Вы тут

Чаму беспрацоўны не можа «сустрэцца» з вакансіяй?


На беларускім рынку працы ёсць самыя розныя вакансіі — як з заробкам, што ледзь перавышае бюджэт пражытковага мінімуму, так і такія, што прапануюць сярэднюю па краіне зарплату, а таксама значна вышэйшую за сярэднюю — ад 2000 рублёў. Апошніх, вядома, менш за ўсё, і яны прадугледжваюць высокую кваліфікацыю, якой многія беспрацоўныя не маюць...


Такім чынам, ёсць вакансіі і ёсць беспрацоўныя, але «сустрэцца» яны нярэдка не могуць. Спецыялісты называюць падобную сітуацыю дысбалансам попыту і прапанавання на рынку працы. Больш падрабязна пра гэта мы пагутарылі з начальнікам аддзела рынку працы ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Святланай ЛЯВОНЧЫК.

Што кажуць лічбы?

Колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва ў нашай краіне, згодна з Белстатам, на жнівень 2018 года складала 4,338 мільёна чалавек (усяго на 1 ліпеня 2018 года ў краіне пражывала 9,478 мільёна чалавек, з іх людзей працаздольнага ўзросту — 5,432 мільёна).

У сталіцы колькасць занятых у эканоміцы ў студзені — жніўні гэтага года склала крыху больш за 1,070 мільёна чалавек і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года ўзрасла на 4,6 тысячы чалавек.

Па словах Святланы Лявончык, у гэтым годзе сітуацыя на рынку працы ў Мінску змяняецца ў лепшы бок: узрасла занятасць у эканоміцы, ёсць попыт на працоўную сілу, скарацілася вымушаная няпоўная занятасць і рэгістраванае беспрацоўе. Так, у рэжыме непрацяглых прастояў было занята каля 3,5 % ад колькасці работнікаў арганізацый горада, у рэжымах няпоўнага працоўнага часу і вымушаных адпачынкаў — толькі 1,6 %.

Паводле даных нашай суразмоўніцы, рэгістрацыя грамадзян у якасці беспрацоўных у Мінску скарацілася ў два разы. Колькасць беспрацоўных, якія знаходзіліся на ўліку ў службе занятасці на 1 кастрычніка гэтага года, склала 1,2 тысячы чалавек (летась іх было 3,2 тысячы).

Афіцыйныя лічбы — гэта толькі колькасць беспрацоўных, што зарэгістраваліся ў цэнтрах занятасці. Але далёка не ўсе, страціўшы працу, звяртаюцца туды. Таму колькасць беспрацоўных і непрацаўладкаваных значна большая (пра гэта паведаміў Белстат па выніках абследавання хатніх гаспадарак).

У сталіцы патрэба ў кадрах перавышае колькасць зарэгістраваных беспрацоўных

Спецыяліст адзначае, што ў сталіцы ў розных сферах абвастрылася праблема недахопу кваліфікаваных і падрыхтаваных кадраў, мае месца колькасны і прафесійны дысбаланс.

— На рынку працы горада захоўваецца высокі попыт на кадры, — сцвярджае Святлана Лявончык. — На 1 кастрычніка 2018 года ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва наймальнікамі было заяўлена больш 17 тысяч вакансій. Большасць гэтых месцаў (63 %) — для рабочых. У асноўным кадры патрабуюцца арганізацыям будаўніцтва (20 %), гандлю (15 %), прамысловасці (15 %), аховы здароўя і аказання сацыяльных паслуг (12 %), адукацыі (8 %), транспарту (6 %).

У цэлым на сталічным рынку працы сфарміравалася працанедастатковая кан'юнктура, гэта значыць патрэба эканомікі ў кадрах значна перавышае прапанаванне свабоднай рабочай сілы (колькасць зарэгістраваных беспрацоўных). На 1 кастрычніка 2018 года ў сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыходзілася 13,8 вакансіі (летась — 4).

Сёння найбольш запатрабаваныя наймальнікамі: кіроўца аўтамабіля, муляр, камплектоўшчык, кантралёр-касір, маляр, абліцоўшчык-плітачнік, кухар, санітарка, слесар-сантэхнік, прыбіральшчык памяшканняў (вытворчых, службовых), тынкоўшчык. З ліку спецыялістаў попытам карыстаюцца бухгалтар, выхавальнік, урач, дырэктар (намеснік), медсястра, менеджар, выкладчык, правізар, інжынер.

Рынак працы імкліва мяняецца, і наяўнасць дыплома не гарантуе працоўнае месца, паспяховую занятасць і высокія заробкі. Нават тым, у каго ёсць правераныя часам, запатрабаваныя спецыяльнасці, неабходна пастаянна паглыбляць свае веды і навыкі ў прафесіі.

Чым можа дапамагчы дзяржаўная служба занятасці насельніцтва?

— Грамадзяне, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку беспрацоўнымі, могуць разлічваць на садзейнічанне ў працаўладкаванні, атрыманне прафесійнай кансультацыі па выбары прафесіі, накіраванне на навучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях, — тлумачыць Святлана Лявончык. — У гэтым годзе навучанне беспрацоўных і іншых катэгорый грамадзян ажыццяўляецца па 33 прафесіях, спецыяльнасцях, навучальных курсах. На базе розных навучальных устаноў горада па накіраванні службы занятасці грамадзяне праходзяць навучанне па такіх прафесіях, як кухар, дарожны рабочы, кладаўшчык (аўтаматызацыя складскога ўліку), цырульнік, сакратар, слесар па рамонце аўтамабіляў і іншых.

На 1 кастрычніка, паводле слоў спецыяліста, прыступілі да навучання 421 мінчанін, з іх 33 % — пад заказ наймальніка.

Сёння ў рамках падтрымкі прадпрымальніцкай актыўнасці беспрацоўным грамадзянам у службе занятасці можа быць аказана фінансавая падтрымка ў выглядзе субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Гэта незваротная грашовая дапамога ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 жніўня і па 30 кастрычніка гэтага года памер субсідыі складае 2350,37 рубля). Субсідыя можа быць выкарыстана на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг, а таксама на іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці.

Сёлета за восем месяцаў такую дапамогу атрымалі 111 беспрацоўных мінчан, на навучанне асновам вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці служба занятасці накіравала 56 чалавек.

Як будзе мяняцца рынак працы?

Сёння расце попыт на высокакваліфікаваныя кадры, павышаецца роля і значнасць работнікаў з творчым падыходам і крэатыўным мысленнем.

Прафесіі юрыстаў, псіхолагаў, эканамістаў у чыстым выглядзе становяцца ўсё менш запатрабаванымі. Па прагнозах начальніка аддзела рынку працы, буйныя і сярэднія кампаніі па меры ўкаранення праграмных прадуктаў, якія дазваляюць аптымізаваць працэсы ўліку, працягнуць скарачаць штат бухгалтараў. У буйных гіпермаркетах касіраў пачнуць замяняць тэрміналамі, а ў кол-цэнтрах асноўную працу стануць выконваць аператары-робаты.
У групе рызыкі — амаль усе прафесіі, якія не патрабуюць спецыфічных ведаў і ўменняў.

Разам з тым, паводле слоў Святланы Лявончык, захаваецца попыт на тэхнічных спецыялістаў і кіраўнікоў сярэдняга звяна на вытворчасці. Запатрабаванымі будуць спецыялісты па маркетынгу. Пры гэтым попыт на спецыялістаў па лічбавым маркетынгу перавысіць попыт на класічных маркетолагаў.

Неабходнасць у спецыялістах, здольных ствараць тэхналогіі аўтаматызацыі і рабатызацыі і працаваць з імі, будзе толькі расці. Будуць запатрабаванымі спецыялісты па камп'ютарным абсталяванні і тэлекамунікацыях, сістэмныя аналітыкі, тэсціроўшчыкі праграмнага забеспячэння.

Таксама эксперты ў сферы рэкрутынгу прагназуюць, што ў наступныя 10—15 гадоў робаты адбяруць у людзей частку працы, але наўзамен з'явяцца новыя прафесіі па абслугоўванні аўтаматызаваных сістэм і штучнага інтэлекту.

У сярэднетэрміновай перспектыве большасці людзей трэба быць гатовымі да змены прафесіі (або дзейнасці) некалькі разоў за жыццё.

Святлана БУСЬКО

Каментарый «Звязды»

Чаго чакаюць сучасныя наймальнікі?

Аляксей Нямковіч, дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Адміністрацыйны рэсурс»:

Наймальнікі сёння чакаюць работнікаў, гатовых падзяліць з імі адказнасць за вынік. Гэта значыць, работнік павінен не проста прыходзіць пабыць у офісе або пастаяць каля станка, а працаваць на вынік. І калі кіраўнік паставіў задачу зрабіць праект за 30 дзён, то праект мусіць быць зроблены. А калі задачу немагчыма вырашыць у гэты тэрмін, работніку трэба своечасова паведаміць кіраўніку, якіх рэсурсаў не хапае. Але гэта павінна адбыцца не ў дзень здачы праекта! І толькі той, хто працуе на вынік і выдае яго, можа прэтэндаваць на высокую зарплату.

Але пакуль наймальнікі бачаць, што вялікую масу прэтэндэнтаў на працу складаюць людзі, якія не хочуць прымаць на сябе адказнасць, якія прывыклі, што гэта робіць хтосьці іншы: начальнік, дырэктар і г. д. Мы бачым вельмі шмат інфантыльных людзей, якія прывыклі да выразных інструкцый, да таго, што іх нехта будзе вадзіць за руку. Людзей, якія жывуць у чаканні, што прыйдзе нейкі добры дзядзька, які будзе плаціць, вучыць і яшчэ любіць іх, як родных дзяцей...

Нярэдка можна назіраць карціну, калі прыходзяць уладкоўвацца на працу людзі, якія скончылі ўніверсітэт, некалькі гадоў прапрацавалі і, тым не менш, пішуць у рэзюмэ: гатовы да навучання. Хто іх будзе навучаць, на каго яны спадзяюцца? Работадаўцу патрэбен гатовы, ужо навучаны работнік. Трэба быць гатовым не да навучання, а да саманавучання — і цяпер для гэтага ёсць тысяча магчымасцяў. Або хочацца адзначыць такую нашу нацыянальную рысу, як малая мабільнасць. Мы проста «ўрастаем» у тое месца, дзе зараз жывём, і адмаўляемся пераехаць нават дзеля добрай высокааплатнай работы. Напрыклад, калі для вузкага спецыяліста няма працы ў Мінску, але ёсць добрая вакансія ў Мазыры, вельмі малаімаверна, што ён вырашыць памяняць месца жыхарства. У той час як увесь свет стаў высокамабільным і жыве там, дзе ёсць праца, а не працуе там, дзе жыве...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.