Вы тут

Прэзідэнту паказалі найноўшыя айчынныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі


Нягледзячы на халоднае надвор'е, учора на палігоне ў Івацэвіцкім раёне было горача: пасля даклада аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках зброі беларускаму лідару ўсё паказалі ў справе. Прысутныя назіралі чатыры эпізоды, удзельнікі якіх — беспілотныя лятальныя апараты, авіяцыя, агнявыя комплексы, бранятэхніка і супрацьтанкавыя ракетныя комплексы.


Мы нікому не пагражаем

Яшчэ ў ходзе агляду ўзораў зброі Аляксандр Лукашэнка заявіў: тут сабраліся не для таго, каб каму-небудзь пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну, гэта штодзённае жыццё. Паводле слоў беларускага лідара, мадэрнізуюць айчынныя Узброеныя Сілы ўжо чацвёрты раз, улічваючы сучасныя тэхнічныя сродкі і вопыт канфліктаў у свеце.

На далёкім першым этапе вызначаліся з колькасным саставам арміі — маўляў, для чаго кампактнай краіне было 250—300 тысяч ваенных? Акрамя таго, па словах кіраўніка дзяржавы, першы крок нашай незалежнай суверэннай арміі — рашэнне Прэзідэнта, каб пакінутую ў выніку развалу СССР тэхніку перасталі «рэзаць» і вывозіць. Так разбой быў спынены.

Потым былі ўзброеныя канфлікты ў свеце. У нашай краіне з'явіліся навукова-даследчыя групы, вывучалі вопыт гэтых войнаў. «Стаяла пытанне, як прыстасаваць войска і ўзбраенне да нашых умоў, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Потым былі чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый».

«Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якой будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця, — сказаў Прэзідэнт. — І мною была пастаўлена задача, каб мы прыступілі да распрацоўкі новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае.

Ён таксама дадаў, што для Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі, гатовыя да хуткага рэагавання.

«Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне», — канстатаваў Прэзідэнт.

Умець стварыць сваё

Па выніках дэманстрацыі магчымасцяў новага айчыннага ўзбраення кіраўнік дзяржавы пагутарыў з журналістамі.

На пытанне аб тым, наколькі сёння Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт спраўляецца з ускладзенымі на яго задачамі, Прэзідэнт адзначыў, што незалежнасць у вытворчасці і мадэрнізацыі для любой краіны — пытанне № 1. Беларускі лідар прывёў у прыклад Расійскую Федэрацыю:

«Я часта сустракаюся з Прэзідэнтам Расіі, для яго больш важнай праблемы няма, хоць у іх і так з часоў Савецкага Саюза — Расія асноўная база была вытворчасці нашай зброі, — спадчына засталася немалая, але тым не менш сёе-тое для сучаснай зброі яны куплялі. Цяпер пытанне № 1 у Расіі — сысці наогул ад імпарту», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка назваў наступную сітуацыю: нават маючы блізкія адносіны з Беларуссю, будуючы адзіную Саюзную дзяржаву, Расія на базе прадпрыемства «КамАЗ» стварае транспарт для перавозкі ядзерных ракет. Ён дадаў, што пытаўся ва Уладзіміра Пуціна: навошта гэта рабіць, калі такі транспарт беларускай вытворчасці пастаўляецца ў Расію. «Ён мне прама кажа: добра, сёння ў Беларусі Лукашэнка, улада і іншае, мы бачым і купляем, але ў перспектыве мы павінны быць абсалютна перакананыя, што асабліва для ядзернай зброі — гэта галоўная зброя ў любой краіне — мы павінны быць незалежныя, — падзяліўся падрабязнасцямі размовы з кіраўніком Расіі беларускі лідар. — Вы разумееце, наколькі сур'ёзна стаіць пытанне незалежнасці ў абароне краіны?».

У сувязі з гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, была пастаўлена задача: пісталеты, аўтаматы, стралковая зброя і боепрыпасы да яе ў Беларусі павінны быць. Ён таксама звярнуў увагу, што гэта неабходна і для таго, каб пры ўзнікненні ваеннай пагрозы можна было кожнаму (даросламу грамадзяніну) выдаць зброю для абароны Радзімы. «Але для гэтага трэба мець сваё. Тое, што можна перадаць мірнаму насельніцтву, якое будзе абараняць сваю краіну. Далей — болей: не будзем жа мы разлічваць на мірнае насельніцтва, якое будзе ваяваць. Гэта ўжо крайні выпадак, не дай бог. Армія павінна быць падрыхтавана, колькасць гэтай арміі павінна быць адпаведнай, і яна павінна мець тую зброю, якая нам трэба. Я прыводзіў прыклад: нам авіяносцы не патрэбныя, нам стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі, якія нясуць ядзерную зброю, таксама не патрэбныя. У нас няма ядзернай зброі, мы не збіраемся яе ствараць», — канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Беларусі трэба зброя, якая будзе выкарыстоўвацца выключна для абароны, толькі на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто нападзе на нашу краіну, непрымальнай шкоды. На яго думку, гэта высокадакладнае ракетнае ўзбраенне з далёкасцю да 300—350 кіламетраў, якое ў Беларусі ёсць. Аднак, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, цяпер паглядзелі на новыя распрацоўкі — беспілотныя лятальныя апараты, а таксама на тое, што можна палепшыць з дапамогай мадэрнізацыі наяўнай тэхнікі.

«У гэтай частцы зроблена нямала, ёсць над чым працаваць, — сказаў ён. — Я бачу, што за гэтыя два гады — нават два не прайшло, калі я паставіў задачу рабіць гэта, — яны зрабілі нямала. І мы сёння адкрыта і шчыра сказалі, што самае галоўнае не тэхніка для нас, яна ў нас добра працуе. Аператары, людзі — іх трэба вучыць, тэхніка нармальная».

На думку беларускага лідара, да зімы гэта цалкам рэальна давесці ўсё да ідэальнай гатоўнасці, а калі будзе час, то такія трэніроўкі варта паўтарыць. Прэзідэнт таксама дадаў, што наўрад ці ў Беларусі будуць актыўна выкарыстоўваць беспілотнікі «Камікадзэ», аднак ёсць дамоўленасць аб стварэнні адзінага цэнтра распрацоўкі такіх прылад, у якім давядуць да розуму апарат, неабходны краіне. А беспілотнікі-разведчыкі ў Беларусі добрыя, дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы зноў падкрэсліў: галоўнае — навучыць людзей, а тэхніка сваю справу ведае, толькі трэба ёй разумна кіраваць. «Выснова галоўная сёння ў тым, што мы на правільным шляху. У гэтым кірунку будзем рухацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Служба ў арміі мужчыну патрэбна

Другое пытанне таксама датычылася ваеннай справы: у Аляксандра Лукашэнкі спыталі, як адрадзіць былы прэстыж службы ў арміі. Па словах кіраўніка дзяржавы, ён некалькі рэзка выказваецца на гэтую тэму, паколькі гэта яго як мужчыну — не толькі як Прэзідэнта, занадта чапляе. Беларускі лідар прывёў лічбу: амаль 80 % мужчын, якія трапляюць пад прызыў, атрымліваюць адтэрміноўкі. Прычыны розныя, аднак вынік адзін: значную колькасць ваеннаабавязаных не прызываюць.

«Гэта нармальна? Гэта ненармальна. Ведаеце, мы выміраем як клас, мы выміраем як мужыкі. Якой жанчыне патрэбны мужык, які не служыў? — задаўся пытаннем Прэзідэнт. — Вось я кажу: не дай бог, вайна, раздадзім зброю. Што яму зброю даваць, калі ён не ўмее ёй карыстацца? Таму вельмі сур'ёзна — гэта наша задача — на працягу гэтага года і наступнага паўгоддзя падумаем над тым, як зрабіць так, каб навучыць мужыка абараніць хоць бы сябе, сям'ю, не кажучы ўжо пра тое, што ён павінен радзіму абараняць».

Акрамя таго, сёння сітуацыя складваецца такім чынам, што прэстыж арміі значна пагаршаецца з-за асобных інцыдэнтаў, у сувязі з чым людзі пачынаюць асцерагаюцца. Прэзідэнт падкрэсліў: у нас добрая армія, не без рознага роду праблем, як у Печах, аднак падобнае было ва ўсе часы.

Беларускі лідар канстатаваў, што так не бывае, калі армія ваюе, удзельнічае ў вучэннях, а людзі не гінуць. У прыклад ён прывёў вучэнні ў Савецкім Саюзе, калі ў канцы 80-х гадоў загінула больш за 20 чалавек, хоць вучэнні былі вельмі перадавымі.

«Я гэта да чаго: нам яшчэ маліцца трэба, што бог нас беражэ, што мы ў арміі не нясем такіх страт, нават у мірны час. Але гэта не апраўданне падзеям у Печах», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на адзінкавыя выпадкі дзедаўшчыны. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у яго ад гэтага ўсё ўнутры пераварочваецца, паколькі падчас яго ўласнай службы такое было непрымальна. Ён падкрэсліў: калі ёсць дзедаўшчына, калі здзекуюцца з людзей, гэта ганьба арміі і гэта будзе выпальвацца гарачым жалезам.

«Не дай бог, калі гіне чалавек, не дай бог. Гэта ж ты яго гадаваў, а ён загінуў. Але на жаль, бывае ўсякае. І тое, што нам удалося зберагчы сваіх хлопцаў, сваіх вайскоўцаў, сваю краіну ад гэтых войнаў, трымаць на мінімуме гэтыя праблемы — гэта вялікае дасягненне», — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўтойваць нічога не трэба, але лішні шум падымаць не варта, у сувязі з чым народ служыць не хоча, а хтосьці і баіцца. «Не трэба баяцца гэтага. Мы ад гэтага нікуды не сыдзем, наша такая доля, асабліва мужыкоў, Радзіму абараняць», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ад гвалту да алкаголю

Трэцяе пытанне датычылася законапраекта, прысвечанага супрацьдзеянню хатняму гвалту. Дакумент стаў даволі абмяркоўваемы ў грамадстве: у прыватнасці, у ім ёсць паняцце «эканамічны гвалт» (напрыклад, не даў дзіцяці грошай на кішэнныя выдаткі) ці сітуацыя, калі сужэнцы называюць сябе «партнёры», а не «муж і жонка».

Аляксандр Лукашэнка ёміста выказаўся з нагоды праекта закона — «бязглуздзіца поўная». «Гэта той выпадак, калі ў нас даручаюць распрацоўку праектаў законаў не тым, каму трэба. Я правяду паралель: зусім нядаўна мне давялося адмяніць вядомае рашэнне па продажы ноччу лікёра-гарэлачных вырабаў», — нагадаў ён. Беларускі лідар растлумачыў, што адбылося: ён пачаў разбірацца, хоць яму нават не паведамілі, што такое рашэнне прынята, раней кіраўнік дзяржавы катэгарычна забараніў падымаць гэтую тэму без яго ведама.

Раней гэта ўжо ўсё праходзілі: Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб камсамольскіх вяселлях, калі на ўрачыстасці алкаголь разлівалі з чайнікаў, хоць былі прыняты адпаведныя законы.

«Скажыце, хто з нас не змог бы купіць у любы час ночы спіртное? Па званку, насілі, вазілі б, і тыя прадаўцы, якія ў крамах не павінны прадаваць, яны б адчынялі крамы і раздавалі гэтыя бутэлькі», — сказаў Прэзідэнт. Ён паставіў пытанне: няўжо нам гэта трэба — каб таксісты з багажнікаў па начах прадавалі спіртное?

І справа тут не ў бюджэце, хоць гэта таксама важна, сказаў Прэзідэнт. Гэтая тэма таксама закраналася ў размове з Уладзімірам Пуціным. Прэзідэнт Расіі расказаў, што беларускі алкаголь і цыгарэты карыстаюцца папулярнасцю на тэрыторыі яго краіны, аднак гэта адбываецца не з-за таннасці ўвозу і продажаў. Расіяне самі фурамі возяць гэтую прадукцыю з-за яе якасці, прыязджаюць у прыгранічныя гарады і купляюць.

Што датычыцца разбору сітуацыі з забаронай на продаж алкаголю, то Прэзідэнт адзначыў: міліцыя звярнулася ва ўрад, а ён рэкамендаваў правесці эксперымент. «Слухайце, які эксперымент? Эксперымент праводзяць, калі не ведаюць, што будзе на выхадзе, каб паспрабаваць, але мы ж ужо гэта спаўна паспрабавалі. Які эксперымент? Гэта бязглуздае рашэнне ўрада ў выглядзе эксперымента, ну, напэўна, каб дагадзіць міліцыі і гэтак далей. На што я папярэдзіў міліцыю», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы іранічна прапанаваў у такім выпадку забараніць ездзіць на аўтамабілях, бо на дарогах гіне значная колькасць людзей. Відавочна, што — гэта іронія, вырашаць праблему трэба інакш.

Беларускі лідар падкрэсліў: распрацоўка законапраектаў — не справа міліцыі, яны могуць дапамагчы, параіць і пракансультаваць. Аднак гэтым павінны займацца профільныя органы, грамадскасць, урад, Адміністрацыя Прэзідэнта і іншыя.

Гэта датычыцца любога законапраекта — яго прыняцце залежыць толькі ад інтарэсаў народа і дзяржавы. Узяць хатні гвалт: паводзіны бацькоў «без цара ў галаве» ніякімі законамі не адрэгулюеш. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: бачыш, што дзіцяці і блізка не трэба грошы паказваць, то не паказвай. Што да фізічнага ўздзеяння на дзяцей, то, паводле яго слоў, часам для некаторых можна дазволіць пляснуць рукой або нават рэменем. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: ён не прыхільнік таго, каб караць дзяцей, і падзяліўся ўласным досведам выхавання сыноў. Віктар, старэйшы сын, часам атрымліваў, а вось Мікалай, малодшы, — ніколі. «Ён гэтага не заслугоўвае, — сказаў беларускі лідар. — А сярэдні, Дзіма, ён ужо бачыў, як Віцю даставалася за справу, ён роўненька стаяў побач і ўжо не шкодзіў». Прэзідэнт сказаў, што магчымыя змены ў існуючыя дакументы, дырэктывы па супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Дапамагаць тым, хто мае патрэбу

Апошняе пытанне было прымеркавана да Дня настаўніка: якіх прынцыпаў выхавання прытрымліваецца Прэзідэнт як бацька школьніка?

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры выхаванні як атрымаецца: калі дзіця не разумее, то бацька можа жорстка сказаць. «Я ўсё ж такі Прэзідэнт, таму, напэўна, і дзеці ўлічваюць, што бацьку лепш не хваляваць, і калі ён так кажа — гэта ўжо закон. Таму я не ўзор у выхаванні дзяцей і не прыклад для пераймання. Ды і дзеці разумеюць, што бацьку падвесці нельга. Я вельмі рады, што яны не сталі залатой моладдзю, як модна цяпер казаць», — дадаў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, напярэдадні навучальнага года старэйшыя сыны дапамагаюць навучальным установам, а малодшы сын дапамог некалькім дзясяткам дзяцей у набыцці школьных прыладаў і адзення. «Сабралі тое, што ён за лета зарабіў, старэйшыя яму крыху далі, я два месячныя аклады ў гэтую касу паклаў, мае хатнія патрошку сабралі — і пяцідзесяці чалавекам у школе аказалі дапамогу. Гэта яго выхаванне: калі ў цябе ёсць — дапамажы таму, хто мае патрэбу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што дзіця павінна не толькі добра вучыцца, але і мець захапленні, — няхай гэта будзе спорт, музыка або іншае мастацтва.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Усё вызначана ад жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?