Вы тут

У справе закупкі яблыкаў у насельніцтва кааператары не маюць канкурэнтаў


Сезон нарыхтовак у спажыўкааперацыі, можна сказаць, у самым разгары. У гэтым годзе кааператары Брэстчыны закупілі ў насельніцтва шмат чарніц, яблыкаў, агуркоў, памідораў, мёду, кавуноў, зараз ідзе нарыхтоўка грыбоў, бульбы, збожжа.


Адначасова вядзецца продаж нарыхтаванай прадукцыі. Скажам, 29 верасня, у першы дзень асенніх кірмашоў у Брэсце, у абласны цэнтр прывезлі прадукцыю дзесяць арганізацый спажыўкааперацыі. Прадалі прыкладна палову ад прывезенага тавару. Першыя кірмашы, паводле ацэнкі спецыялістаў, традыцыйна не вылучаюцца актыўнасцю пакупнікоў. На першых прыцэньваюцца, купляюць на наступных.

Удзельнічалі ў асенніх кірмашах і работнікі Пружанскага райспажыўтаварыства. Наперадзе — яшчэ некалькі такіх выездаў. Старшыня праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Дзмітрый КАРПЕЙ расказаў, што нарыхтоўкі сёлета вядуцца, несумненна, больш паспяхова, чым летась. Таму што ў гэтай справе шмат залежыць ад ураджаю. Яблыкаў цяпер нарасло як ніколі. Нарыхтавалі іх ужо 882 тоны. Дарэчы, у Пружанах ёсць свая перапрацоўка садавіны. У асноўным нарыхтоўшчыкі, у тым ліку з суседніх раёнаў, вязуць яблыкі на прадпрыемства «Белавежскія віны». З пачатку года там ужо перапрацавана 2044 тоны яблыкаў.

Старшыня Шчарчоўскага сельскага Савета Пружанскага раёна Віктар ВАНЕКА расказаў, што сёлета ў іх нарыхтоўкай яблыкаў займаюцца чатыры сельскія крамы: дзве ў Шчарчове, у Галасяціне і Брадах.

— Вяскоўцы падвозяць яблыкі да магазіна, тут іх прадукцыю ўзважваюць і разлічваюцца з гаспадарамі. Варта сказаць, што людзі былі задаволеныя. Здаць нават па пяць капеек за кіло азначае пэўны прыбытак для ўласнага бюджэту, гэта ўсё ж лепш, чым калі б садавіна наогул прапала. Асобныя гаспадары здавалі па некалькі тон адразу. І ніводнай скаргі наконт гэтага ў сельвыканкам не паступіла, — працягвае Віктар Мікалаевіч. — Калі ў сезон грыбоў і ягад у нашым лясным краі бывае нямала прыватных нарыхтоўшчыкаў, у тым ліку з суседніх абласцей, то ў выпадку з яблыкамі такіх ахвотных не знайшлося. Так што спажыўкааперацыя стала адзінай арганізацыяй, якая не дала прапасці садоваму ўраджаю сяльчан.

— У Пружанскім раёне працуе пяць стацыянарных нарыхтоўчых пунктаў, адзін перасоўны, у штаце райспажыўтаварыства — дзесяць нарыхтоўшчыкаў. На час нарыхтоўкі яблыкаў было задзейнічана дадаткова пяць адзінак транспарту, — расказаў намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Аляксандр ЯРОЦКІ.

Зараз у нарыхтоўшчыкаў працягваецца гарачая пара. Ідзе закуп у насельніцтва і прадпрыемстваў розных формаў уласнасці агародніны, бульбы, журавін.

Такім жа прыкладна чынам працуюць і астатнія спажывецкія таварыствы вобласці ў гэты час. Намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Аляксей МАКАРЭВІЧ расказаў, што закуп прадукцыі і сыравіны ў арганізацыях спажывецкай кааперацыі ажыццяўляюць 108 штатных нарыхтоўшчыкаў, у раёнах дзейнічаюць 79 стацыянарных і 22 перасоўныя прыёманарыхтоўчыя пункты, гэтай работай таксама займаецца каля 1,5 тысячы прадпрыемстваў гандлю.

Сёлета, як вядома, у нашых садах вырас небывалы ўраджай яблыкаў. Іх бралі ў насельніцтва для прамысловай перапрацоўкі па пяць капеек за кілаграм, а за таварны яблык давалі ад 30 да 60 капеек. На пачатак кастрычніка арганізацыямі спажывецкай кааперацыі вобласці закуплена 10,4 тысячы тон яблыкаў — гэта амаль удвая больш, чым за аналагічны перыяд летась. Але нарыхтаваць садавіну, закупіць яе ў насельніцтва — толькі палова справы. Важна яе потым рэалізаваць. Для гэтага ў маі — чэрвені былі праведзены перагаворы з перапрацоўчымі прадпрыемствамі, вызначаны адрасы паставак і аб'ёмы. Цяпер кааператары вобласці адпраўляюць яблыкі 17 перапрацоўшчыкам, дзевяць з іх размешчаны за межамі вобласці. Астатнія ідуць у гандлёвыя арганізацыі і закладваюцца ў сховішчы з тым, каб вітамінную прадукцыю прадаваць зімой.

— Агародніна- і бульбасховішчы цяпер надзвычай запатрабаваныя, — гаворыць начальнік аддзела нарыхтовак аблспажыўсаюза Валерый КАПІТАНЧЫК. — Іх у вобласці 18. А яшчэ ёсць 88 халадзільных камер для замарозкі і ахаладжэння прадукцыі. Сёлета нашы арганізацыі нарыхтавалі 3900 тон агуркоў, 980 тон таматаў, 1800 тон капусты, першыя дзве тысячы тон бульбы. Работа працягваецца. У кожным раёне запланаваныя аб'ёмы закладкі ў сховішчы.

Асаблівасцю гэтага года, паводле слоў Валерыя Капітанчыка, можна назваць добры ўраджай айчынных кавуноў. Клімат наш палагаднеў, многія ўзяліся за гэтую культуру: і гаспадаркі, і фермеры, — закуплена ўжо 230 тон кавуноў. Чарніц сёлета нарыхтавалі амаль у 15 (!) разоў больш, чым летась. Ідзе нарыхтоўка збожжа, хоць бягучы год быў не надта ўраджайны на збожжа. Дарэчы, на кірмашах яно надзвычай запатрабавана. Часам бывае, прыязджае фермер і забірае ўсё збожжа, якое прывезена на рэалізацыю. Бяруць таксама вяскоўцы і жыхары прыватнага сектара па мяху збажыны для свойскай птушкі. Так што збожжа — прадукт хадавы, і яго нарыхтоўцы ўдзяляецца належная ўвага.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Не даць прапасці садавіне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».