Вы тут

Ордэн Маці сёлета атрымала 621 беларуска


Дзень маці — свята міжнароднае, але адзначаецца яно ў розных краінах не ў адзін і той жа дзень. У Беларусі яно адзначаецца 14 кастрычніка і мае карані ў рэлігійным свяце — Пакрове Прасвятой Багародзіцы, і ў гэты дзень ва ўсіх праваслаўных цэрквах праходзяць святочныя набажэнствы. А ўсе тыя, у каго ёсць мама, віншуюць яе — тэлефанаваннем, паштоўкай, іншымі падарункамі, як кожны сам вырашыць. І, напэўна, асабліва шмат віншаванняў атрымліваюць у гэты дзень шматдзетныя маці...


Ордэн Маці сёлета атрымала 621 беларуска

Гэтая высокая дзяржаўная ўзнагарода прадугледжана для маці, якія выхавалі пяцёра і больш дзяцей. «У нашай краіне ўжо ўзнагароджаны больш за 9,5 тысячы маці, з іх 621 жанчына — у 2018 годзе, — паведаміў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ. — Такім чынам, праца мацярынства высока ацэньваецца на дзяржаўным узроўні».

Да ордэна прадугледжана грашовая выплата ў памеры пяці бюджэтаў пражытковага мінімуму (з 1 жніўня да 31 кастрычніка 2018 года 1 БПМ — гэта 213,67 рубля).

У Беларусі будзе створана база даных шматдзетных сем'яў

Як заявіў Валерый Кавалькоў, Рэспубліканская міжведамасная база даных шматдзетных сем'яў будзе створана да 2020 года. Зараз распрацоўваецца праект указа аб яе фарміраванні. Гэты рэсурс дазволіць выяўляць шматдзетныя сем'і і маніторыць, наколькі поўна ім аказваецца дзяржаўная падтрымка.

«Далёка не заўсёды грамадзяне краіны ведаюць аб тых сацыяльных гарантыях, якія даюцца ў Беларусі шматдзетным сем'ям, — адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. — Цяпер улік шматдзетных сем'яў вядзецца на рэгіянальным узроўні — на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у якія паступае інфармацыя з устаноў адукацыі, аховы здароўя, сістэмы МУС. Банкі даных розных катэгорый сем'яў з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы і дапамозе, уключаюць інфармацыю, што датычыцца ўмоў пражывання, занятасці бацькоў, фактараў сацыяльнай неўладкаванасці. Дарэчы, на ўліку ў ТЦСАН на 1 ліпеня 2018 года знаходзілася звыш 100 тысяч шматдзетных сем'яў, 29 тысяч сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і амаль шэсць тысяч няпоўных сем'яў.

Самая запатрабаваная — паслуга нянькі

Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізуюць работу з сем'ямі, якія выхоўваюць дзяцей у залежнасці ад іх патрэб: аказваюць кансультацыі, сацыяльна-псіхалагічныя і пасрэдніцкія паслугі, паслугі пагадзіннага догляду за дзецьмі, часовага прытулку, сацыяльнага патранату. Пры гэтым найбольш запатрабаванай Валерый Кавалькоў назваў паслугу нянькі. Яна прадастаўляецца сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, што нарадзіліся адначасова (двойні, тройні) ва ўзросце да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Толькі за першае паўгоддзе 2018 года паслугамі няні скарысталіся амаль 2 тысячы сем'яў, у тым ліку больш за 1,7 тысячы сем'яў, якія выхоўваюць двойню, 46 сем'яў з тройняй і 200 сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

З гэтага года прэтэндаваць на паслугу нянькі таксама могуць сем'і, у якіх абодва бацькі альбо адзін з іх у няпоўнай сям'і з'яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы. А сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, на базе дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў аказваецца паслуга сацыяльнай перадышкі. Яна дае магчымасць для бацькоў такіх дзяцей крыху адпачыць ад абавязкаў па доглядзе, аднавіць сілы, вырашыць сямейна-бытавыя і іншыя пытанні. Прычым на перыяд аказання паслугі за сям'ёй захоўваецца права на ўсе сацыяльныя выплаты (пенсія, дапамогі).

Дарэчы, слова, якое пазначае маму, практычна ва ўсіх мовах складаецца з двух аднолькавых складоў. Беларускія і рускія дзеці кажуць «мама», маленькія французы — «маман», нямецкія хлопцы — «мама», англійскія — «мэмма», кітайскія — «мама», карэйскія — «амана». Навукоўцы лічаць, што гэта звязана з маўленчым апаратам немаўляці. Ён устроены такім чынам, што дзіцяці лягчэй за ўсё вымавіць адкрыты галосны гук «а» і губныя зычныя «м», «б», «п», якія ёсць ва ўсіх мовах. А яшчэ дзіцёнку складана адразу паўтарыць паслядоўнасць розных складоў, таму спачатку вымаўляецца «ма-ма», «па-па», «ба-ба»...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Мама — першае слова...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».