Вы тут

Бізнес на дарах прыроды


Ураджай на яблыкі сёлета асабліва багаты, і шмат хто хацеў на іх зарабіць. Але цана ад спажыўкааперацыі — 5 капеек за кілаграм — расчаравала. Гэта ж цэлую тону трэба назбіраць, каб атрымаць 10 рублёў. У выніку частка ўраджаю так і засталася гніць на прысядзібных участках. Крыўдна.


— Згодны, 5 капеек за кілаграм — гэта не цана, але ж тут не ўсё ад нас залежыць, — кажа начальнік аддзела нарыхтовак, ЗЭД і рынкаў Магілёўскага аблспажыўсаюза Аляксей Сіроцін. — Быў перыяд, калі перапрацоўшчыкі прымалі яблыкі па 9 капеек за кілаграм, а мы трымалі вельмі высокую планку — 7 капеек. Гэта з улікам таго, што са свайго даходу (з тоны атрымлівалі ўсяго 20 рублёў) плацілі заработную плату нарыхтоўшчыкам і неслі адчувальныя транспартныя выдаткі. Бо прыйшлося добра пакалясіць па вёсках. Да таго ж мінімальная цана распаўсюджваецца толькі на яблычны апад. Таварны яблык мы прымаем па цане 30 капеек за кілаграм. Але ў гэтым выпадку павінны быць яблычак да яблычка. Насельніцтва ж часцей за ўсё прапануе першы варыянт. Такія яблыкі хутка гніюць, і іх каштоўнасць падае на вачах. Перад тым, як устанавіць канкрэтную суму, мы заўсёды аналізуем кан'юнктуру рынка. Калі летась яблыкаў не было і перапрацоўшчыкі гатовы былі браць іх па 20 капеек за кілаграм, мы і арыентаваліся на гэтыя расцэнкі.

Па сутнасці, кожны з нас сам сабе гаспадар. Тыя, хто не паленаваўся зняць ураджай і самастойна прадаць яго на рынку, не прайгралі. Найбольш апетытныя, буйныя і наліўныя плады ішлі па рублі і болей за кілаграм.

Цана — паняцце адноснае.

Але калі ацэньваць, колькі насельніцтва атрымала ад спажыўкааперацыі грошай за сваю садавіну-агародніну і другасную сыравіну, лічба атрымаецца больш важкая. У Магілёўскай вобласці за 9 месяцаў здатчыкам выплачана больш за 20 мільёнаў (!) рублёў.

— Мы пастаянна нешта купляем у вяскоўцаў. Тых жа яблыкаў на 3 кастрычніка нарыхтавалі больш за 16 тысяч тон — 157 % да ўзроўню мінулага года на такі ж перыяд. І гэта пры тым, што ставілі перад сабой задачу закупіць дзесьці каля 15 тысяч тон. Але нарыхтоўкі працягваюцца да сёння, — адзначае Аляксей Сіроцін.

Больш актыўна яблыкі закупляюць у Магілёўскім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім раёнах. Горкі і Кіраўск наогул нарыхтавалі па 2 тысячы тон.

Нядрэнныя лічбы і па астатніх пазіцыях. Практычна па ўсіх леташнія аб'ёмы перавыкананыя. Агуркоў закуплена 1130 тон — 109 % у параўнанні з гэтым жа перыядам мінулага года, памідораў — 1023 тоны (114 %), капусты наогул 1778 тон (154 %), суніц садовых — 107 тон, чорных парэчак больш за 500 тон. Па вобласці прыём садавіны-агародніны вялі больш за 1000 крамаў, працавалі больш за 100 нарыхтоўшчыкаў.

Уся садова-лясная смаката часткова рэалізоўвалася праз гандлёвую сетку спажыўкааперацыі, а таксама ішла перапрацоўшчыкам і нават на экспарт. Напрыклад, з больш чым 350 тон закупленых чарніц больш як 80 % адправілася за мяжу. А гэта валюта для краіны.

Нарыхтоўкі між тым працягваюцца. Зараз акцэнт робіцца на журавіны. І цана прывабная — ад 3 рублёў за кілаграм.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.