Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Як клічуць, так і адклікаюцца

Такога, як сёлета, ураджаю яблыкаў не прыпомняць нават старыя! А ўсё з-за таго, што на квецень садоў не выпала замаразкаў. Вось і ацалела ўсё, вось і спажываем — думаем, як лепш скарыстацца дараваным прадуктам, як захаваць яго ў зіму. Нават самыя руплівыя гаспадыні не ўпраўляюцца варыць варэнні, ставіць кампоты, сушыць... Большасць яблыкаў усё роўна дастаецца скаціне альбо гніе пад дрэвамі. А што рабіць, калі ў сённяшніх вяскоўцаў няма ўжо ні сілы, каб спіны гнуць ды мяшкі цягаць, ні асаблівага жадання — пры цане ў тры капейкі за кіло... Але ж гэта сёлета, а вось некалі...

У ліхія пасляваенныя гады ў многіх гаспадароў старыя пладовыя дрэвы павымярзалі, а маладыя яшчэ не выраслі. Так што большасці дзяцей яблыкі ды грушы хіба сніліся...

Праўда, здараліся і святы: раніцай, бывала, загоніш карову ў агульны статак, а ідзеш назад — цётка Мар'я ўжо назбірала ў фартух чырвоных «цыганак», залацістых антонавак, ужо кажа нам: «Разбірайце, дзетачкі, ешце!..» Ды расцалаваць бы яе за гэтыя словы, за яблычкі!

Але ж дзяцей — нават на нашым хутары — было тады шмат, а цётка Мар'я, вось такая, ці не адна. Іншыя гаспадары ў сваіх садах, можна сказаць, начавалі — пільнавалі яблыкі, нават з сабакамі.

Помню, брат мой Міша — курсант мараходнага вучылішча — прыехаў дамоў на канікулы. Вечарам з сябрам Іванам (абое — вачэй не адвесці — высокія, статныя, Міша да таго ж у прыгожым кіцелі пад шырокай дзягай, у портках-кляшах, бесказырцы...) на вячоркі пайшлі ў суседнюю вёску, што пры самым лесе была. І, відаць жа, добра там «адарваліся», бо дадому ледзь ногі валаклі, яшчэ і таму, што абодва са шматдзетных сем'яў, абодва, можна сказаць, на галодным пайку.

— А давай у гэты сад з табой злазім, — прапанаваў майму брату сябрук. — Белы наліў амаль што паспеў.

Двойчы паўтараць гэту прапанову Івану не прыйшлося. Хлопцы асцярожна рассунулі паркан, з юнацкім спрытам сіганулі праз верхнюю жэрдку, сталі рваць ды па кішэнях распіхваць яблыкі.

Усё гэта рабілася ціха, але ж сабака ўсё роўна пачуў: забурчаўшы ды гаўкнуўшы, пабудзіў гаспадара, і ўжо разам яны рванулі да хуліганаў. Тыя, вядома ж, кінуліся ўцякаць. І нават паспелі, але на дрэве, зачапіўшыся стужкай за сук, засталася вісець бесказырка. Дамоў без яе Міша яшчэ мог вярнуцца, а вось у вучылішча — ды ні ў якім разе! Адлічаць...

Таму хлопцы, адбегшы на бяспечную адлегласць, доўга стаялі, сядзелі ў кустах — чакалі, пакуль гаспадар з сабакам вернуцца на падворак. А ўрэшце, не дачакаўшыся, пайшлі на перамовы.

— Дзед, навяжы сабаку, — папрасіў Іван. — Мы пад яблыняй адну рэч згубілі. Дык будзь чалавекам — дазволь забраць... Яблыкаў чапаць не будзем.

— А чорт вам верыў! — азваўся гаспадар. — Ідзіце адсюль, пакуль сабаку не спусціў!

— Па-добраму, значыць, не хочаш? — грозна спытаў Іван. — Ну тады выбачай: мы не знойдзем тое, што згубілі, а ты ў лесе — сваіх свіней.

Пасля гэтых слоў Іван выдраў з плоту ёмкую парканіну і, не зважаючы на залівісты брэх сабакі, рушыў да свінога хлеўчыка.

— Ты што задумаў? Там жа свіння з парасятамі... Не выпускай, — закрычаў Івану гаспадар.

І ўжо змяняючы гнеў на ласку, дадаў:

— Ідзі ў сад, бяры там, што хочаш. Я сабаку ў будцы запру... Можаш нават яблыкі рваць!

Але хлопцам ужо было не да іх: са знаёмай яблыні Міша зняў сваю бесказырку, і сябрукі, шчаслівыя, рушылі дадому.

Ніна Бурко, г. Беразіно


Грыша і Ку-Клукс-Клан

Больш за паўвека таму вучыўся я ў СПТВ, жыў у інтэрнаце. За парадкам у ім сачылі вахцёры. Адзін — аднарукі франтавік дзядзька Толя, ставіўся да жыльцоў досыць паблажліва, за бутэльку «жыгулёўскага» мог пусціць у інтэрнат пасля адбою, а за пляшку «чарніла» — нават дазволіць правесці да сябе не вельмі сарамлівую дзяўчыну...

Поўнай супрацьлегласцю яму была зменшчыца, дзеўка гадоў сарака, непрывабная з твару, трохі кульгавая і, мусіць, з-за гэтага злая на ўвесь белы свет, а ўжо на мужчын ды хлопцаў дык што і казаць! Роўна ў дзесяць вечара, калі з радыёкропкі гучаў апошні піск дакладнага часу, яна зачыняла дзверы на засаўку і не адчыняла нікому — як бы хто ні прасіў! Даходзіла да таго, што хлопцы, якія сярод ночы на дызель-цягніку вярталіся ад бацькоў, раніцы чакалі на вакзале. Па чутках, сам начальнік раённай міліцыі пытаў у нашага дырэктара, што за гестапаўка ў нас на вахце сядзіць?

І што было адказаць? Чалавек працуе, выконвае свае абавязкі, трымае дысцыпліну — не падкапаешся. І, як здавалася, нічога не зменіш, але...

У тую восень з надыходам халадоў у наш інтэрнат прыслалі брыгаду маляроў-тынкоўшчыкаў, распачалі так званы касметычны рамонт. Для гэтага і папярэдне нас, жыльцоў з першага паверха, выселілі ў так званы ленінскі пакой, дзе раней можна было паглядзець тэлевізар ды паслухаць палітінфармацыі зампаліта. У асноўным пра тое, як шчасліва жывецца савецкай моладзі і як пакутуюць амерыканскія негры ад расістаў з нейкага Ку-Клукс-Клана... Усе ініцыялы нашай вахцёркі таксама пачыналіся з літары «К». Адкуль і мянушка...

Але ж з'явілася яна — і няхай. А мы ў тым кагале дружна жылі: на галовах хіба не хадзілі, бо цесна было.

Праўда, без Грышы. Гэтага цельпука не цікавіла тады нішто — ні дзеўкі, ні карты, ні гармонік з гітарай... А вось паспаць ён любіў — дзе заўгодна, калі заўгодна і колькі заўгодна, што, як ні дзіўна, і спрацавала.

Як справа была? Ды некаму з хлопцаў зусім не цудоўнай снежаньскай ноччу стрэліла ў бесталкоўку ложак са спячым Грышам вынесці... у вестыбюль — прыставіць да канапы, дзе адпачывала вахцёрка і паглядзець, што адбудзецца.

Сказана — зроблена, прычым вельмі ціхенька, басанож: вынеслі, прыставілі — спяць «галубкі» — галавой да галавы, можна сказаць. Хлопцы пазіраюць, чакаюць, а дзеянняў — а ніякіх... Аж пакуль нехта ззаду не ляпнуў: «Ну што ж ты, Грыша, смялей...»

Рогат грымнуў такі, што прачнуліся тры паверхі, не кажучы ўжо пра вахцёрку.

Тая падскочыла, спалохана зірнула на Грышу, са злосцю схапіла за плячо.

Той спрасоння абазваў нас брыдкімі словамі («прыдуркі» было самым ласкавым), потым папрасіў мяне (да гэтага мы ў адным пакоі жылі) дапамагчы яму занесці ложак на месца і зноў заваліўся спаць.

Раніцай вахцёрка Клаўдзія Кандратаўна ледзь дачакалася начальства, каб паскардзіцца яму на нашы паводзіны.

Дырэктар з зампалітам, як водзіцца, абяцалі ва ўсім разабрацца. Але нехта з іх разважліва дадаў, што да работы яе прэтэнзій, вядома ж, няма. Але горад зусім невялічкі: усе і ўсё тут ведаюць. А значыць, чуткі пра тое, што яна «была» з навучэнцам, могуць пайсці... І што тады?

Прыйшлося жанчыне напісаць заяву «па ўласным», саступіць сваё месца маладжаваму пенсіянеру (дарэчы, цесцю зампаліта), які вельмі хутка навучыўся браць з хлопцаў піва і «чарніла», скрозь пальцы глядзець на паводзіны.

...Потым, з вышыні пражытых гадоў, я часта разважаў, што нам, падлеткам, дрэнна было і з «Ку-Клус-Кланам», і... без яго.

З тых самых часоў я не вітаю крайнасцяў: усё жыццё стараюся трымацца сярэдзіны — кіравацца сумленнем.

В. Г., г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.