Вы тут

Лірнік вясковы


Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, —

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,

Не забыўся ты, лірнік вясковы...


Гэтыя радкі Янка Купала прысвяціў Уладзіславу Сыракомлю. Пясняр называў Сыракомлю першым у спісе паэтаў, якія аказалі на яго найбольшы ўплыў.

Пра жыццё і творчасць паэта расказвае экспазіцыя літаратурнага музея ў Смольгаўскай школе Любанскага раёна. У школьным двары ўстаноўлены памятны камень, а на сцяне будынка — памятная дошка: «У в. Смольгаў нарадзіўся беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) 29.09.1823 — 15.09.1862».

Псеўданім Сыракомля паэт узяў у знак павагі да радавога герба сямейства Кандратовічаў. Такі герб, выразаны на дрэве мясцовымі ўмельцамі, і мноства іншых экспанатаў — архіўных здымкаў, друкаваных выданняў, копій рэдкіх дакументаў — прадстаўленыя ў экспазіцыі музея земляка, паэта-патрыёта, краязнаўца, перакладчыка, майстра баладна-гутарковай формы.

У жанры «народная гутарка» (так пазначыў сам аўтар) напісаны яго вядомы твор «Паштальён». У розных краінах гэты запісаны паэтам расказ ведаюць як папулярную рускамоўную песню «Когда я на почте служил ямщиком».

Працы Сыракомлі перакладалі ў розныя часы мінулых стагоддзяў, у яго гонар названыя вуліцы ў Мінску, Навагрудку, Нясвіжы, Стоўбцах, Вільнюсе, Варшаве.

Вельмі актуальным зваротам для ўсіх пакаленняў на ўсе часы гучыць сёння напісанае Уладзіславам Сыракомлем у 1857 годзе: «Ганебны сорам не ведаць усёй зямлі, на якой мы жывём, або яшчэ горш, ведаць лепш чужыя краіны, чым сваю».

Гэтымі днямі на малой радзіме паэта і ў Любані праводзіўся круглы стол «Малая радзіма Уладзіслава Сыракомлі: 195-годдзе з дня нараджэння», арганізаваны ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Здымкі зробленыя ў вёсцы Смольгава. На фота — некаторыя экспанаты ўнікальнага школьнага музея, яго інтэр'ер. Адзін са здымкаў знаёміць з Палінай Немальцавай — вучаніцай Любанскай школы № 3. Дзяўчына прадстаўляе распрацаваны даследчы праект «Малая радзіма «Лірніка вясковага»». Гэты праект — вынік вывучэння літаграфій Напалеона Орды, матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, перапіскі з нашчадкамі паэта.

Яўген Пясецкі, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».