Вы тут

Наша каманда вярнулася з Сусветнай шахматнай алімпіяды ў Батумі


Калі казаць пра вынікі спартсменаў, то яны нядрэнныя: жаночая дружына заняла 18-е агульнакаманднае месца, мужчыны аказаліся трохі ніжэй — 30-я пазіцыя са 185 удзельнікаў.


Акрамя вынікаў спартсменаў, гэты турнір стаў знакавым для нашай краіны, бо менавіта там мы даведаліся, што Беларусь стане гаспадыняй Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года, а старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна абраная віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі (ФІДЭ). «Мы дастаткова доўга ішлі да гэтага, больш за год рыхтаваліся, вялася ўнутраная работа, якая, можа быць, не адразу была бачная, — расказвае Анастасія Віктараўна. — Ідэя падаць заяўку на правядзенне алімпіяды з'явілася дзесьці два гады таму і была агучана Максіму Рыжанкову, які яе падтрымаў, нягледзячы на тое, што можа яна і здавалася на той момант нерэальнай. Мы не алімпійскі від спорту, але і Нацыянальны алімпійскі камітэт і Міністэрства спорту паверылі ў нас і падтрымалі, сваімі сіламі федэрацыя б ніколі не справілася».

Каб павялічыць свае шанцы на перамогу, беларусы запрасілі ў Мінск прэзідэнцкі савет і інспекцыю Міжнароднай федэрацыі шахмат. «Скажу шчыра, калі на ўзроўні ФІДЭ я першы раз агучыла тое, што Беларусь гатовая падаваць заяўку на правядзенне Сусветнай шахматнай алімпіяды, адзін высокапастаўлены чыноўнік спытаў: «А аэрапорт у вас там ёсць?» Таму нам давялося правесці такія масавыя мерапрыемствы, каб замежнікі сваімі вачамі ўбачылі, на што здольны Мінск, якая ў нас тэхнічная база. Па прыездзе ў Мінск стаўленне змянілася адразу, і пры падачы заяўкі мы былі ўжо ў прыярытэце», — адзначае Анастасія Сарокіна.

Алімпіядзе-2022 будзе папярэднічаць мужчынскі Кубак свету ў 2021 годзе і жаночы чэмпіянат свету 2020 года. А сама Сусветная алімпіяда, дарэчы, пройдзе на «Мінск-арэне». Цяперашні падобны турнір у Батумі сабраў чатыры тысячы ўдзельнікаў, з іх каля дзвюх тысяч спартсменаў, такая ж колькасць запрошаных, балельшчыкаў і афіцыйных асоб. «Сёлета была прадстаўлена рэкордная колькасць краін — 185, мы чакаем, што ў Мінск прыедзе яшчэ больш. Цяпер у Міжнародную шахматную федэрацыю ўваходзіць 189 краін, але лік штогод расце, я спадзяюся, можа, мы і 200 краін прымем і дойдзем да пяці тысяч удзельнікаў у 2022 годзе», — расказвае старшыня федэрацыі.

Як краіна-гаспадыня Беларусь будзе мець права прадставіць па тры сваіх каманды ў кожнай дысцыпліне, таму акрамя таго, што будзе выстаўляцца асноўны склад, плануецца выставіць і маладзёжны. «У нас вельмі добрае маладое пакаленне, плеяда маладых шахматыстаў 12—14 гадоў, — адзначае Анастасія Сарокіна. — Мы трэці год праводзім чэмпіянат свету па бліцы сярод кадэтаў, гэта дае добры імпульс для маладых спартсменаў».

Плануецца, што да Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года Беларусь наведае шэраг ганаровых гасцей, вядомых шахматыстаў, такіх як Анатоль Карпаў, Барыс Гельфанд і Мая Чыбурданідзэ.

Таксама Анастасія Сарокіна адзначыла, што ў Беларусі зараз назіраецца шахматны бум, акрамя дзяржаўных, адкрываюцца прыватныя школы, актыўна вядзецца праграма «Шахматы ў школе».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: З добрымі навінамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».