Вы тут

Творчы рынг для маладых аўтараў


«Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам — 2018» стартуе ў Мінску. Маладыя аўтары з задавальненнем імкнуцца ўзяць удзел у выстаўцы і паказаць свой творчы патэнцыял.


Сёлета ў параўнанні з папярэднімі трыма «Восеньскімі салонамі» ў арганізатараў самая вялікая колькасць заявак — 456. Журы адабрала 127 аўтараў, якія падавалі індывідуальныя заяўкі. Будуць прадстаўленыя як удзельнікі 12 галерэй і ў рамках выстаўкі пройдзе праект, прысвечаны інклюзіўнаму мастацтву. У выніку глядач зможа ўбачыць работы 150 аўтараў. Сёлета міжнароднае журы папоўнілася двума новымі сябрамі.

У рамках салона будуць праведзены як мінімум дзве лекцыі ад замежных спецыялістаў. Арганізатары абяцаюць працяг адукацыйнай праграмы.

Якая канцэпцыя была абрана сёлета для арганізацыі выстаўкі-кірмашу і якіх эмоцый чакаць ад экспазіцыі, расказаў мастацтвазнаўца, куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зіменка:

— Усім цікава, што ж будзе новага. Але я лічу: вельмі важна, што ў нас з’яўляюцца актыўныя прапановы на другасным рынку твораў мастацтва. Калі будуць прадстаўлены не толькі аўтары з творамі, якія яны стварылі за апошнія два гады, але і прыватныя асобы, якія прадаюць работы маладых беларускіх аўтараў. Гэта важны крок у фарміраванні арт-рынку. Мы працягваем наша супрацоўніцтва з галерэямі. Як паказвае практыка, аўтары, якіх выбіраюць у галерэях, можа, не заўсёды зразумелыя наведвальнікам, але міжнароднае журы высока іх ацэньвае. Мы працягнем развіваць адукацыйную праграму. У межах салона адбудуцца як мінімум дзве лекцыі замежных спецыялістаў.

— Хацелася б разумець крытэрыі адбору работ.

— Ёсць два абавязковыя патрабаванні да ўдзельнікаў: павінны быць мастакі ад 18 да 40 гадоў, бо гэта выстаўка-продаж маладых беларускіх аўтараў. Таксама мы не разглядалі творы, якія ў папярэднія гады экспанаваліся на «Восеньскім салоне». Некаторым аўтарам мы прапаноўвалі замяніць работы.

Я б хацеў падкрэсліць, што «Восеньскі салон» — гэта не толькі сontemporary art, гэта выстаўка-продаж. Мяне пастаянна ставяць у тупік, калі пытаюцца: «У вас там бэз на выстаўцы паказваюць. Якое ж гэта наогул сучаснае мастацтва?»... Наша задача — паказаць самы шырокі спектр аўтараў. І чаму ў іх лік не могуць уваходзіць мастакі, якія захоўваюць і працягваюць традыцыі? Але самае галоўнае, што на той жа бэз ёсць глядач і пакупнік. Сапраўды, у нашым спісе ўдзельнікаў ёсць аўтары, якія шукаюць сябе. Яны спрабуюць эпатаваць, даследаваць. І гэта таксама вельмі добра. Таму ў адборачнага журы няма канкрэтнай задачы — паказаць пэўную колькасць жывапісу, графікі або дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Наша галоўная мэта — уразіць арыгінальнасцю ідэй. Напрыклад, у заяўках было некалькі імёнаў, якія здзівілі тым, як арыгінальна яны прэзентавалі свае творы. Бачыш незразумелы аб’ект, абгорнуты ў тканіну, нейкія круглыя формы, а пасля чытаеш назву «Кальцавая аўтадарога», і адразу зразумела, што гэта дарожная карта Мінска. Вось вам арыгінальнасць погляду. Аднак гэта можа быць нацюрморт, пейзаж або фатаграфія без вострасацыяльнага падтэксту, але ж зробленыя цікава. Альбо могуць быць творы на надзённыя тэмы, раздрукаваныя на 3D-прынтары. Мы не ставім жорсткіх рамак.

— А ці адпавядае гэта ўзорам высокага мастацтва?

— Кожнае пакаленне лічыць, што маладыя аўтары разладжваюць традыцыю. Аўтары з нашай карпаратыўнай калекцыі — Суцін, Шагал — таксама калісьці ўспрымаліся як бунтары, якія разбураюць высокае мастацтва. На сёння гэта класіка. Усё, што не з’яўляецца паўторам, што рухае і паказвае шчыры парыў чалавека, і ёсць мастацтва. Магчыма, сучасных маладых аўтараў, якія сваімі творамі адмаўляюць тое, чаму іх вучылі, праз 50 ці 100 гадоў назавуць класікамі. Калісьці твор Эндзі Уорхала «Слоікі з супам Кэмпбэл» успрымаўся як сапраўдны трэш, а цяпер гэта прыклад класічнага ўспрымання мастацтва.

— Якія работы карыстаюцца найбольшым поспехам?

— Летась мы перасягнулі мяжу ў 13—14 працэнтаў работ, якія былі прададзеныя ў рамках «Восеньскага салона». Прадаваліся вельмі розныя творы, што паказвае: запатрабавана рознае мастацтва. Пейзажы, нацюрморты, у якіх усё зразумела... Але і на авангардныя творы быў запыт. Мы дэманструем гледачу, што ў гэтым праекце знайсці твор для сябе зможа кожны. Скульптуры купляюць радзей: матэрыялы для вырабу больш дарагія. Не можа скульптура каштаваць 400 беларускіх рублёў — так, як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Асабліва прыемна летась было, калі людзі звярталіся да графікі, якая не зусім зразумелая, дзе ёсць эксперымент. Калі часам жывапісную работу не хочуць купляць з-за адсутнасці рамы, то ў графіцы людзі адгукаюцца на самыя парадаксальныя рашэнні.

Дарэчы, сёлета мы зможам падвесці вынікі эксперымента, які зарадзілі летась: журы адабрала 3 пераможцаў, якім мы вылучылі стыпендыю, далі магчымасць ствараць творчы праект, не думаючы пра матэрыяльныя складнікі. Праекты прадстаўлены ў агульнай экспазіцыі асобна. Гэта наша спроба высветліць, ці толькі неабходнасць зарабляць сабе на жыццё з’яўляецца стрымлівальным фактарам для мастакоў і не дазваляе максімальна рэалізоўваць свой патэнцыял.

— Удзельнікі «Восеньскага салона» самі вызначаюць цану сваіх твораў. І часам гэтыя цэны нельга назваць аб’ектыўнымі. Ці не перашкаджае гэта арганізатарам прадаваць больш твораў?

— З гэтым была звязаная адна цікавая сітуацыя. Калі сёлета тэлефанавалі ўдзельнікам папярэдніх гадоў і запрашалі іх прапанаваць творы, адзін аўтар адмовіўся з намі супрацоўнічаць. Прычына яго адмовы заключалася ў тым, што летась яго твор купілі на «Восеньскім салоне», хоць ён паставіў на яго вельмі вялікую цану. А прадаваць карціну мастак не хацеў: яна яму вельмі падабалася...

Я згодны з тым, што многія аўтары разглядаюць свае творы як шэдэўры ўжо цяпер, але гэта права творцаў. Аднак я заўважаю тэндэнцыю: з кожным салонам цэны становяцца больш адэкватнымі. Але як арганізатары мы аўтарам свой пункт гледжання не навязваем.

— Ці можна скласці збіральны вобраз пакупніка твораў мастацтва на «Восеньскім салоне»?

— Карціны купляюць людзі розныя: у асноўным — сярэдняга ўзросту. Калекцыянеры якраз не набываюць творы праз салон. Яны хутчэй прыходзяць, глядзяць, а потым чакаюць канца праекта і дамаўляюцца з мастакамі наўпрост. Пры тым, што мы ніякага працэнта ад продажаў не бяром. У асноўным купляюць работы мінчане, некалькі заказаў было з іншых беларускіх гарадоў. Ёсць і замежныя пакупкі, набываюць карціны і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Наогул, казаць аб продажах можна будзе ў канцы салона, таму што прадбачыць вынік немагчыма. Кожны год у нас нешта мяняецца. Пакупніцкая здольнасць на арт-рынку залежыць і ад даходаў людзей. Калі яны будуць расці, то і праблем з існаваннем арт-рынку не будзе. Нам цяпер важна заваяваць аўтарытэт і паказаць, што «Восеньскі салон» — гэта не разавая акцыя, а вялікі праект, у якога ёсць мэты і будучыня.

— «Восеньскі салон» часта крытыкуюць за тое, што імёны ўдзельнікаў паўтараюцца. Ці ёсць новыя імёны сёлета?

— Мы не робім мастакоў як мабільныя тэлефоны... Стараемся ўбачыць новых аўтараў, але іх не так шмат. Мы пастараліся зрабіць так, каб творы не былі калькай або самапаўтарэннем мінулых гадоў.

— Галоўныя вашыя крытыкі — мастакі, якім за 40. Нягледзячы на тое, што вы правялі вясной «Арт-Мінск», дзе не было ўзроставых абмежаванняў, аўтары ўсё роўна незадаволеныя тым, што ў іх няма магчымасці ўдзельнічаць у «Восеньскім салоне». Ці не збіраюцца арганізатары перагледзець гэты падыход?

— Галоўнае, што ў рамках праекта нам ёсць пра што гаварыць. «Восеньскі салон» не прэтэндуе на тое, каб падабацца выключна ўсім. Я пачну задавацца пытаннем, ці патрэбен наогул гэты праект, толькі тады, калі вакол яго будуць дыскусіі, у тым ліку і крытычныя.

Нашы больш сталыя мастакі, праўда, крыўдзяцца, але ім трэба было б успомніць, якія былі яны 20 ці 30 гадоў таму. Наш праект накіраваны на тое, каб прэзентаваць менавіта маладых мастакоў. А калі ў Мінску адкрываюцца іншыя выставачныя праекты, як часта там гучаць імёны маладых аўтараў? Рэдка, таму «Восеньскі салон» можа быць кузняй будучай арт-супольнасці Беларусі, ён дае маладым свой рынг і права на iмя. У нас няма статусу эксклюзіўнага праекта. Мы не манапалісты і ў рэшце рэшт таксама маем права у на сваю пазыцыю.

— Чаго самі арганізатары чакаюць ад IV «Восеньскага салона»?

— Мы рэалісты. Таму хацелася б убачыць менавіта захопленых гледачоў. Нам вельмі важна нават не тое, каб куплялі, а каб галасавалі за нашых мастакоў, каб мы разумелі мастацкія густы ў грамадстве. Падчас першага праекта мы паспрабавалі правесці анлайн-галасаванне. Але яно не працуе — пачынаюцца накруткі. І мне падаецца вельмі важным, каб чалавек прайшоўся па выставачнай пляцоўцы, паглядзеў, выбраў і напісаў імёны. Гэта будзе шчыра. Мы ж, як у выбарчым пункце, кожны тыдзень выкладваем на стол паперкі з назвамі і падлічваем галасы.

Вядома, хацелася б, каб аўтары і гледачы знайшлі адзін аднаго дзеля пакупкі. Гэта было б вельмі прыемна. У Беларусь цяпер спрабуюць вярнуць шмат твораў нашых суайчыннікаў. Дык, можа, трэба пачаць купляць работы маладых аўтараў, каб іх пасля не давялося вяртаць?..

Асабліва чакаем меркаванняў, няхай яны будуць крытычныя і нават злыя, але меркаванні дапамагаюць рухацца наперад. Мы хочам, каб усе разумелі: «Восеньскі салон» мы робім не для сябе і не для аўтараў-удзельнікаў, а для ўсіх людзей, якія і ёсць наша краіна.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».