Вы тут

З паданняў і легендаў Мірскага замка


Шмат на свеце існуе розных легендаў і паданняў — шмат іх і ў Мірскім замку. І напэўна, кожны замак мае сваю здань, якая надае яму своеасаблівы каларыт і таямнічасць. З даўніх часоў вядома, што легенды і паданні заснаваны часцей за ўсё на сапраўдных жыццёвых падзеях, дзесьці вясёлых і радасных, а дзесьці трагічных і таямнічых. А ці верыце вы, паважаныя чытачы, што здані пакідаюць пасля сябе след на зямлі?..


Перад вамі — ліст простай сялянскай дзяўчыны з ХVІ стагоддзя, прывід якой можна і сёння сустрэць у Мірскім замку, да нашых сучаснікаў. Не пытайце, адкуль ліст з'явіўся ў замку. Чытайце.

«Добры дзень, паважаныя нашчадкі.

Скажыце вы мне, калі ласка, ці ёсць у вашым часе такія паняцці, як «каханне», «любоў», «нянавісць» і «здрада». Ці дакранаецеся вы адно да аднаго, каб пашкадаваць, а не зрабіць балюча?

Мне здаецца, што каханне знікла з Зямлі якраз у той момант, калі я памерла, не меўшы суцяшэння.

І я жыву. Сонная мара, здань, смуткуючая душа...

Вы пытаеце, што ж здарылася? А нічога. Проста самы блізкі мне чалавек стаў самым далёкім, як халоднае сонца на зімовым небасхіле. Хмара пад назвай «здрада» зрабіла крывавым маё блізкае і адначасова далёкае сонца. Ды не буду тлуміць вам галаву, мае нашчадкі. Аб усім па парадку.

Я — звычайная сялянская дзяўчына з мястэчка Мір. Завуць мяне Кася. Бацькі мае — людзі простыя, працавітыя. Як звычайна, дзяцей у хаце многа, а зямлі сваёй мала. З гэтай прычыны бацькі бралі мяне, як старэйшую, і ішлі ў заробкі да мясцовага магната. Матуля мая, жанчына ў мястэчку вельмі паважаная і акуратная, добрая майстрыха, навучыла мяне шыць, вышываць, карункі плесці, гатаваць далікатна і смачна. Ці ж думала яна, што веды гэтыя не жыццё маё палепшаць, а да гвалтоўнай смерці давядуць?

У тыя часы нашымі землямі і мястэчкам валодаў магутны шляхецкі род Іллінічаў. Менавіта яны і пабудавалі недалёка ад мястэчка каменны замак. І пакуль бацька абрабляў землі, мы з матуляй былі ў самім замку: цягалі ваду і дровы, апрацоўвалі садавіну і агародніну, мяса і рыбу. Хаця кухонных служак было шмат, праца ўсё адно была цяжкая і вольныя рукі ўвесь час былі патрэбныя. Маці дапамагала галоўнаму кухару гатаваць стравы для гаспадара і яго гасцей і мяне трымала каля сябе. Цяжкай працы я не баялася і ніколі не сумавала. Я спявала. Ад спеваў маіх на тварах гэтых спрацаваных жанчын узнікалі ўсмешкі і ажывала надзея, што некалі будзе лягчэй.

Аднойчы спевы мае пачуў сам гаспадар замка — Станіслаў Іллініч. Ён спусціўся ў гаспадарчыя каморы, каб паглядзець, хто ж гэта спявае.

Трэба сказаць, што шляхціч наш быў вельмі сабою гожы: высокі, статны, валасы чорныя як вугаль і вочы такія ж. Здавалася, што, глянуўшы ў іх глыбіню, можна патануць. А ўсмешка! Адкрытая, шчырая і адначасова загадкавая, якая без слоў клікала за сабою...

Паклікаў Станіслаў мяне якраз словамі. І я пайшла. Бо я — сялянка. А ён — мой гаспадар. У той момант сэрца заходзілася ад страху. Першыя думкі былі самыя дрэнныя — што не так я зрабіла, што магла выпадкова пашкодзіць, дзе не справілася? Станіслаў, прывёўшы мяне ў гасцёўню, проста спытаў, хто я і адкуль.

— Кася? Такое простае імя для такой прыгажуні? — здзівіўся ён. — І ўсё ж гэта — самае лепшае імя.

Словы Станіслава запалі мне ў самае сэрца. У той дзень мы больш не сустракаліся. Але я адразу зразумела, што закахалася. Душа мая ад хвалявання вырывалася з грудзей і трапяталася, як злоўленая птушка. Думкі перапаўнялі згадкі пра Станіслава. Вочы не бачылі нічога і нікога, яны шукалі толькі каханага.

Бацькі хутка здагадаліся, што са мною і хто таму прычына. Каб вы чулі, як плакала мая маці! Бацька пастарэў на вачах. Яны прасілі мяне адумацца, выкінуць каханне да шляхціча з галавы і сэрца, паглядзець на мясцовых хлопцаў, з якімі ў мяне магла быць сумесная будучыня. Бацька забараніў маці браць мяне ў замак на працу, а мне забараніў нават здалёк на замак глядзець.

Скажыце, ці заўсёды вы слухаеце бацькоў сваіх, калі кахаеце? Пэўна ж, не. Я таксама не паслухала... Тым больш што сам Станіслаў, як аказалася, шукаў сустрэчы са мною. У адзін з летніх дзянькоў, калі я была дома, ён спыніў каня каля бацькоўскіх весніц...

Што было далей, вядома ўсім закаханым. Ды і я больш не хачу рваць на часткі сваю пакутную душу гэтымі ўспамінамі. Скажу адно: сустрэчы нашы спачатку былі таемнымі, а пасля Станіслаў забраў мяне ў замак. Не пыталася я дазволу ў бацькоў быць з ім, а Станіслаў маіх бацькоў тым больш не пытаўся.

Жыла я ў замку і не жонкай, і не служанкай і вельмі позна зразумела ўсю глыбіню свайго падзення. Разуменне гэтае прыйшло як маланка ў ясны дзень: пад маім сэрцам нарадзілася новае жыццё.

Ну а што зрабіў мой дарагі каханы, даведаўшыся аб гэтай навіне, спытаеце вы? Не, ён не ажаніўся са мною. Станіслаў выдаў мяне замуж за свайго служку Навіцкага, забяспечыўшы такім чынам прозвішча мне і майму яшчэ не народжанаму дзіцяці. Я не магла паверыць, што Станіслаў не кахае мяне, што ён мне здрадзіў. Чароўная ўсмешка аказалася «ўсмешкай змяі»...

Муж мой Навіцкі ніколі ні словам ні ўчынкам не абразіў мяне і дзіця, быў добрым гаспадаром і бацькам. Але я не бачыла гэтай дабрыні. Я палала нянавісцю да былога каханага. Нянавісць гэтая спапяліла мяне, калі ў замку было аб'яўлена аб жаніцьбе Станіслава на шляхцянцы са знатнага роду.

Падчас аднаго з баляванняў я непрыкметна падмяшала атруту ў віно, а сама стаяла і назірала, як Станіслаў, выпіўшы яе, пасінелымі ўмомант вуснамі спытаў: «За што?»

Толькі аб адным я пашкадавала ў той момант. Я не знайшла атруту, якая забівала б марудна. Тады, магчыма, Станіслаў змог бы сам адказаць на сваё пытанне і зразумець, што нельга крыўдзіць чалавека, які цябе кахае.

Схапілі мяне недалёка ад замка, ды я і не хавалася. Прысуд быў кароткі — спаліць жывою. Здзейсніў гэты ўчынак брат Станіслава Шчасны. Але нават калі языкі полымя ахапілі мае ногі, я не пашкадавала аб сваім учынку.

Ды, відаць, сам Бог мяне пакараў. Душа мая не атрымала супакою ні ў чыстцы, ні ў пекле. За здзейсненае нябёсы адракліся ад мяне. І хаджу я нябачнай зданню ў сутарэннях Мірскага замка, шукаю збавення, якога няма.

Моліцца за мяне толькі муж мой Навіцкі і дзіця маё адзінанароджанае. Ды, мусіць, мала іх малітвы...»

На гэтым ліст Касі абрываецца. А ў вас, паважаныя чытачы, узніклі, напэўна, самыя розныя пачуцці. Для некага — гэта проста прыгожае паданне, хтосьці атрымаў глебу для разважання і асэнсавання асабістага жыцця і жыцця ўвогуле, у кагосьці ўзнікла шмат хвалюючых пытанняў. На ўсе вашыя пытанні ёсць адказы ў сценах цудоўнага і таямнічага Мірскага замка... Пані Гісторыя і пані Легенда чакаюць Вас!

Вольга Давідзенка

Фо­та Хрыс­ці­ны Бяр­нац­кай

Загаловак у газеце: Здань сялянкі Касі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.