Вы тут

Уладзімір Цвірка. Прылукі


Ці можа легенда нашкодзіць турыстычнаму аб’екту, помніку архітэктуры, прыроды ці наогул проста нейкай мясцовасці? Адказ адназначны — не! Нават самае маленькае паданне робіць вялікую справу — прымушае кінуць усё, адкласці ўсе справы ды ісці, ехаць, глядзець на ўласныя вочы тое, што агучана ў легендзе.


...Вёска Прылукі знаходзіцца побач з Мінскам. Калі не паленавацца, дык ад кальцавой да паселішча можна і пешшу прайсці. Знакамітыя Прылукі тым, што тут у добрым стане захавалася былая сядзіба графа Гутэн-Чапскага. Разнастайныя гаспадарчыя пабудовы размясціліся непадалёк ад парку і за сажалкай, на больш адкрытай мясцовасці. Пачынаюць агляд звычайна ад уязной брамы, за якой ва ўсёй сваёй разнастайнасці раскінуўся пейзажны парк. Векавыя дрэвы, самкнуўшы высока над галавой зялёныя шаты, утвараюць галоўную прысаду з відавочнай атмасферай урачыстасці і таямнічасці, бо яшчэ здалёк напрыканцы яе бачна вялізная светлавая прастора, дзе яшчэ больш яскравай плямай праступаюць абрысы нейкай пабудовы — з першага погляду яе можна палічыць прывідам ці міражом. Чым бліжэй, тым лепей можна разгледзець сапраўдныя арысы будынка. А праз некалькі крокаў ва ўсёй сваёй казачнасці і легендарнасці паўстае «зачараваны замак». Так! Менавіта дзякуючы легендзе, якая некалі была таленавіта агучана выдатным паэтам А. Адзінцом у адной з балад, у асноўным і едуць сюды турысты, каб падзівіцца на існуючы на самай справе «зачараваны замак».

Калі звярнуцца да гістарычных звестак, без легенды зноў не абысціся. Яна сцвярджае, што да сярэдзіны XVIII стагоддзя на гэтым месцы існаваў манастыр, ад якога з цягам часу засталася толькі каменная пабудова ў два паверхі. Засталася толькі таму (зноў жа, калі верыць легендзе), што была абаронена нейкімі вельмі магутнымі чарамі і заклінаннямі. Дык вось, непасрэдна з гэтай каменнай пабудовы ўсё і пачалося.

У 1851 годзе Лявон Оштарп пачаў будаваць у Прылуках новую сядзібу. Пад дом прыстасавалі якраз той самы манастырскі будынак. Хаця ёсць меркаванні, што ў гэты час толькі перабудавалі стары сядзібны дом папярэдніх уласнікаў Прылук.

Неўзабаве новым гаспадаром сядзібы стаў Антон Гарват. Пры ім легендарны замак набыў адметныя рысы неагатычнага палаца. І сам палац, і навакольны ландшафт, у тым ліку стары парк і новыя малыя архітэктурныя формы ў выглядзе альтанак і вежы з гадзіннікам, нават вадзяны млын — усё падпарадкоўвалася адзінаму рамантычнаму стылю.

Давялося палацу пацярпець ад пажару ў 1868 годзе. Пашкоджанні былі не такія значныя, але ж гаспадар гэтых мясцін Эмерык Гутэн-Чапскі патраціў нямала сродкаў і прыклаў шмат намаганняў, каб вонкавы і ўнутраны выгляд палаца зноў набыў велічнасць і багацце інтэр’ераў. Больш за тое, падчас аднаўлення палаца да яго дабудавалі аднаі двухпавярховыя крылы, у якіх размясціліся сталовая і аранжарэя.

Па аўтарытэтным меркаванні сучаснікаў, сядзіба ў Прылуках з яе «зачараваным замкам» лічылася на той час самай прыгожай у ваколіцах Мінска. Тут з задавальненнем збіраліся творчыя людзі: архітэктары, мастакі, артысты, спевакі і кампазітары. Некалькі разоў наведваў Прылукі і Напалеон Орда, які ў 1876 годзе зрабіў акварэльныя малюнкі палаца і парку.

Калі я шпацыраваў вакол палаца, па паркавых прысадах, сярод разнастайных гаспадарчых пабудоў, мяне неадступна суправаджала адна цікавая думка. А што, калі сапраўды тыя магутныя чары і заклінанні, калісьці накладзеныя на каменны будынак легендарнага манастыра, захоўвалі і яго, і тое, што ўзводзілася на яго аснове, на працягу доўгага часу? Можа, і сёння «зачараваны замак» яшчэ валодае чарамі дзеля абароны сябе і асяроддзя, у якім ён існуе, і ўсіх тых, хто да яго прыходзіць з добрымі намерамі?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.