Вы тут

За што мы атрымліваем жоўцекамянёвую хваробу і як ад яе пазбавіцца


Самая, бадай, частая хірургічная аперацыя, якая робіцца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх іншых развітых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі, — выдаленне жоўцевага пухіра. І вядзе да яе жоўцекамянёвая хвароба або наяўнасць камянёў у жоўцевым пухіры. Захворванне вельмі распаўсюджанае: у агульнай структуры захваральнасці яно саступае толькі сардэчна-сасудзістым хваробам і цукроваму дыябету. Хто знаходзіцца ў зоне рызыкі і што садзейнічае ўтварэнню камянёў у жоўцевым пухіры, ці можна абысціся без аперацыі, калі дыягназ пастаўлены, расказаў хірург 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Яўген ТОЎСЦІК.


— Яўген Валянцінавіч, чаму жоўцекамянёвая хвароба так распаўсюджана ў еўрапейцаў?

— Сапраўды, яна распаўсюджана ў развітых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі і даволі рэдка сустракаецца на афрыканскім кантыненце і ў азіятаў. Гэта тлумачыцца звычкамі ў харчаванні. У краінах Паўночнай Амерыкі і Еўропы вялікая колькасць тлустых страў з павышанай колькасцю халестэрыну. Напрыклад, той жа фаст-фуд ці нашы традыцыйныя стравы са свініны. Таксама спрыяе развіццю хваробы няправільны рэжым харчавання і маларухомы лад жыцця.

Адметна, што імавернасць захворвання павышаецца з узростам, асабліва ў жанчын — каля 20 % прадстаўніц прыгожай паловы пасля 40 гадоў маюць жоўцекамянёвую хваробу або ў схаванай, або ў актыўнай форме. Мужчын утрая меней.

— Па якіх прычынах утвараюцца камяні?

— Існуе некалькі тэорый, і ніводная паўнавартасна не тлумачыць прычыну гэтай з'явы. Але ўсе сыходзяцца ў тым, што камяні ўтвараюцца з-за няправільнага балансу кампанентаў жоўці. Калі ён парушаны, калі маецца застой жоўці, гэта вядзе да ўтварэння камянёў. Часам жоўцекамянёвая хвароба пачынае развівацца падчас цяжарнасці: з-за высокага ціску ў брушной поласці механічна сціскаецца жоўцевы пухір, парушаецца яго функцыя і ўтвараюцца камяні. Але найчасцей імавернасць гэтага захворвання павышаецца ў таго, хто мае лішнюю вагу і шкодныя звычкі, вядзе маларухомы лад жыцця. Часам утварэнню камянёў садзейнічаюць хранічныя хваробы сумежных органаў. Напрыклад, запаленчыя працэсы ў брушной поласці могуць выклікаць перыфакальнае запаленне жоўцевага пухіра. І калі яно носіць хранічны характар, магчымае ўзнікненне камянёў. Але паўтаруся, наша харчаванне застаецца асноўным фактарам. Таму тлустую, смажаную ежу, стравы са свініны трэба абмяжоўваць.

— А саленні і вяндліну?

— Пазбягаць іх варта, калі камяні ўжо сфарміраваліся. Гэта раздражняльныя для стрававальнай сістэмы прадукты, на ператраўліванне якіх патрабуецца вялікая колькасць жоўці, што часта прыводзіць да ўкліньвання камянёў у жоўцевыводзячыя пратокі.

— Гэта небяспечная сітуацыя?

— З камянямі ў жоўцевым пухіры невялікіх памераў можна жыць доўга і шчасліва, не падазраючы пра іх існаванне. Яны могуць ніяк сябе не праяўляць. Але небяспека ўкліньвання ў жоўцевыводзячыя пратокі заўсёды існуе. Жоўць назапашваецца ў жоўцевым пухіры і падаецца парцыённа пры паступленні ежы — ад раздражнення рэцэптараў у страўніку. І калі раздражняльнік вельмі актыўны — тая ж вяндліна ці салёны прадукт — жоўцевы пухір можа рэзка скараціцца і камень з токам жоўці ўкліньваецца ў шыйку пухіра, якая вядзе ў праток. Узнікае запаленчы працэс тканак пухіра і пратока, іх сценкі патаўшчаюцца, з'яўляецца ацёчнасць, жоўць не мае магчымасці адцякаць у поўным аб'ёме. Наступае так званая жоўцевая коліка, або маніфестацыя вострага калькулёзнага халецыстыту. Хворы адчувае недамаганне, агульную млявасць, галаўны боль, можа быць рвота, змяняцца колер скуры і склер. Але асноўнае — гэта боль — востры, прыступападобны або колікападобны, у правым падраброўі ці ў вобласці пупка. Нярэдка болевыя адчуванні распаўсюджваюцца ў правую лапатку, правае плячо і нават у правую руку.

— Такі стан патрабуе неадкладнай дапамогі?

— Так, гэта экстранны стан, які патрабуе ўмяшання ўрача. Болевы сіндром неабходна купіраваць, вырашыць праблему ўкліньвання каменя і рабіць аперацыю — у планавым ці экстранным парадку. Жоўцевая коліка часцей за ўсё праз 15—20 хвілін праходзіць сама. І калі так здарылася, што падчас прыступу вы не звярнуліся да ўрача, пасля трэба ўсё роўна да яго прыйсці і зрабіць неабходныя абследаванні — агляд, ультрагукавую дыягностыку брушной поласці, агульны і біяхімічны аналіз крыві.

— Лабараторны аналіз крыві паказвае наяўнасць камянёў? Увогуле, як іх выяўляюць?

— Агульны аналіз паказвае сістэмнае запаленне, а біяхімічны аналіз — павышэнне ўзроўню білірубіну ў крыві, што сведчыць пра механічную абтурацыю (непраходнасць) жоўцевыводзячых шляхоў ці механічную жаўтуху. Гэта значыць, што жоўць у поўным аб'ёме не паступае ў прасвет 12-палай кішкі, а ўсмоктваецца ў кроў. Жоўцекамянёвая хвароба выяўляецца і падчас ультрагукавой дыягностыкі органаў брушной поласці. 15 % камянёў маюць у сваім складзе вялікую колькасць кальцыю, іх можна ўбачыць на рэнтгенаўскіх здымках брушной поласці. Але асноўны метад выяўлення — УГД-даследаванне.

— Ці можна камяні раздрабіць ці растварыць медыкаментозна?

— У свеце былі такія спробы. Камяні імкнуліся драбіць ультрагукавой хваляй, раствараць спецыяльнымі хімічнымі злучэннямі, але ўсё гэта аказалася неэфектыўным у параўнанні з выдаленнем аперацыйным метадам. Таму такія спробы засталіся на ўзроўні даследаванняў.

— Як жоўцекамянёвая хвароба лечыцца ў нас?

— У хірургаў існуе правіла: калі ёсць камяні ў жоўцевым пухіры, асабліва калі яны маніфестуюць аб сабе (хворы адчувае недамаганне ці яшчэ горш — колікі), жоўцевы пухір неабходна выдаляць разам з камянямі. У нашай краіне, як і ва ўсім свеце, карыстаюцца лапараскапічным метадам. Такая аперацыя, у адрозненне ад халецыстэктамій адкрытым метадам, малатраўматычная. Пасля пары дзён у стацыянары пацыент адпраўляецца дадому і хутка вяртаецца да звычайнага жыцця. Гэта самая масавая аперацыя і ў нас, і ў краінах Еўропы і Амерыкі. Шмат дзе яна нават робіцца часцей, чым выдаленне апендыкса.

— Ці можна абысціся без аперацыі?

— Калі вы ведаеце, што ў вас камяні ў жоўцевым пухіры, вы жывяце як на парахавой бочцы. У любы момант камень можа ўклініцца ў жоўцевыводзячы праток, разаўецца перытаніт і іншае. У такіх выпадках гэта будзе зусім іншы аб'ём аперацыі, доўгі перыяд аднаўлення і больш сур'ёзныя наступствы для здароўя. Таму лепш выдаліць жоўцевы пухір разам з камянямі, калі ён не запалены.

— Пасля аперацыі неабходна пажыццёва прытрымлівацца дыеты?

— Лічыцца, што строгай дыеты трэба прытрымлівацца толькі шэсць месяцаў. Яна прадугледжвае частае дробнае харчаванне, бо жоўць пасля аперацыі пастаянна паступае ў прасвет 12-палай кішкі, таксама рэкамендуецца пазбягаць тлустай ежы. Калі гэта, скажам, вялікая адбіўная, то лепш падзяліць яе на некалькі прыёмаў. Праз шэсць месяцаў трэба пераходзіць да звычайнай дыеты, але, зразумела, не той, якая была ў вас да ўзнікнення камянёў, а здаровай, якая рэкамендавана кожнаму.

— Якім павінна быць харчаванне, каб камянёў не ўзнікла?

— Найперш збалансаваным: у правільнай прапорцыі павінны быць падабраны бялкі, тлушчы і вугляводы. Плюс вялікая колькасць зеляніны, агародніны і фруктаў, прадуктаў, якія змяшчаюць клятчатку. Неабходна і фізічная актыўнасць, каб набытыя тлушчы не назапашваліся ў арганізме.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Асцярожна: камяні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.