Вы тут

Губернатар Іркуцкай вобласці — пра агульныя інтарэсы і сумесныя праекты


Ад Мінска да Іркуцка шлях няблізкі — восем гадзін лёту (з перасадкай у Маскве, прамога рэйса пакуль няма), пяць тысяч кіламетраў. Але ў наш час нават такая значная адлегласць не перашкода для плённага супрацоўніцтва, калі ёсць на гэта жаданне і памкненне. Аб тым, што гэты сібірскі рэгіён мае эканамічныя адносіны з нашай краінай, можна здагадацца ўжо ў іркуцкім аэрапорце — пасажыраў ад самалёта да будынка аэравакзала дастаўляе наш родны МАЗ. У самім горадзе давялося бачыць краму з надпісам «Беларускія прадукты»...

Новы імпульс супрацоўніцтву даў візіт дэлегацыі Іркуцкай вобласці амаль два гады таму ў Беларусь. Губернатара расійскага рэгіёна тады прымалі на найвышэйшым узроўні, прадстаўнікі дзелавых колаў наведалі буйныя прадпрыемствы, падпісалі шэраг дамоў аб супрацоўніцтве. Наступным крокам у гандлёва-эканамічным збліжэнні быў ІV Форум рэгіёнаў, падчас якога падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і Брэсцкім аблвыканкамам.

Аб тым, як гэта супрацоўніцтва рэалізуецца на практыцы, удалося запытаць у непасрэднага гульца на гэтым полі, дакладней, калі працягваць спартыўную аналогію, — у капітана адной з камандаў — губернатара Іркуцкай вобласці Сяргея ЛЕЎЧАНКІ.


У кіраўнікоў Брэсцкай і Іркуцкай абласцей склаліся добрыя сяброўскія адносіны.

«Пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з Брэсцкай вобласцю павялічыліся пастаўкі сельгаспрадукцыі з гэтага рэгіёна. Пастаянныя сталі паездкі прадстаўнікоў дзелавых колаў, якія знаходзяць агульную мову і наладжваюць супрацоўніцтва, — расказаў губернатар. — Мы ўжо прымалі ў сябе дэлегацыю з Брэста на чале са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам. Мы з Анатолем Васілевічам знаходзім паразуменне па ўсіх пытаннях, у нас склаліся вельмі добрыя сяброўскія адносіны...»

Акрамя эканамічнага супрацоўніцтва, «чырвоны» губернатар Іркуцка (Сяргей Георгіевіч — прадстаўнік КПРФ) бачыць вельмі важным супрацоўніцтва гуманітарнае, асабліва ў плане захавання гістарычнай праўды і патрыятычнага выхавання. «Я быў уражаны тым, што ўбачыў у Брэсцкай крэпасці падчас сваёй паездкі, — падзяліўся ён з журналістамі. — Таму 22 чэрвеня мы адправілі нашу дзіцячую дэлегацыю для ўдзелу ў мітынгу-рэквіеме, і яны таксама былі здзіўлены тым, як свята шануюць у Беларусі памяць аб тых страшных падзеях нашай агульнай гісторыі. Што такое гераізм і як гэта — аддаць сваё жыццё за радзіму, лічу, што цяпер падрастаючаму пакаленню карысна задумвацца над гэтымі пытаннямі». Што датычыцца культурнага супрацоўніцтва паміж Іркуцкай вобласцю і нашай краінай, дык тут вельмі дапамагае беларуская дыяспара ў сібірскім рэгіёне. Яна, па ацэнцы губернатара, «адна з самых актыўных, якая шчыра рупіцца аб захаванні сваёй самабытнасці і народных традыцый».

У вялікай па плошчы вобласці (на яе тэрыторыі размесцяцца тры Беларусі) з не меншымі прыроднымі багаццямі (адно возера Байкал з яго запасамі прэснай вады чаго вартае, а тайга!) вялікая і прыцягальнасць для айчыннага і замежнага бізнесу. Губернатар не супраць прыходу інвестараў, нават вітае іх, але займае цвёрдую пазіцыю: «Любы бізнесмен будзе шукаць у нас лёгкі варыянт: у нашым выпадку — гэта ўзяць і выкарыстаць прыродныя багацці. Але гэта мы — дзяржава, улада на гэтай зямлі, вырашаем, што мы будзем рабіць для развіцця гэтага краю, і прапаноўваць бізнесу далучацца да гэтай справы, ствараючы для яго спрыяльныя ўмовы».

Што датычыцца сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў, тут работа вядзецца па некалькіх кірунках, але адзін праект ужо рэальна працуе. «Мы стварылі сумесную вытворчасць ліфтаў, і зараз, дзякуючы ў тым ліку і гэтаму, паспяхова вырашаем пытанне капітальнага рамонту жылля ў гарадах, — гаворыць Сяргей Леўчанка. — Сумесна выпусцілі ўжо каля 300 ліфтаў. Перш чым спыніцца менавіта на Магілёўскім прадпрыемстве, доўга выбіралі сярод сваіх айчынных вытворцаў, але па спалучэнні цана — якасць спыніліся на беларускіх».

Сярод іншых перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва Сяргей Леўчанка назваў пастаўкі ў рэгіён сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці, стварэнне перапрацоўчых прадпрыемстваў у сферы сельскай гаспадаркі і дрэваапрацоўкі ў Іркуцкай вобласці, пашырэнне таварнай наменклатуры ўзаемных паставак, развіццё супрацоўніцтва ў галіне турызму.

У тым, што ўсе пагадненні — падпісаныя і якія падпішуцца ў хуткім часе — будуць якасна выконвацца з абодвух бакоў, губернатар Іркуцкай вобласці не сумняваецца. Пра сумленнасць і адказнасць беларусаў ведаюць ва ўсім свеце, а пра сваіх землякоў Сяргей Леўчанка кажа так: «Сібіракі — вельмі адказныя людзі, яны не спадзяюцца на дзядзьку, які прыйдзе і вырашыць іх праблемы. Тут усё трымаецца на тых, хто сам сябе зможа забяспечыць і абараніць, хто не ные, не плача, не чакае манны нябеснай...»

Хроніка адносін

• У снежні 2016 года — падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і ўрадам Рэспублікі Беларусь.

• 18 мая 2017 года Мінэканамразвіцця Іркуцкай вобласці і кампанія ААТ «Магілёўліфтмаш» падпісалі пагадненне аб размяшчэнні ва Усоллі-Сібірскім сумеснага прадпрыемства па зборцы ліфтавага абсталявання.

• У чэрвені 2017 года дэлегацыя Іркуцкай вобласці прыняла ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «БелАгра-2017», дзе ЗАТ «Облагроснаб» правяло перамовы з прадстаўнікамі «МТЗ-Холдынг» аб пастаўках трактароў малой магутнасці з прадастаўленнем 30 %-най зніжкі.

• 30 чэрвеня 2017 года — на Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Іркуцк — Мінск

Загаловак у газеце: Адлегласць не перашкода супрацоўніцтву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.