Вы тут

Чым уразіць трэці «Талент краіны»


У лістападзе на тэлеканале АНТ пачнецца ўжо трэці сезон папулярнага дзіцячага тэлеконкурсу «Талент краіны». Як і раней, яго ўдзельнікі — таленавітыя дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў — спаборнічаюць за атрыманне стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як і раней, конкурс прыцягвае сотні ўдзельнікаў і тысячы гледачоў: на кастынгі прыйшло амаль 400 дзяцей, а ў закуліссі зацікаўленых нашмат больш — іх педагогі, бацькі і сваякі, сябры, прыхільнікі. «Звязда» пабывала на здымках некалькіх выпускаў тэлепраекта і даведалася, што зменіцца ў новым сезоне, чым будуць здзіўляць журы і публіку ўдзельнікі, а таксама каму і навошта трэба паглядзець гэтай восенню «Талент краіны».


Пасля маштабных кастынгаў, што прайшлі ў маі і верасні, у праекце засталіся 48 нумароў — як сольных, так і калектыўных, падзеленых на дзве ўзроставыя катэгорыі (5—10 і 11—15 гадоў) і чатыры жанры: выканальніцкі, вакальны, арыгінальны і харэаграфічны. Геаграфія традыцыйна шырокая: Мінск, Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Рагачоў, Масты, Смалявічы, Слонім, Рэчыца, Дзяржынск, Орша, Клецк, Лагойск... Пасля серыі адборачных канцэртаў у фінал «Таленту краіны» трапяць толькі дзесяць самых яркіх і дасканалых удзельнікаў, а імёны пераможцаў у кожнай узроставай катэгорыі суддзі назавуць у снежні. Зрэшты, сказаць сваё важкае слова змогуць і гледачы: з першага выпуску пачнецца інтэрнэт-галасаванне, пераможца якога атрымае спецыяльны прыз сімпатый гледачоў.

— Галасаванне журы мы зрабілі больш празрыстым, — расказвае кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Ксенія БАХАРАВА. — Пасля выступлення кожнага ўдзельніка суддзі будуць падымаць карткі са смайлікамі: усмешка на зялёным фоне значыць «так», сумная грымаса на чырвоным — «не». Да таго ж вядучы можа папрасіць кожнага з суддзяў растлумачыць сваё рашэнне — і, шчыра кажучы, я ім не зайздрошчу, бо ўсе дзеці такія розныя і такія таленавітыя, выбіраць паміж імі надзвычай цяжка.

Абнавіўся і склад журы, дзе нязменнай засталася толькі старшыня — прафесар, доктар мастацтвазнаўства, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, сенатар Кацярына Дулава. Таксама ў судзейскую калегію ў новым конкурсным сезоне ўвайшлі тытулаваныя і, што асабліва важна, рознабаковыя прафесіяналы сферы мастацтва: выкладчык БДУ культуры і мастацтваў, рэжысёр, выкладчык па культуры маўлення Дзіна Тыцюк, лаўрэат міжнародных конкурсаў, харэограф, пастаноўшчык і рэжысёр мноства канцэртаў і тэлепраектаў Дзмітрый Залескі, салістка Музычнага дома «Класік» і Вялікага тэатра Беларусі, прызёрка конкурсу «Вялікая опера — 2017» Маргарыта Ляўчук. Пяты член журы на кожным канцэрце будзе мяняцца, каб захаваць большую аб'ектыўнасць ацэнак: усё ж вельмі цяжка ацэньваць па адной шкале, скажам, нумар у стылі кантэмпарары-дэнс і мастацкую дэкламацыю альбо тэатральную замалёўку і джазавы спеў. А ўсё гэта на «Таленце краіны — 3» будзе, і ў немалой колькасці.

Яшчэ адно новаўвядзенне сезона — абсталяванне за кулісамі спецыяльнага пакойчыка, дзе бацькі і настаўнікі канкурсантаў у рэжыме рэальнага часу сочаць за выступленнем свайго таленавітага дзіцяці. І хоць наогул для фармату талент-шоу гэта элемент даволі звыклы, для беларускіх гледачоў эмоцыі па той бок сцэны збольшага заставаліся нябачнымі, цяпер жа бэкстэйдж і жыццё вакол праекта будуць раскрыты ў шматлікіх сюжэтах: пераканаецеся самі, якія жарсці часам віруюць!

Асобным пунктам адзначым удалы выбар вядучага. Тандэм Івана Падрэза і Марыны Грыцук, знаёмы па ранейшых сезонах «Таленту краіны», публіка ўжо не ўбачыць, цяпер у праекта новае ўвасабленне. Рэпарцёр АНТ Надзея Клемянцёнак, якая здымала ролікі пра канкурсантаў і добра пазнаёмілася з усімі, працягне падтрымліваць іх у закуліссі, а «сувязным» паміж удзельнікамі, залай і журы будзе Яўген Булка. І калі спачатку ўзнікалі сумненні, ці справіцца вядучы з такой эмацыянальнай і адначасова строгай і патрабавальнай аўдыторыяй, як дзеці, то пасля першага ж запісу стала зразумела, што пацэлілі ў дзясятку. Магчыма, паўплываў уласны бацькоўскі досвед (вядучы выхоўвае 4-гадовую дачку), але агульную мову з удзельнікамі і публікай Яўген адшукаў імгненна — нават самыя заціснутыя і ўсхваляваныя ўдзельнікі падтрымлівалі з ім дыялог, а ў перапынках да вядучага ішлі дзясяткі запісак з пытаннямі і просьбамі. «Мяне паабяцалі пачаставаць яблычным штрудалем, калі выканаю на сцэне пліе ў пятай пазіцыі. Гэта смяротны нумар, але я паспрабую», — лёгка ішоў насустрач пажаданням Булка. І мабыць, дзякуючы якраз яго старанням у самай суровай крытыцы журы знаходзілася месца для пахвалы ўдзельнікаў, а сам праект хоць і захаваў строгі конкурсны фармат, але не стаў бязлітаснай барацьбой за «лайкі». Ды што там — і некаторых суддзяў неўтаймоўны вядучы прымусіў пабыць у ролі канкурсантаў. Шкада, большая частка гэтых экспромтаў і інтэрмедый застанецца па-за межамі тэлевізійнага эфіру.

Затое ў ім мы ўбачым былых удзельнікаў конкурсу, якія перададуць творчую эстафету новым канкурсантам, мноства «зорных» гасцей, ад алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай да кіраўніка «Беларусьфільма» Уладзіміра Карачэўскага з сям'ёй, забаўныя флэшмобы ад груп падтрымкі і, канешне, саміх канкурсантаў. Цяжка не пагадзіцца з арганізатарамі праекта: узровень іх прыкметна вырас. Практычна ўсе, каго мы распытвалі перад выступленнямі, бачылі ранейшыя сезоны «Таленту краіны» і адказна рыхтаваліся да ўдзелу, у пэўных выпадках не адзін год. Некаторыя прайшлі кастынг цэлымі сем'ямі: напрыклад, мінчанка Соня Сабалеўская па-майстэрску чытае вершы, а яе старэйшая сястра Насця — спявае («Гэта ў нас яшчэ малодшыя брат і сястра пакуль не выступаюць!» — смяюцца дзяўчаты); а Ангеліна, Максім і Георгій Бутраменкі з вёскі Мікалаеўка пад Магілёвам наогул выступаюць усе ўтраіх, сямейным трыа «Гама» — флейта, фартэпіяна ды балалайка. Большасць юных артыстаў пацвердзілі свой талент на рэспубліканскіх і міжнародных творчых спаборніцтвах. Так, спявачка Марыя Жыліна — тройчы фіналістка нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне» і ўладальніца сямі Гран-пры міжнародных музычных конкурсаў, у тым ліку дзіцячага Сан-Рэма; юная балерына Івана Дзядовіч ужо выступае ў пастаноўках Вялікага тэатра Беларусі (напрыклад, у балеце «Спячая прыгажуня» дзяўчынка выконвае партыю маленькай прынцэсы Аўроры). Удзельнік леташняга конкурсу Фёдар Громаў у свае восем гадоў упэўнена валодае габоем (а гэты інструмент самы складаны сярод духавых, не кожны дарослы з ім справіцца!) і зачаравальна выконвае класіку і творы сучасных кампазітараў. Дзесяцігадовая спявачка Марыям Абдэлькадэр дэманструе такі багаты тэмбр і шыкоўны дыяпазон голасу, што па скуры табунамі бягуць мурашкі — прычым не толькі ў мяне, але і ў прафесійнага журы. Спіс можна працягваць вельмі, вельмі доўга — усе ўдзельнікі трэцяга «Таленту краіны» не выпадковыя людзі на вялікай сцэне.

І гэта, натуральна, першая і галоўная прычына, чаму варта паглядзець трэці сезон тэлеконкурсу — каб пераканацца, што ў Беларусі не меншае таленавітых дзяцей, адкрыць для сябе новыя перспектыўныя імёны. Але ёсць і яшчэ некалькі падстаў.

Калі вы вагаецеся, ці аддаваць уласнае дзіця ў тую ці іншую творчую студыю — пераканаецеся, што ніколі не рана паспрабаваць. Жывыя доказы таму — шасцігадовая балерына Мая Сівец, якая лётае птушачкай і нібыта не заўважае складанасці класічнага танца, а таксама самая юная ўдзельніца, пяцігадовая Мілана Хатулёва з Віцебска, якую «Звязда» заўважыла яшчэ на адборачным кастынгу. Дзяўчынка выступае ў арыгінальным жанры і не проста «шпарыць» на памяць вялізныя вершы — яна ажыўляе іх дзіцячай непасрэднасцю і артыстычнасцю. «Я шмат вершаў ведаю, гэта ўсё бабуля навучыла. Мы з ёй чыталі розныя кнігі, а ў бабулі іх мно-о-ога!» — з захапленнем расказвае дзяўчынка.

А калі вы лічыце, што цымбалы ці, скажам, балалайка — гэта выключна аднастайны і несучасны рэпертуар, то будзеце прыемна расчараваныя. Удзельнікі «Таленту краіны» нават могуць спалучыць балалайку і балет, цымбалы і рок — і атрымаецца такі нумар, які прыемна будзе паслухаць у любым «дарослым» канцэрце.

Нарэшце, калі вы перакананыя, што ўсё самае лепшае — толькі ў Мінску, дзе больш грошай і магчымасцяў, артысты і іх настаўнікі з рэгіёнаў шмат разоў абвергнуць гэту ўпэўненасць. Так, магчыма, у правінцыйных канкурсантаў не такія бліскучыя касцюмы і дарагія інструменты, але гэта з лішкам перакрывае арыгінальны падыход, гатоўнасць працаваць, выкладвацца на сто працэнтаў і харызма, тая самая харызма, якую не набудзеш ні за якія грошы і не прыдбаеш з цягам часу. Нездарма ў дырэкцыі спецпраектаў АНТ намякаюць, што добра было б налета не чакаць кандыдатаў у сталіцы, а самім праехаць па рэгіёнах і адшукаць новыя творчыя дыяменты, якіх сярод нашых дзяцей — проста безліч.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Рок на цымбалах, смайлы і пліе ў пятай пазіцыі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...