Вы тут

Куды прышвартуецца караван?


Што патрэбна для падарожжа? Падняць ветразі і ўзяць замест компаса кнігу — так пачаўся шлях бібліякаравана «Кнігі будуюць масты», што ладзіла Мастоўская раённая бібліятэка на працягу чатырох дзён.


Першы пункт падарожжа — «Востраў “Фарбы”» і сустрэча з таленавітым мастаком, членам Саюза мастакоў Беларусі, прафесарам ГрДУ імя Я. Купалы А. П. Багуставым, які працуе ў галіне станковага жывапісу ў жанры пейзажу і нацюрморта. Галоўная тэма яго работ — любоў да прыроды, выдатных мясцін гродзенскай зямлі, якая стала для яго роднай. Мастак падарыў свае навуковыя і навукова-метадычныя працы з аўтографам і пакінуў запіс у гасцявой кнізе бібліятэкі.

Далей бібліякараван на поўных ветразях накіраваўся ў «Праліў “Літара”». Тут — літаратурна-творчая сустрэча з прадстаўнікамі Выдавецкага дома «Звязда». Завіталі беларускія творцы: пісьменнік, паэт, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» Уладзімір Мазго, дзіцячая пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская і паэт, празаік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Дзмітрый Шулюк. Яны расказалі пра пашанотныя літаратурныя выданні краіны, якія маюць сталыя традыцыі.

У «Бухце “Таленты”» — вечар паэтычнага настрою «Паэзіі чароўныя радкі». Гасцямі сталі паэты, члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык і Людміла Шаўчэнка.

Завяршыў сваё падарожжа бібліякараван, прышвартаваўшыся да вострава «Бібліятэка». Для ўсіх удзельнікаў — PR-акцыя, прымеркаваная да Дня бібліятэк Беларусі. Разам з Буслікам, які падабаецца многім мастаўчанам, выйшлі на цэнтральную вуліцу горада, каб уручыць флаеры «Час чытаць!». Затым PR-акцыя працягнулася ў сценах бібліятэкі. У выкананні загадчыка філіяла «Сельскі клуб “Мікелеўшчына”» Івана Лішко, актыўных чытачоў Жанны Каржэцкай (Харціцкая сельская бібліятэка) і Таццяны Ківер (Дубненскай сельская бібліятэка) прагучалі «Песенька пра чытачоў», байка «Жанчыны Беларусі», песня «Васількова неба». Нечаканым сюрпрызам стала з’яўленне на свяце казачніка Андэрсэна...

Адна з адметнасцяў бібліякаравана — прэзентацыя бібліятэчных падворкаў «Штурманы кніжных мораў». Кожны падворак, арганізаваны супрацоўнікамі бібліятэчных устаноў раёна, быў аформлены з фантазіяй і выдумкай. Гудзевіцкая сельская бібліятэка — цэнтр нацыянальнай культуры і Стралецкая сельская бібліятэка запрасілі дзяцей і дарослых на «Поле цудаў» сустрэцца з героямі казкі А. Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» і паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах. Пескаўская і Струбніцкая сельскія бібліятэкі пазнаёмілі гасцей свайго падворка з гісторыяй узнікнення традыцыйнай цацкі беларускага народа. А дзед Міхед і бабуля Гануля прадэманстравалі беларускія цацкі: саламяныя конікі, дрэва-свістулькі, лялькі з тканіны, саломы, дрэва і паперы, саламянага павука...

 Пірагамі, салодкай выпечкай, квасам, наліўнымі яблыкамі частавалі на сваім падворку Зарудаўеўская, Пацавіцкая і Рагозніцкая сельскія бібліятэкі, а таксама запрашалі патанцаваць пад песні ў выкананні калектыву аматарскай творчасці «Чараўніцы» філіяла «Пацавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры». На падворку дзейнічала кніжная выстаўка «Рознакаляровая зямля Беларусі».

«Гаспадары» падворка, які арганізавалі Дубненская і Харціцкая сельскія бібліятэкі, зарадзілі гасцей вясёлым настроем. Кніжная выстаўка «Хіт-парад дзіцячых кніг», печка, фотазона, казачнае дрэва з пытаннямі віктарыны нікога не пакінулі абыякавым.

Вясёлымі конкурсамі, пазнавальнымі віктарынамі, салодкімі пачастункамі, казачным варэннем з хваёвых шышак, ажыны заклікалі на сваё падвор’е Мікелеўшчынская, Мілявіцкая і Правамастоўская сельскія бібліятэкі. Тут можна было ўзяць удзел у майстар-класе па пляценні з газетных трубачак, паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах.

Для хлапчукоў і дзяўчынак на пляцоўцы каля бібліятэкі правялі квэст-гульню «Чароўная краіна Оз». А яшчэ ў бібліятэцы «вырасла» «кніжная яблынька», дзякуючы якой кожны ахвотны, сарваўшы лісток з дрэва, мог атрымаць рэкамендацыю да прачытання якой-небудзь кнігі. Уразіла фотазона «Прымер касцюмчыкі» (зробленыя са старых газет і часопісаў). Выстаўка «Інфармацыйны фарватар» прадставіла матэрыялы па гісторыі бібліятэчнай справы раёна.

Завяршылася падарожжа флэшмобам «Бібліятэкі былі, ёсць і будуць!»

Вольга КОРШУН, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.