Вы тут

Творчыя «сыходжанні», альбо Плён негашазнаўства ў Беларусі


Што ні кажы, а вельмі прыемна, калі фонды беларускай літаратуразнаўчай славістыкі папаўняюцца новымі значнымі наробкамі. А ў сувязі з гэтым нельга не звярнуць увагу на вельмі цікавае выданне — кнігу Л. С. Цымановіч «Рускія імпульсы ў творчасці Пятра II Петравіча Негаша».


Пётр II Петравіч Негаш — гэта зорка першай велічыні ў літаратуры не толькі сербаў (і чарнагорцаў у прыватнай канкрэтызацыі), але і славян увогуле, і ўсяго свету. Яго творы перакладзены на многія мовы свету, а жыццёвы і творчы шлях неаднойчы станавіўся прадметам даследаванняў гісторыкаў, тэолагаў і філолагаў розных краін.

Між тым беларуская славістыка спадчыне Пятра Негаша не ўдзяляла належнай увагі. З наробку айчыннага негашазнаўства можна згадаць хіба што пару часопісных публікацый вядомага філолага-югаславіста Івана Чароты, некалькі юбілейных нататак ды перадрукаваны ў «Весніку БДУ» артыкул сербскага навукоўца Д. Раткавіча.

Ужо з гэтай прычыны можна сцвярджаць, што манаграфія Л. С. Цымановіч запоўніла адпаведную «лакуну». Яе праца — комплекснае даследаванне рускіх імпульсаў у творчасці вядомага сербскага (чарнагорскага) паэта — актуалізуе гістарычныя і літаратурныя сувязі, уласна, калі браць шырэй, — узаемакантакты ўсходніх і паўднёвых славян.

Л. Цымановіч аргументавана праводзіць думку пра тое, что руская літаратура і культура ўвогуле былі дзейсныя для Негаша на працягу ўсяго жыцця, праяўляючыся ў яго творах як «рускія імпульсы» — паняцце, змест якога ўключае «алюзіі, матывы і тэмы, звязаныя ў творчасці Негаша з Расіяй і рускімі ў цэлым». Пры гэтым алюзіі трактуюцца як літаратурныя спасылкі на рускіх аўтараў, відавочныя ўплывы і перайманне канкрэтных твораў. А пад рускай тэмай у творчасці Негаша даследчыца разумее наогул рэфлексіі пра Расію/Русь, увасобленыя ў мастацкай форме.

Выконваючы задачу як мага шырэй прадставіць увесь комплекс сувязяў Негаша з Расіяй, аўтар у пяці главах манаграфіі разгледзела, адпаведна, усю творчасць П. П. Негаша. У прыватнасці: яго эпічныя песні, напісаныя па канонах народнай традыцыі і змешчаныя ў анталогіі «Люстэрка сербскае», уласна народныя песні, дзе ўздымаецца тэма Расіі; адычны зборнік «Пустэльнік цэціньскі»; драматычныя паэмы «Горны вянец» і «Самазванец Сцяпан Малы»; вершы з тэматыкай славянскага адзінства і прызначэння паэзіі ўвогуле; а таксама перакладзеныя Негашам урыўкі са «Слова пра паход Ігара».

Паводле аргументаваных доказаў аўтаркі, русафільства Пятра ІІ Негаша было атрымана ім, што называецца, у спадчыну ад папярэднікаў — прадстаўнікоў дынастыі Петравічаў-Негашаў. А самім паэтам, заканамерна, Расія ўспрымалася як асабліва значная частка славянскага свету, як сіла, здольная абараняць і захоўваць аўтэнтычнасць славян. Гэтыя перакананні знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці паэта, у сукупнасці якраз «рускіх імпульсаў». У адным выпадку (эпічныя песні, драматычная паэма «Самазванец Сцяпан Малы») гэтыя імпульсы прысутнічаюць на ўзроўні тэматыкі, у другім (зборнік «Пустэльнік цэціньскі») — як прыкметныя алюзіі на творы Г. Дзяржавіна і М. Ламаносава), у трэцім (драматычная паэма «Горны вянец») іх можна заўважыць на сродках паэтыкі... Л. Цымановіч асобна вылучае творчыя «сыходжанні» П. Негаша з А. Пушкіным. Пры гэтым адзначае таксама і разыходжанні, напрыклад, своеасаблівую іх «полеміку» ў адносінах да асоб Карагеоргія і Напалеона Банапарта.

У кнізе цікавым атрымаўся параўнальны аналіз негашаўскага «Горнага вянца» і гогалеўскай аповесці «Тарас Бульба». Названыя творы адносяцца да розных літаратурных жанраў, але іх аб’ядноўвае і збліжае ідэя барацьбы за волю і веру продкаў, за этнічную і веравызнаўчую аўтэнтычнасць. Абодвум уласцівы эпічнасць, яркасць тыпаў, выкарыстанне фальклорных матываў. Якраз такое супастаўленне можа дапамагчы ўсходнеславянскаму чытачу, знаёмаму з аповесцю «Тарас Бульба», лепш зразумець матывы змагання чарнагорцаў з патурчэнствам як з’яваю, і, такім чынам, пазбезнуць неадэкватных «вонкавых» падыходаў у трактоўках іхняй барацьбы.

Варта адзначыць таксама асаблівасці раздзела «Феномен драматычнай паэмы “Самазванец Сцяпан Малы”». Нягледзячы на тое, што паэма перакладзена на рускую мову, раней даследчыкі закраналі яе хіба што мімаходзь. Неяк замацавалася меркаванне, што ў гэтым творы адлюстравалася Негашава расчараванне ў Расіі (паводле савецкай славістыкі, расчараванне ў палітыцы царызму). Л. Цымановіч абвяргае гэта дзякуючы аналізу сістэмы вобразаў, у выніку чаго становіцца відавочнай прысутнасць складзенага вякамі ў свядомасці чарнагорцаў уяўлення пра Расію як пра сімвал барацьбы за веру і волю, а таксама як натхняльніцу такой барацьбы.

Акрамя гэтага, манаграфія ўключае падрабязную бібліяграфію перакладаў твораў П. Негаша на ўсходнеславянскія мовы, а таксама негашазнаўчых прац.

У цэлым выданне, асноўны чытач якога — філолагіславісты, можа быць карыснае ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і літаратурай Балкан, у прыватнасці Сербіі і Чарнагорыі.

Аляксей ЦІМАФЕЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».