Вы тут

Якая розніца паміж словамі «некалі» і «калісьці»?


Сёння ў пошце рубрыкі пытанні пра тое, якога роду «жырафа», ці правільна точку зрения перакладаць як кропку і якая розніца паміж словамі «некалі» і «калісьці»?

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь САЛАМЕВІЧ і Леў ГЛУШЫЦКІ.


1. У беларускай мове ёсць нямала слоў, якія па сваім граматычным родзе не супадаюць з рускімі адпаведнікамі. Акрамя ўсім вядомага сабакі, тут яшчэ і новы банкнот, нясцерпны боль, дзесятковы дроб, свойская гусь, высокая жырафа. Да мужчынскага роду адносяцца словы з коранем -піс-: запіс, летапіс, машынапіс, надпіс ды іншыя.

Пра іх трэба памятаць, каб не напісаць (альбо не сказаць) калі-небудзь пра «смешнага жырафа» або «атрыманую медаль». Гэта прыклады грубых памылак.


2. Точка зрения і сапраўды не кропка, яна тут недарэчы, бо ў гэтым фразеалагізме маецца на ўвазе «месца», пазіцыя, з якой разглядаецца нейкае пытанне. А таму гаворым і пішам правільна: пункт гледжання (погляду). Гэта пацвярджаецца і сінанімічным фразеалагізмам з гледзішча (назоўнікі на -шча — азярышча, бульбянішча, стойбішча) абазначаюць пэўнае месца. Адкуль — з гістарычнага гледзішча, з гледзішча эканомікі.

Падобную заўвагу хацелася б зрабіць і адносна выразу на думку (чыю, каго). Часам замест іх ужываюць збыткоўныя канструкцыі накшталт па меркаванні, паводле меркавання. Аднак яны папраўдзе лішнія, а таму мы кажам і пішам: на маю думку, на думку дырэктара школы. На думку Міністэрства? Зварот не вельмі ўдалы. Лепш сказаць і напісаць: як лічаць у Міністэрстве.


3. «Некалі» і «калісьці» — словы-сінонімы, але толькі ў адным значэнні — «некалі ў мінулым, даўней»: тут мы калісьці сустрэліся з маім сябрам, яна некалі ўжо згадвала гэтае імя. Калі ж гаворка ідзе пра будучыню, то з двух названых слоў прыдасца толькі «некалі»: спадзяюся, што некалі ты ўсё зразумееш.

У абарону слоў

У сучаснай мове слова хватаць лічыцца размоўным, і гэта правільна. Яго нейтральны сінонім — хапаць. Аднак пры гэтым у нашай мове існуюць іншыя словы з коранем -хват-.

У якасці прыкладу можна прывесці назоўнік схватка. Пішучы пра баявыя дзеянні, дарэчна будзе згадаць рукапашную схватку або апошнюю... Ну а ў множым ліку слова схваткі — тэрмін ужо медыцынскі.

Яшчэ можна ўспомніць выраз мёртвая хватка. Акрамя беларускай, ён ёсць у рускай, украінскай і балгарскай (мъртво хващане) мовах, а паходзіць з мовы паляўнічых, якія такім чынам апісвалі хватку ў сабак, пры якой сківіцы доўга не могуць разамкнуцца.

Загаловак у газеце: Што агульнага ў гусі з жырафай?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.