Вы тут

«Мужыцкая праўда» на мове Гарацыя


Суботні дзень абяцаў быць удалым і цікавым. Сонца, якое толькі выкацілася з-за далягляду, раскідвала свае промні па чырвона-жоўтых клёнах, зручны аўтобус шпарка каціўся па гладкай трасе, паветра за яго шыбамі, здавалася, трымцела ад роснай чысціні. Мы ехалі на экскурсію ў адзін з найстаражытнейшых нашых гарадоў, і, нягледзячы на тое, што ўсталі ўсе рана, яшчэ зацемна, у нагрэтым салоне ніхто нават не драмаў. Падарожнікі былі ўзрушаныя прыгажосцю наваколля, прыемнай кампаніяй, самім фактам паездкі. Дый, калі б хто і хацеў заснуць, наўрад ці яму б гэта ўдалося, бо экскурсавод Тамара гучным натрэніраваным голасам, ды яшчэ ўзмоцненым мікрафонам, увесь час спрабавала нам нешта распавядаць.


Менавіта «спрабавала», і ў яе не вельмі атрымлівалася. Замаўляючы экскурсію ў буйным агенцтве, мы папярэдзілі, што група ў нас беларускамоўная, таму пажадана, каб наша падарожжа ўласна беларускай мовай і суправаджалася. Тамара нам пра гэта на самым пачатку паездкі паведаміла — пра свой намер размаўляць з намі па-беларуску. Але, як высветлілася з першых жа фраз, гэта было ёй ну вельмі няпроста. Спачатку яна збівалася на трасянку, а пасля, пры нашай маўклівай згодзе (шкада было чалавека, што мучаецца, падбіраючы словы) перайшла на больш звыклую для яе рускую.

Зрэшты, як яна гаварыла — гэта нічога, у любым выпадку ўсе ўсё разумелі. А вось што давялося пачуць — гэта гісторыя асобная. Паўфантастычныя версіі пра ўзнікненне Мінска яшчэ можна было праглынуць — у кожнага старога месца павінна быць свая легенда, а то й не адна. Аповед пра храмы ў Ракаве слухаўся ўжо з пэўнай доляй насцярожанасці: пра выкладзеныя факты дагэтуль ні чытаць, ні чуць не даводзілася. Паходжанне назвы Ліда ад слова «ляда» прайшло на ўра — пашыраная навуковая версія была агучана дакладна. Але супакойвацца было рана, наперадзе чакала новае адкрыццё дагэтуль невядомай старонкі нашай гісторыі. Распавядаючы пра Арыянскую акадэмію ў Іўі (арыяне — асобнае адгалінаванне пратэстантызму), Тамара, напэўна, рашыла зымправізаваць. Пачаўшы з таго, што мовай навучання ў акадэміі была латынь (што, уласна кажучы, не навіна), яна стала расказваць, што латынь хадзіла на нашай тэрыторыі яшчэ доўгі час. Спачатку падумалася: ну, паблытаў чалавек латынь (мову) з лацінкай (шрыфтам) — з кім не бывае. Але калі Тамара з упэўненасцю выдала: «Нават Кастусь Каліноўскі сваю «Мужыцкую праўду» выдаваў на латыні. І, вы ўяўляеце, яшчэ ў ХІХ стагоддзі гэту мову ў Беларусі разумелі нават сяляне...» — ва ўсіх, хто гэта слухаў і пачуў, твары былі прыблізна як у манахаў з вядомай карціны «Прыплылі»...

Канешне, можна з гэтага выпадку пасмяяцца, паўсчуваць адну асобна ўзятую кабету за недасведчанасць. Калі б гэты выпадак быў адзінкавы. Я пасля той паездкі размаўляла са стрыечнай сястрой, якая працуе ў сталічнай гімназіі і са сваім класам часта ездзіць на розныя экскурсіі. Як правіла яны замаўляюць іх на беларускай (гімназія беларускамоўная). «Часцей за ўсё іх хапае на хвілін пятнаццаць, — расказвала Наталля. — А пасля мы самі, каб не мучыліся, прапаноўваем ім перайсці на рускую. Але ад гэтага не лягчэй — плятуць абы-што, чалавек, які хоць неяк цікавіцца гісторыяй, шмат «новага» даведваецца. Дый тыя, хто на мове шпарыць бы па напісаным, часам такія гістарычныя адкрыцці выдаюць — у дзяцей вочы на лоб ад здзіўлення лезуць. Пачулі нядаўна ад такога знаўцы, што Дзяржынск, аказваецца, заснаваў хан Кайдан. І мараль ад яго ж — вось, маўляў, ішлі на нас татары не толькі з мэтай заваяваць, але ж і добрае нешта рабілі»...

І вось з гэтых, па сутнасці, прыватных выпадкаў агульная праблемка і вымалёўваецца. Павярнуўшы нарэшце саміх беларусаў тварам да Беларусі, натхніўшы іх вывучаць і адкрываць для сябе родны край, мы не стварылі (спадзяюся, пакуль што) сістэмы якаснага адбору тых людзей, якія па прафесіі сваёй павінны дапамагаць людзям вывучаць і адкрываць. У нашым грамадстве, асабліва калі ідзе размова пра моманты гістарычныя, датычныя менавіта нашай краіны, а тым больш краязнаўчыя, словы экскурсавода для многіх — першая, а можа, і адзіная крыніца ведаў. Раскажа такі вось «знаўца» пра заснаваны Кайданам Дзяржынск (раней — Койданава) ці пра «Мужыцкую праўду» на мове Гарацыя экскурсіі з нейкага прамысловага прадпрыемства — і ўсё гэта будзе ўспрынята на веру без сумненняў, бо як жа не верыць, калі расказвае чалавек, які спецыяльна дзеля гэтага тут пастаўлены.

Пра гэту актуальную праблему мы гаварылі з прафесійнымі гісторыкамі падчас круглага стала, прымеркаванага да ўгодкаў знішчэння фашыстамі Хатыні. І вельмі слушна тады сказаў доктар гістарычных навук Аляксей Літвін: «Увогуле не пашкодзіла б прафесійным гісторыкам азнаёміцца з тэкстамі экскурсій, якія сёння праводзяцца. Магчыма, трэба задумацца пра тое, каб на экскурсію, асабліва па тэме Вялікай Айчыннай, выдавалася адпаведная ліцэнзія, і толькі тады чалавек меў бы права яе праводзіць...»

Здаецца, настаў час сапраўды пра гэта не тое што задумацца — дзейнічаць. Бо, як паказвае гісторыя, калі да яе, гісторыі, адносіцца легкадумна, нічога добрага з гэтага не атрымліваецца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?