Вы тут

Храм — нібы палаючая свечка


Горад Полацк зноў і зноў радуе археолагаў новымі цікавымі артэфактамі. Уяўленне аб нашай мінуўшчыне і яе разуменне істотна змяняецца і робіцца больш поўным. Знаходкі самага апошняга часу там зрабілі Аляксей Коц і Ігар Магалінскі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта разам з Яўгенам Торшыным з Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія). Мы ж папрасілі рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, доктара гістарычных навук, прафесара Дзяніса ДУКА, які да раскопак у Полацку шмат гадоў мае непасрэднае дачыненне, прыадчыніць таямніцу археалагічных знаходак.


— Раскажыце, якія цікавыя артэфакты былі знойдзены апошнім часам?

— З 2015 года праводзяцца планавыя штогадовыя даследаванні Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (помнік ХІІ стагоддзя). З таго часу былі зроблены цікавыя гістарычныя адкрыцці. Сёлета работа працягваецца. Сезон гэтага года, наколькі я ведаю са слоў калег, быў цікавы, бо адшукалі новыя канструкцыйныя элементы. У прыватнасці, была знойдзена частка прыбудовы да царквы — і зараз вядзецца палеміка, што яна магла з сябе ўяўляць. Гэта магла быць келля, мог быць і асобны храм. Па выніках папярэдніх сезонаў выявілася, што царква мела зусім іншую планіроўку, чым мае зараз. Яна была большая па памерах і, магчыма, прызначалася не для тых мэт, якія мы ведаем цяпер, — верагодна, гэта была царква-пахавальня, у тым ліку ў ёй маглі захоўвацца мошчы. Сёння на прыкладзе згаданай царквы гаварыць, што раней мы нешта ведалі пра Полацкую школу дойлідства, немагчыма. Бо гэты храм мяняе нашы ўяўленні.

— Якой жа была Полацкая школа дойлідства?

— Яна была ўнікальная. Гэта значыць, рысы тых прыёмаў, якія выкарыстоўваліся ў Полацку, больш нідзе на Русі заўважаныя не былі. Адна з яскравых знаходак мінулага сезона — кавалак плінфы з нанесеным чарцяжом храма. Гэта першы накід архітэктара, прычым зроблены вельмі прафесійна — з дакладна вытрыманымі прапорцыямі. Фактычна гэта чарцёж у маштабе. Важна тое, што па замове Ефрасінні Полацкай дойлід на месцы вырашаў складаныя архітэктурныя прыёмы. І Прападобная была заказчыцай вобраза храма. Гэта значыць, яна не сказала: «Зрабі такі ж храм, як і там...» Яна сказала дойліду Іаану (захавалася гістарычнае імя), што хоча бачыць храм у канкрэтным выглядзе, які павінен мець пэўныя аздобы — і ўсё гэта было ўвасоблена.

— У Полацкай школе дойлідства ўпершыню былі выкарыстаныя так званыя какошнікі — дэкаратыўныя элементы, якія аздаблялі храм зверху і фактычна рабілі яго выгляд падобным на палаючую свячу. Што такое какошнік — гэта складаная канструкцыя з плінфы, зробленая ў выглядзе пялёстка полымя. Какошнікаў там было не менш за 12. Каб дах вытрымаў гэты цяжар, вельмі істотна ўзмацнілі сцены. Такім чынам, ішла работа не толькі будаўнікоў, але і дойліда (у той час архітэктара), які павінен быў спраектаваць вельмі масіўныя сцены. Зрабіць гэта трэба было, ні на кога не гледзячы, бо аналагаў не існавала. Усё ўзгаднялася з замоўцай, Ефрасінняй, і мадулявалася на месцы. Храм выстаяў столькі гадоў, без істотных разбурэнняў, пераўтварэнняў, і гэта сведчыць пра геніяльнасць яго майстроў. Яны рабілі на стагоддзі. І такіх храмаў у Полацку, як мы ведаем, было не менш за дзесяць. Але захаваўся толькі адзін. Усе яны былі пабудаваныя ў ХІІ стагоддзі і толькі Сафійскі сабор — раней.

— З чым звязана тое, што ў ХІІ стагоддзі так масава будавалі храмы? З агульным уздымам Полацкай зямлі?

— Так, адбыўся вельмі моцны ўздым Полацкага княства і Полацка. Быў пік сацыяльна-эканамічнага развіцця, бо Усяслаў стварыў магутную, можна сказаць, імперыю, якая прасціралася да мора. Былі эканамічныя падмуркі — шляхі зносін, якія праходзілі тут. Плюс разгалінаваныя сувязі з Візантыяй, з Заходняй Еўропай, са Скандынавіяй. Усё гэта адбывалася ў ХІІ стагоддзі, і такі эканамічны ўздым увасобіўся ў Полацкай школе дойлідства.

У Спаса-Праабражэнскага храма яшчэ шмат загадак.

— Ці вядома, як адбывалася фінансаванне культавага будаўніцтва? Выдзяляліся асобныя сродкі?

— Так, заказчыкам зазвычай выступаў князь. У нашым выпадку — мог выступаць епіскап. А ў Полацку — яшчэ і ігумення манастыра, сама з'яўляючыся заказчыцай. Яна збірала сродкі рознымі шляхамі. Першы — гэта княжацкая казна, грошы княжацкага дома. Другі — тыя ўласныя здабыткі, якія Ефрасіння магла атрымаць, выкарыстаўшы свой аўтарытэт, рэсурсы, у тым ліку ўзяць з іншых зямель. Дарэчы, яна сама перапісвала кнігі, якія ў той час каштавалі вельмі шмат.

— Давайце згадаем пра ўплывовасць Ефрасінні. У яе была нават свая пячатка... І гэта было надзвычайна!

— Так, нават дзве пячаткі, і ўласная бібліятэка. Жаночых пячатак на Русі было вельмі мала, а ў Ефрасінні іх было дзве! Адна была парадная (асабістая), а другая манастырская. Гэта было экстраардынарнай з'явай, невядома, каб на Русі такое было, нават у князя. Выказваліся думкі, што ў князёў магло быць па дзве пячаткі, але доказаў не было. А ў нас ёсць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?