Вы тут

Для інвалідаў па зроку будзе створаны сэнсарны маршрут па лесе


Гэта міжнародны праект, у якім удзельнічае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Гродна. Праект «Далучэнне да прыроды» накіраваны на экалагічную асвету людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку.


Незвычайная экалагічная сцежка будуецца за 30 кіламетраў ад Гродна на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры». Гэта будзе маршрут, які дазволіць людзям з абмежаваным зрокам пазнаёміцца з разнастайнасцю прыроды, а галоўнае — навучыцца бяспечным паводзінам у лесе. На працягу амаль кіламетра турысты змогуць прайсці па сцежцы з покрывам рознага віду — з пяску, гравію, травы, ігліцы. Дарога будзе абмежавана бярвёнамі. Для людзей з поўнай стратай зроку ўздоўж маршруту прымацуюць канат.

Дарэчы, праект далучае і да экалагічнай асветы. На бетонных пляцоўках размесцяцца адбіткі слядоў дзікіх жывёл, якія насяляюць заказнік. Тут з'явяцца сляды зубра, зайца, лісіцы, рысі, барсука і іншых. Між іншым, у ландшафтным заказніку зарэгістравана больш за 170 відаў наземных жывёл, разнастайная і птушыная група, сярод якой больш за дзясятак чырванакніжных. Птушыныя галасы будуць запісвацца на аўдыясістэмы і выкарыстоўвацца як для распазнавання, так і для рэлаксацыі. Яшчэ адзін участак пазнаёміць турыстаў з відамі дрэў, якія яны самі змогуць вызначыць па іх спілах і па кары.

— Гэта будзе сэнсарная сцежка, дзе чалавек з поўнай альбо частковай стратай зроку зможа памацаць усё на сваім шляху, — расказвае кіраўнік праекта, супрацоўнік аддзялення для інвалідаў Галіна Марозік. — Такія веды, як высветлілася, вельмі патрэбныя, бо дапамогуць інвалідам па зроку лепш арыентавацца ў лесе, навучаць асновам бяспечных паводзінаў. Напрыклад, як пазбегнуць укусу кляшча альбо пчалы, што рабіць, калі гэта здарылася, і многае іншае.

А яшчэ ў заказніку будзе абсталяваны спецыяльны цэнтр, дзе плануецца праводзіць навучальныя заняткі. Гэту работу бяруць на сябе супрацоўнікі і студэнты факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія таксама прымаюць удзел у праекце. Для навучэнцаў падрыхтуюць адпаведную літаратуру, у тым ліку з тактыльным шрыфтам Брайля. Тыя, хто пройдзе такія заняткі, змогуць і самі надалей працягваць экалагічную асвету.

— Як паказаў маніторынг, людзям з абмежаванымі магчымасцямі па зроку патрэбны і экалагічныя веды, нейкія навыкі знаходжання на прыродзе. Напрыклад, умець адрозніць карысную ягаду ад ядавітай, добры грыб ад паганкі. Гэта дазволіць часцей выязджаць у лес і атрымліваць новыя ўражанні, — адзначыла Галіна Марозік.

Сэнсарны маршрут плануецца запусціць вясной будучага года, ён разлічаны як на дарослых наведвальнікаў, так і на дзяцей.

У тэму

Гатовы да рэалізацыі трансгранічны праект у рамках праграмы «Літва — Латвія — Беларусь», прызваны пашырыць даступнасць да сацыяльных паслуг. Партнёрамі праекта сталі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Гродна і адпаведная ўстанова ў літоўскім горадзе Друскінінкай. Беларускаму боку выдаткавана 70 тысяч еўра. На гэтыя сродкі плануецца набыць аўтамабіль для перавозу людзей з інваліднасцю, а таксама пад'ёмнік, які «крочыць» па прыступках. Для аказання такіх паслуг, як кінэзатэрапія і эргатэрапія, будуць закуплены спецыяльныя трэнажоры, якія дапамогуць палепшыць работу суставаў, а таксама праводзіць рэабілітацыю пасля інсультаў і інфарктаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дакрануцца да прыроднай прыгажосці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.