Вы тут

Зялёны квэст па Навагрудку


Ён стаў пілотным горадам праекта ГЭФ-ПРААН-Мінпрыроды «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» («Зялёныя гарады»), не мог застацца ўбаку ад правядзення кампаніі Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Жыхары горада актыўныя і жыццярадасныя, а гарадская адміністрацыя імкнецца забяспечыць устойлівую мабільнасць з дапамогай не толькі правядзення масавых мерапрыемстваў, але і рэканструкцыяй з акцэнтам на экалогію.


Журналісты і госці Навагрудка прайшлі пешшу па вуліцах, каб выканаць гарадскі квэст, распрацаваны мясцовым райвыканкамам, і пазнаёміцца з горадам.

На цэнтральнай плошчы райцэнтра адбыўся сімвалічны заезд на веласіпедах і самакатах з удзелам школьнікаў, моладзі і выхаванцаў дзіцячых садкоў, а дзень завяршыўся велапрабегам «Да мэты ўстойлівага развіцця № 11 — на веласіпедзе!». Велапрабег прайшоў да ветрагенератараў, усталяваных пад Навагрудкам.

Іаана Казана-Вішнявецкая, каардынатар ААН, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі, якая не толькі ўзнагароджвала юных удзельнікаў, але і прымала ўдзел у 12-кіламетровым велапрабегу, прызналася:

— Я толькі пачынаю знаёміцца з беларускімі гарадамі і вельмі рада, што ў Навагрудку столькі неабыякавых людзей. Яны выбіраюць актыўнасць, здаровы лад жыцця і могуць гэта рабіць ва ўмовах такога прыгожага горада. Рух на роварах — гэта вельмі добра для здароўя людзей, для прыроды, для камунікатыўных зносін. Мы рады былі далучыцца да гэтага мерапрыемства і працаваць разам.

Навагрудак валодае вялікім турыстычным патэнцыялам, перакананыя ў гарадской адміністрацыі, але гэты патэнцыял неабходна развіваць. За год у горадзе бывае каля 50 тысяч турыстаў (для параўнання: насельніцтва самога райцэнтра складае каля 30 тысяч чалавек), але гэтая лічба можа быць павялічана ў некалькі разоў пры развіцці сферы паслуг. Навагрудак мае старажытную гісторыю, тут ёсць археалагічныя і архітэктурныя ўнікальныя аб'екты, пры гэтым актыўна развіваецца зялёнае будаўніцтва, і горад удзельнічае ў экалагічных праграмах. Такі сінтэз багатай гісторыі і сучаснай экалагічнай накіраванасці прыцягвае турыстаў.

Гэта цікава

У цэнтры горада — плошча, да якой вядуць восем (!) вуліц. Тут маецца свой гісторыка-краязнаўчы музей, адна з экспазіцый якога расказвае пра перыяд ВКЛ. Музей быў пабудаваны ў 1936 годзе ў стылі эклектыкі.

У горадзе ёсць уласная карцінная галерэя мастака Кастуся Качана.

У Навагрудку ўстаноўлена каля 60 пляцовак, 200 кантэйнераў для раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Іх атрымалася ўстанавіць з дапамогай праекта ЕС. Ёсць сартавальная станцыя, а таксама зацверджаны праект аб будаўніцтве завода па перапрацоўцы адходаў.

У Доме-музеі Адама Міцкевіча (адкрыты ў 1938 годзе, рэканструяваны ў 1990-м) у рамках праекта ЕС-ПРААН «Развіццё на мясцовым узроўні» з'явіліся аўдыягіды і спецыяльнае абсталяванне для чытання людзьмі з аслабленым зрокам. У доме-музеі ёсць падземны пераход, які злучае жылы дом з флігелем. Экскурсавод па просьбе гасцей можа правесці экскурсію на рускай, беларускай і польскай мовах.

У Навагрудку, на месцы, дзе сёння стаіць помнік Адаму Міцкевічу (яго аўтар — Валяр'ян Янушкевіч), у Х—ХІІІ стагоддзях было паселішча рамеснікаў.

Французскія эксперты, якія нядаўна наведвалі горад і распавядалі аб інавацыйных метадах горадабудаўніцтва, казалі пра тое, як трэба «астуджаць» гарады. Яны распрацавалі спецыяльны софт для вызначэння камфортнасці пражывання ў гарадскіх умовах (тэмпература, улік скарачэння выкідаў СО2 і г. д.). У горадзе ёсць курган Адама Міцкевча, які з'яўляецца наглядным прыкладам таго, як можна панізіць тэмпературу: паўднёвы схіл на некалькі градусаў цяплейшы за паўночны.

У горадзе плануюць распрацаваць план энергаэфектыўнага квартала. На цяперашнім этапе беларускія спецыялісты вывучаюць замежны вопыт (як праектаваць такую забудову, якія існуюць інструменты і праграмнае забеспячэнне). Актыўная работа над такім кварталам пачнецца ў пачатку 2019 года. Пакуль не вызначана, будзе гэта новабудоўля альбо рэканструкцыя старога квартала (апошняе, на думку распрацоўшчыкаў, найбольш актуальна).

У стварэнні парку ў 1925—1926 гадах прымаў актыўны ўдзел Барыс Кіт, дырэктар Навагрудскай беларускай гімназіі, які пасля вайны эміграваў у ЗША, стаў вядомы ў сферы астранаўтыкі, працаваў у НАСА і прымаў удзел у распрацоўцы вадароднага паліва, сродкаў сувязі пры палётах.

Найстаражытная ў горадзе царква, якая захавалася (падмурак ХІІІ стагоддзя, мур ХVІ стагоддзя) — Барысаглебская.

Разбураная царква Успення Маці Божай была знойдзена пад зямлёй археолагамі. У царкве праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, гэта быў вышэйшы Апеляцыйны суд княства.

У Навагрудку вельмі ўзгорыстая мясцовасць. Старыя брукаваныя дарогі былі замененыя на асфальтавыя. Пасля дажджоў людзі сутыкнуліся з праблемай затаплення, паколькі вада хутка і бесперашкодна сцякае з горак. Там жа, дзе захаваўся брук, такіх праблем няма.

У горадзе рэалізаваўся праект «Прасвятленне» — мясцовая праграма, накіраваная на далучэнне людзей з інваліднасцю ў грамадскае жыццё. Гэта з'яўляецца пунктам зялёнага горадабудаўніцтва, і ён даступны кожнаму гораду.

Вольга Пралюк

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.