Вы тут

Мінскія валанцёры 60+ аднаўляюць унікальную сядзібу Наркевіча-Ёдкі


На руінах сядзібы Якуба Наркевіча-Ёдкі, якая знаходзіцца ў вёсцы Наднёман, што ў Уздзенскім раёне — амаль на мяжы з Капыльскім, — мінчанка Валянціна Корзунава апынулася даволі выпадкова. Успамінае сваё першае ўражанне: «Калі ўбачыла гэтыя маляўнічыя сядзібныя пабудовы, якія ляжаць у руінах, мяне ахапіла інстынктыўнае пачуццё: трэба ратаваць!» Выдатная архітэктура, але ў цалкам закінутым, дзікім стане... А калі яна вывучыла біяграфію былога ўладальніка сядзібы, то загарэлася яшчэ больш. І было з-за чаго...


Ва­лян­ці­на Кор­зу­на­ва на фо­не ся­дзі­бы.

Беларус, якога паставілі ў адзін шэраг з Тэслам і Рэнтгенам

Аказваецца, Якуб Наркевіч-Ёдка — адзін з нямногіх беларусаў, які яшчэ пры жыцці стаў легендай і ўнёс важкі ўклад у развіццё не толькі айчыннай, але і сусветнай навукі. Французскія журналісты калісьці нават назвалі яго «электрычным чалавекам» і паставілі ў адзін шэраг з такімі навукоўцамі, як Тэсла і Рэнтген.

Недалёка ад Мінска, у сваім маёнтку ў Наднёмане паўтара стагоддзя таму незаслужана забыты намі таленавіты вучоны-фізік Якуб Наркевіч-Ёдка займаўся дзіўнымі рэчамі.

Ён праводзіў эксперыменты, звязаныя з выкарыстаннем электрычнасці ў розных сферах жыцця, у прыватнасці даследаваў яе ўплыў на рост раслін і выкарыстанне ў медыцыне. Дзякуючы сваім эксперыментам у сярэдзіне 1890-х гадоў наш зямляк распрацаваў новы метад лячэння — электратэрапію, — які з поспехам стаў ужывацца ў тагачасных замежных клініках. А ў сябе ў маёнтку Якуб Наркевіч-Ёдка адкрыў бясплатную лякарню (нешта накшталт сучаснага санаторыя), у якой лячыў вяскоўцаў. Таксама на тэрыторыі сядзібы вучоны стварыў першую ў Беларусі метэаралагічную станцыю.

Напэўна, дзесьці ў гэтую сядзібу прывозілі б турыстаў і распавядалі аб яе легендарным гаспадары, які шмат у чым апярэдзіў свой час, паўтаралі б у адрэстаўраванай лабараторыі яго эксперыменты, якія і сёння здольныя ўразіць сваёй відовішчнасцю, а мясцовыя школы вадзілі б сюды сваіх вучняў...

Але, на жаль, у нас гэты маёнтак шмат гадоў прастаяў закінуты: ён пачаў прыходзіць у запусценне адразу пасля смерці Наркевіча-Ёдкі ў 1905 годзе. А пасля рэвалюцыі яго абрабавалі: была страчана не толькі ўнікальная бібліятэка, але і ўсё навуковае абсталяванне. Да Другой сусветнай вайны ў будынку размяшчаўся дзіцячы санаторый. Але падчас вайны палац быў узарваны.

Вось такая сумная і цяжкая гісторыя ў гэтай сядзібы. Толькі ў 2000 годзе яна была ўзятая пад ахову дзяржавы як помнік гісторыі і культуры 2-й катэгорыі. На гэтым усё і скончылася б да няпэўнага часу, калі б...

Упершыню аб Якубе Наркевічу-Ёдку ў нас загаварылі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, калі сярод канфіскаваных беларускімі мытнікамі тавараў была выяўлена кніга на французскай мове «Наркевіч-Ёдка: жыццё і адкрыцці».

Ужо ад­ноў­ле­ны ар­кі.

«Прыемна адчуваць сябе датычнымі да вялікай і важнай справы»

...Калі б каля чатырох гадоў таму гэтую сядзібу не ўбачыла наша гераіня і не загарэлася ідэяй дапамагчы. Валянціна Корзунава — былы доктар, і яна не прывыкла сядзець без справы. Калі выйшла на пенсію, зноў пайшла вучыцца: стала студэнткай Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту. Набыла камп'ютарную адукаванасць, падцягнула французскую мову, а потым вырашыла вывучаць краязнаўства. І тут гэтая сядзіба... Дарэчы, тады ж мінская энтузіястка пазнаёмілася з Уладзімірам Самуйлавым — нашым беларускім навукоўцам-фізікам, які цяпер жыве і працуе ў ЗША, але кожнае лета прыязджае на Уздзеншчыну і ўжо не адзін год спрабуе аднавіць гэтую сядзібу. Нават стварыў грамадскі фонд імя Якуба Наркевіча-Ёдкі... Валянціна тут жа, не задумваючыся, прапанавала яму сваю дапамогу.

Трэба яшчэ сказаць, што Валянціна, выйшаўшы на пенсію, захапілася скандынаўскай хадой. Пачынала яна як аматар, а цяпер ужо сама трэніруе групу на базе спартыўнага комплексу «Алімпійскі». «Так што ў мяне была свая каманда, якую таксама атрымалася захапіць гэтай ідэяй», — смяецца гэтая няўрымслівая жанчына (яна наогул часта смяецца).

Так сталічныя валанцёры 60+ амаль чатыры гады таму сталі дапамагаць аднаўляць сядзібу нашага славутага, але ўсё яшчэ недаацэненага ў сябе на радзіме земляка. Да іх групы далучылася і сястра Валянціны Корзунавай, якая жыве на Уздзеншчыне, са сваімі сынамі.

Работа пачалася з ачысткі тэрыторыі, сядзібнага парку, скляпоў. Смецце з падвалаў і каменне выносілі вёдрамі, перадавалі па ланцужку. Навялі парадак на руінах цэнтральнай часткі палаца, пачысцілі надмагільныя камяні і асвяжылі надпісы на фамільным пахаванні Наркевічаў-Ёдкаў, дзе пахаваны вучоны, пафарбавалі плот.

Фонд імя Якуба Наркевіча-Ёдкі наняў і прафесійных будаўнікоў, але ўсяго некалькі чалавек: больш не дазволілі сродкі. Тым не менш ужо практычна адноўлена ўязная брама, завершаны рамонт у склепе, у якім у будучыні адкрыецца музей Наркевіча-Ёдкі і размесціцца экспазіцыя, прысвечаная яго навуковай дзейнасці. Але яшчэ неабходна аднаўленне сядзібы, стайні, аранжарэі, адраджэнне парку...

«Сцены сядзібы настолькі разбураныя, што дакранешся рукой — і ўсё сыплецца, — перажывае Валянціна Корзунава. — Хочацца хутчэй закансерваваць іх, аднавіць аркі. Як бы гэта паспець да зімы...»

Валанцёры імкнуцца выбірацца ў сядзібу часцей — і ў выхадныя, і ў будні. Кажуць, што толькі сёлета выязджалі сюды ўжо больш за 20 разоў. Дабіраюцца з Мінска на мікрааўтобусе аднаго з іх або звычайнай маршруткай, на якой каля гадзіны язды. Раніцай выязджаюць, увечары вяртаюцца.

«Мы ўжо душой прыраслі да гэтага месца, адчуваем яго як нешта роднае, — дзеліцца Валянціна. — І гэта не толькі маё пачуццё, але і ўсіх, хто ездзіць са мной. Для нас паездкі сюды ўжо сталі неабходнасцю, нам вельмі прыемна адчуваць сябе датычнымі да вялікай і важнай справы».

На жаль, людзей не хапае, часцей за ўсё з Валянцінай выбіраюцца тры-чатыры чалавекі — хто можа, і ў асноўным гэта людзі трэцяга ўзросту. Моладзь таксама бывае, але рэдка: ва ўсіх свае справы. Хоць часам атрымліваецца арганізаваць суботнік, як гэта было са студэнтамі Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя. Між тым лішнія рабочыя рукі валанцёрам не перашкодзілі б...

Свет выратуюць энтузіясты?

Дзіўна часам бывае, што важныя і цікавыя пачынанні трымаюцца толькі на энтузіязме групкі неабыякавых людзей. Столькі навучальных устаноў вакол згаданай сядзібы, столькі грамадскіх арганізацый, а ў выніку гэтая ініцыятыва апынулася патрэбнай, акрамя грамадскага фонду, толькі невялікай купцы валанцёраў 60+.

І калі ўжо на тое пайшло, дзе наш бізнес, хоць бы той, што па ідэі павінен быць зацікаўлены ў аднаўленні гэтай сядзібы? Я спецыяльна зірнула на карту «букінгу» (сістэмы браніравання гатэляў, хто не ў курсе): на ёй маюцца аграсядзібы, санаторыі і загарадныя комплексы адпачынку, размешчаныя не так ужо далёка ад сядзібы. Хіба яны не маюць патрэбы ў прыцягненні турыстаў і адпачывальнікаў? І хіба не зацікаўлены ў тым, каб можна было ў найбліжэйшай будучыні прапанаваць сваім гасцям знаёмства з гэтай сядзібай і асобай, пра якую некалі хадзілі легенды — і не толькі ў нас, але і за мяжой (асабліва ўлічваючы тое, што не так ужо шмат чаго мы можам прапанаваць турыстам у гэтым плане)?

І нават калі хтосьці з уладальнікаў гэтых сядзіб і загарадных комплексаў не жадае дапамагаць матэрыяльна, няўжо так складана было б арганізаваць гарачы абед для невялікай групкі людзей, якія бязвыплатна займаюцца такой высакароднай справай? Ці дапамагчы ім з неабходнымі інструментамі? Або адкамандзіраваць некалькі супрацоўнікаў на пару гадзін для дапамогі, бо сярод згаданых мною валанцёраў ёсць і 82-гадовыя?..

Р.S. Тэлефон Валянціны Корзунавай ёсць у рэдакцыі.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Па цаглінцы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.