытам — адыходзяць гаспадары...

Імкне да лесу, горбіцца гара,

Засохлі без пары старыя дзічкі.

Я толькі сын таго гаспадара,

Які згубіў яго і спрыт, і звычкі.

 

Я сын яго, а можа, толькі сум,

Што праз мяне глядзіць яго вачыма.

Я разам і цяжар яго нясу

У сэрцы,

У вачах

І за плячыма.

 

...Я ведаю, працяжнік — гэта я.

А хто далей мой сумны воз пацягне?

З’ехаўшы ў сталіцу, лірычны герой Казіміра Камейшы не знаходзіць раўнавагі. Не супакойвае той факт, што падобныя працэсы цяпер адбываюцца па ўсім свеце: людзі пакідаюць вёскі і шукаюць шчасця ў гарадах. А вёскі занепадаюць, бо не хапае маладых рук, здатных працаваць, даглядаць, парадкаваць...

Ёсць і іншыя прыклады. Калі не знаходзілі свайго месца ў жыцці і канкрэтна ў вясковым укладзе тыя нямногія, якія шукалі і вярталіся з вышэйшай адукацыяй. Незайздросныя лёсы Васіля Гадулькі ды шматлікіх іншых правінцыйных творцаў. Як трапна прыкмячае Віктар Гардзей:

Думаюць падчас пра лёс планеты,

А часцей — пра поле за сялом,

Дзе яны, мясцовыя паэты,

Пішуць вершы плугам і пяром.

Бачаць радасць, смутак заўважаюць,

Чуюць, як трашчаць мацерыкі,

І на чысты ліст пасля сцякаюць

Іх кастурбаватыя радкі.

Боль чужы адчуюць праз імгненне,

Смех дзіцячы ўціснуць у санет.

Паляць сэрцы на кастры натхнення

Без надзей на ўвагу літгазет.

Але ж надзея ёсць. 2018-ы ў нашай краіне — Год малой радзімы. Вялікі лёс складаецца з малых лёсаў гарадоў, мястэчак, вёсак. Зборнік вершаў пра любоў да малой радзімы пад прыгожай назвай «Зямля бацькоў, святая...» натхняе задумацца над тым, якой будзе наша зямля заўтра. Бо любоў — не толькі замілаванне, зачараванне прыгожым і прыемным, але і адказнасць за гэта.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».