Вы тут

Уладзімір Цвірка. Шклоў


Хутка дні стануць нашмат карацейшыя, таму спяшаюся ў Шклоў, каб пры добрым асвятленні зрабіць удалыя здымкі. На месцы быў каля дзявятай гадзіны раніцы. Вельмі мне падабаецца ў такі час вялікі горад (гэта я пра нашу сталіцу). А гарадкі, мястэчкі ды вёсачкі — тым больш. Прачынаюцца яны, здаецца, намнога павольней, не спяшаючыся. І калі нарэшце жыхары ўстаюць і выходзяць на вуліцу, у двор, будзьце ўпэўнены: яны дакладна ведаюць, чым будуць займацца ажно да захаду сонца. Вы можаце паспрачацца, што ў вялікім горадзе тое ж самае. Можа, і так. Але ў мясцінах вясковых гэты ранішні час адчуваецца неяк больш выразна.


Шклоў дастаткова вялікі горад, але, нягледзячы на гэта, у яго абліччы і жыцці захавалася яшчэ шмат правінцыяльнай няспешнасці і цеплыні. Першай сустракае праваслаўная святыня, пабудаваная ў 1903 годзе. Аблічча храма крыху нагадвае сабор Крыжа Гасподняга, што знаходзіцца ў Спаса-Ефрасіньеўскім манастыры ў Полацку.

У горадзе ёсць касцёл Святых Пятра і Паўла ў стылі неаготыкі і класіцызму, які ў 1930-я гады быў прыстасаваны пад кінатэатр і пры гэтым згубіў сваю шыкоўную купальную сістэму. У 1994 годзе храм вярнулі вернікам.

Выдатна захаваліся вытворчыя будынкі кардонна-папяровай фабрыкі, узведзенай у 1890 годзе. У пераліку архітэктурных каштоўнасцяў горада трэба згадаць — і не будзе лішнім паглядзець — будынак сінагогі, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя. А на яўрэйскіх могілках у руінах захаваўся яшчэ адзін унікальны помнік гісторыі гэтага народа — бісхайм у выглядзе лесвіцы з высокімі цаглянымі сценамі, узведзены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Зазірнём у мінулае Шклова. У пісьмовых крыніцах ён згадваецца з пачатку XVI стагоддзя. Належалі гэтыя мясціны шляхецкім родам Гаштольдаў, Хадкевічаў, Чартарыйскіх. З 1568 года гэта цэнтр графства ў складзе Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Магутны драўляны замак, які стаяў тут на працягу XVI—XVII стагоддзяў, быў двойчы спалены (у 1563 і 1580 гадах) рускімі войскамі. Добра вядома і пра гераічную абарону горада ў 1654 годзе падчас страшэннай трынаццацігадовай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. У 1708 годзе горад пацярпеў яшчэ адно спусташальнае разбурэнне ад шведскіх войскаў.

Нягледзячы на жахлівыя наступствы войнаў, жыхары Шклова зноў і зноў падымалі горад з папялішча і руін. Узводзілі жылыя дамы, культавыя пабудовы, гандлёвыя плошчы, аднаўлялі шклоўскія абарончыя ўмацаванні, раскінутыя па берагах Дняпра да рэчкі Шклоўкі. Агульная даўжыня абарончых равоў і земляных валоў складала амаль два з паловай кіламетра. Горад рос і пашыраўся пад іх надзейнай аховай, павялічвалася і насельніцтва. Ужо ў сярэдзіне XVII стагоддзя Шклоў уваходзіў у першую дзясятку па колькасці жыхароў у ВКЛ. Адных толькі рамеснікаў тут было каля дзвюх соцень, прыкладна столькі ж — гандлёвых крам. Горад упрыгожвалі пяць цэркваў, будынак касцёла, дзейнічалі дзве сінагогі. Вёўся актыўны гандаль як па шляхах-гасцінцах, што выбягалі з горада, так і праз вялікую прыстань на Дняпры.

Маючы з 1570 года Магдэбургскае права, Шклоў у 1762 годзе атрымаў герб і адразу ўпрыгожыў цэнтральную частку грандыёзнай і велічнай пабудовай — ратушай, якая ўздымала сваю вытанчаную вежу з гадзіннікам над шматлікімі гандлёвымі радамі.

Вось менавіта пад вежай Шклоўскай ратушы я і вырашыў скончыць свой невялікі расповед пра гэты цікавы і прыветны горад у Магілёўскай вобласці. Дарэчы, у Беларусі, мабыць, не набярэцца і дзясятка падобных архітэктурных помнікаў, як гэтая ратуша. Тады тым больш варта неўзабаве наведаць Шклоў з яго захапляльнымі гарадскімі мясцінамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».