Вы тут

Восеньскі салон б'е рэкорды


Дарта Вэйдэра сустракаюць хлебам-соллю, «каровы ўсё ведаюць», бюсты багінь на Месяцы.

Здавалася б, у Палацы мастацтваў толькі зніклі шорахі маштабнага выставачнага праекта «Арт-Мінск», што прадставіў беларускі соntеmроrаrу аrt пад куратарскай канцэпцыяй італьянскага прафесіянала Стэфана Антанэлі, а тут ужо адкрылася новая экспазіцыя, прычым штогадовая і чацвёртая па ліку. Выстаўка-продаж «Восеньскі салон» паказвае ў Палацы 124 сучасных аўтары і пасягае на тое, каб займець сваё жалезнае месца ў жыцці Мінска. Абодва праекты — вясенні і восеньскі — арганізаваныя пры падтрымцы Белгазпрамбанка, ужо вядомага культурнага дзеяча нашай краіны. А наведвальнікі тым часам могуць убачыць, наколькі кайфовай можа быць «элітарная» сфера мастацтва. З Дартам Вэйдэрам, якога сустракаюць хлебам-соллю, адпачынкам на Камсамольскім возеры з бакалам у руцэ і вось такім «тэкстурным» калажам (на фота), у бок якога ўвесь час чуецца адзін і той жа жарт пра выстаўку пліткі.


Вялікія і маленькія палотны, фатаграфія, манументальнасць, абстракцыі і іранічны прымітывізм, скульптуры і шырма, традыцыйны жанр пейзажа і канцэптуальнае мастацтва — усё гэта выстаўлена на продаж. Адкрыццё сёлетняга Салона адбылося 5 кастрычніка ў Палацы мастацтваў пры такой колькасці візіцёраў, што складана было праціснуцца да ўласна твораў.

Кажуць, адмысловае журы, што выбірала будучых удзельнікаў «Восеньскага салона», мусіла разгледзець некалькі тысяч работ. На чацвёрты Салон заяўкі падала рэкордная колькасць чалавек — 456, у той час, як летась падавалася 320, а на першую выстаўку — 288. Выбіралі мастакоў ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, а работы — ва ўзросце да трох гадоў. Яшчэ аказалася — калі верыць інфармацыі арганізатараў, — што прыкладна 70 працэнтаў выстаўленых аўтараў бяруць удзел у Салоне ўпершыню. Што нейкім чынам намякае на багацце, якое мастацкая сфера краіны можа нам прапанаваць.

«У статыстыцы чацвёртага Салона мы з вялікім задавальненнем убачылі, што заўважна расце колькасць заявак на ўдзел. Гэты рост вы ўбачыце: ён будзе адлюстраваны на разнастайнасці прадстаўленых на выстаўцы работ. Да таго ж, што для нас, як для гледачоў, важна, зніжаецца сярэдні кошт карцін. У мастакоў розныя спосабы прапаноўваць — нехта прапануе лічбу, нехта прапануе пагаварыць і вызначыць кошт па згодзе, а нехта паставіў пустое палатно, назначыў на яго цану і запрасіў напісаць на ім усё, што пажадаеш. Я спадзяюся, усе змогуць дасягнуць згоды паміж попытам і прапановай, як гэта адбываецца ў эканоміцы», — сказаў на адкрыцці Салона саветнік старшыні Белгазпрамбанка Уладзімір Сажын.

Трэба аддаць належнае: экспазіцыя прадставіла такі вобраз мастацтва, з якім разумееш, а гэтага разумення нам часам не хапае, што арт-прастора можа быць прывабнай не толькі для высакалобых снобаў. Мастацтва можа быць якасным, але пры гэтым даступным і, хай, відовішчным. Фармат выстаўкі-продажу, канешне, у нейкім сэнсе фарміруе яе начыненне — тут можна ўбачыць іранічны сэнс у традыцыйным жывапісе, адсылкі да масавай культуры, цапляючыя формы і ўвогуле тое, што захочацца павесіць сабе на сцяну. Пры гэтым варта разумець, што менавіта такое мастацтва (што карэлюецца з навакольным светам, Дарт Вэйдэр гэта як знак сучаснай культуры ці знакі характэрных антуражаў і добра вядомых з'яў) і складае тое самае соntеmроrаrу аrt.

Што яшчэ характэрна, дык адсутнасць арыентацыі на заслужаных, народных і рэгаліі. Рамкі, якія арганізатары сабе акрэслілі, дазваляюць трансляваць больш «чысты» і свабодны позірк на сучаснае выяўленчае мастацтва, пазбавіць удзельнікаў бэкграўнду і ацаніць іх тут і цяпер. Натуральна, адбор падпарадкоўваецца пэўным законам, але прынамсі, ён не залежыць, хочацца верыць, ад кантэксту. У выніку ў экспазіцыі можна знайсці як вядомых мастакоў, так і адкрыць новыя імёны.

І апошняе. Ва ўмовах адсутнасці арт-рынку, чым адметная Беларусь, выстаўка-продаж з падпісанымі прайсамі ўяўляецца такім выключэннем з правіла. Вядома ж, Восеньскі салон не зменіць сітуацыю з беларускім арт-рынкам глабальна, але лакальна — так. Сёлета апроч галерэй у экспазіцыю былі ўключаны прыватныя калекцыянеры, і развіццё ініцыятывы з году ў год відавочнае. Гучным штогадовым праектам арганізатары прывучаюць наведвальнікаў да думкі, што мастацтва — вартае грошай і вашых сцен. Услед за распаўсюджаннем гэтай думкі павінны прыйсці і іншыя, не менш важныя для фарміравання культурнага грамадства.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».