Вы тут

У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы сустрэліся чытачы і пісьменнікі


Паэтычныя пачуцці да горада разам з гродзенскімі школьнікамі выказалі студэнты з Туркменістана.

У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага сустрэліся чытачы і пісьменнікі. У зале гучалі вершы, прысвечаныя Гродну да 890-годдзя. Маладыя чытачы стараліся ўкласці ў вершаваныя радкі і свае пачуцці. Прысутных асабліва ўразілі студэнты з Туркменістана, якія прачыталі вершы па-беларуску і нават склалі пра горад паэтычныя радкі.


Як аказалася, вершаў пра горад над Нёманам напісана столькі, што хапіла б на дзясяткі выданняў. Вось і не так даўно выйшла кніга «Гродна ў вершах і песнях». Сюды ўвайшлі творы многіх мясцовых аўтараў, у тым ліку Браніслава Ермашкевіча, Людмілы Кебіч, Пятра Сямінскага, Марыі Шаўчонак, Таццяны Сучковай і іншых. Падчас чытання гучалі таксама вершы з кнігі «Намалюю горад Гродна» дзіцячага пісьменніка Віктара Кудлачова, а яшчэ Ірыны Данік, якая нядаўна пайшла з жыцця. Успомнілі пра Рэнальда Кныша, легендарнага трэнера па спартыўнай гімнастыцы, які напісаў паэму «Мой горад Гродна».

Як адзначыла загадчык аддзела перыядычных выданняў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі Анастасія Ражко, такія сумесныя чытанні праводзяцца рэгулярна. На іх запрашаюцца вядомыя ў горадзе людзі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дыпламаты. Кожная акцыя мае сваю тэматыку, напрыклад, сёлета яна прысвечана памятнай даце Гродна і сабрала пісьменнікаў, творчасць якіх звязана з горадам над Нёманам. Арганізатары лічаць такія сустрэчы карыснымі для дзяцей, якія могуць пазнаёміцца не толькі з паэтычнымі творамі, але і з іх аўтарамі.

Большасць вершаў прагучала на беларускай мове. Пісьменнікі асабліва адзначылі туркменскіх студэнтаў, якія чыталі вершы вельмі пранікнёна і без акцэнту. Яны вучацца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і такім чынам уліваюцца ў культурнае асяроддзе Беларусі. Гэтаму спрыяе створаны ў ВНУ праект «Садружнасць». Студэнтка філалагічнага факультэта Гульрух Бярдзяева не толькі прачытала верш па-беларуску, але і напісала ў паэтычнай форме сваё ўражанне ад горада, прычым на сваёй роднай мове. Здаецца, усе зразумелі яго і без перакладу.

Пісьменніца Людміла Кебіч прыгадала, што раней такія чытанні праводзіліся рэгулярна — на прадпрыемствах і ва ўстановах горада. Былі і масавыя зборы, напрыклад на базе аднаго з каледжаў, дзе студэнты на розных мовах чыталі вершы беларускіх паэтаў. Абласная бібліятэка прапанавала свой фармат чытанняў і сваю тэматыку, якія трывала ўвайшлі ў культурнае асяроддзе горада. Звычайна тэма прадыктавана значнымі датамі, звязанымі з творчасцю пісьменнікаў, важнымі падзеямі ў грамадскім жыцці.

Пісьменніца адзначыла, што сітуацыя з папулярызацыяй творчасці пісьменнікаў не вельмі спрыяльная. Некаторыя чакаюць сваёй чаргі на выданне па тры-чатыры гады, а некаторыя нават і сем гадоў. Добра, што ёсць магчымасць друкавацца ў часопісах «Нёман» і «Полымя». Некаторыя звяртаюцца па дапамогу да спонсараў, знаходзяць свае шляхі да выхаду кніг.

Пісьменнік Дзмітрый Радзівончык лічыць, што сітуацыя на літаратурным рынку залежыць, у першую чаргу, ад саміх аўтараў, якія павінны адчуваць змены, што адбываюцца ў грамадстве, і рэагаваць на гэта. У сэнсе чаргі на выданне не менш важным з'яўляецца і павага членаў творчага асяроддзя адзін да аднаго. На гэты конт аўтар нават надрукаваў зборнік літаратурных рэцэнзій на творчасць калег-паэтаў, якія жывуць у розных рэгіёнах Беларусі. Гэта літаратурныя роздумы, аналітыка, з доляй гумару. Па словах аўтара, у дэбютным жанры ён паспрабаваў даследаваць творчасць сваіх калег і тым самым узняць культуру водгукаў на новы ўзровень.

У акцыі «Чытаем разам» пісьменнік бачыць не толькі літаратурны, але і сацыяльны аспект. На яго думку, тут ключавое слова «разам».

— Гэта ідэя саюзнасці, грамадскай кансалідацыі, — падкрэсліў Дзмітрый Радзівончык. — Вядома, элемент чытання тут найпершы, бо ён садзейнічае папулярызацыі літаратуры, у тым ліку паэзіі. Але не менш важны і фактар грамадскага адзінства.
У гэтым выпадку ўдзельнікі акцыі — школьнікі, студэнты — праз паэтычныя радкі прызнаюцца ў пачуццях да свайго горада, сваёй малой радзімы. Гэта ж і ёсць тое, што мы называем узнёслым словам «патрыятызм».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ключавое слова «разам»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.