Вы тут

Як «каралева спорту» будзе прадстаўлена на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску


Як вядома, пасля І Еўрапейскіх гульняў ставілася пытанне аб далейшай прысутнасці лёгкаатлетычных спаборніцтваў у праграме буйнога еўрапейскага турніру. На днях беларускі бок абмеркаваў пытанне аб фармаце спаборніцтваў з кіраўніцтвам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй. Адзін з самых важных момантаў — улічыць пытанні наведвальнасці стадыёна і ўключыць тыя дысцыпліны, дзе будуць прадстаўлены беларускія зоркі спорту.


«Мінск увойдзе ў гісторыю лёгкай атлетыкі як месца правядзення першых афіцыйных лёгкаатлетычных спаборніцтваў DNА («Дынамічная новая лёгкая атлетыка»), — расказвае кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. — Заўсёды пры арганізацыі чагосьці новага прысутнічае рызыка. Пробныя спаборніцтвы DNА праводзіліся ў Англіі і Партугаліі». А на мінулым тыдні яны прайшлі і ў Мінску, на абноўленым стадыёне «Дынама».

Тэхнічны дэлегат Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Вадзім Нігматаў падрабязна расказаў аб з'яўленні спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў фармаце DNА. «На чэмпіянаце Еўропы-2018 у Берліне ўсе пераканаліся, што лёгкая атлетыка зараз знаходзіцца на ўздыме. Пра гэта сведчыць колькасць гледачоў на трыбунах і тэлеаўдыторыя спаборніцтваў. Аднак, даныя іншых даследаванняў паказваюць, што мэтавая аўдыторыя лёгкаатлетычных спаборніцтваў — гэта ў асноўным людзі старэйшыя за 50 гадоў. У той жа час аўдыторыя ва ўзроставай катэгорыі ад 15 да 25 гадоў — не самая вялікая. Фармат DNА быў створаны на аснове вынікаў даследаванняў, якія паказалі, што можа быць цікава менавіта гэтым людзям, што можа прыцягнуць іх на стадыён або паглядзець тэлетрансляцыі спаборніцтваў, што можа прыцягнуць больш дзяцей займацца лёгкай атлетыкай. Калі вызначаўся фармат, які будзе цікавы тэлебачанню, важна было, каб спаборніцтвы сталі каманднымі і кампактнымі — працягласцю не больш за дзве гадзіны».

У выніку былі адабраны віды, якія на цяперашні момант найбольш папулярныя ў лёгкай атлетыцы, але гэта не значыць, што іншыя ў далейшым не будуць прадстаўлены ў рамках фармату DNА. Па словах Вадзіма Нігматава, зараз ёсць адзін від у DNА, які выклікае вялікую колькасць пытанняў, — трэкатлон. Асноўная ідэя — паказаць у ім галоўныя элементы лёгкай атлетыкі: бег, скачкі і кіданні. Трэкатлон уяўляе сабой гонку з перашкодамі (на два кругі па 400 метраў). У гэтым відзе ў кожнай камандзе на старт выходзяць адзін мужчына і адна жанчына. У якасці перашкод выкарыстоўваецца нестандартны спаборніцкі інвентар — парашуты, абцяжарванні, медболы (набітыя 9-кілаграмовыя мячы).

«Для Беларусі гэта, сапраўды, шанц паказаць, што мы можам не толькі праводзіць нешта звыклае, але і новае. Зараз вядзецца сумесная работа з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй, і мы ўпэўнена рухаемся наперад», — адзначыла менеджар спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Гюльнара Мамедава.

Канчатковы пералік камандаў, якія адабраліся для ўдзелу ў ІІ Еўрапейскіх гульнях, будзе сфарміраваны пасля завяршэння працэдуры акрэдытацыі. Пакуль адабраны 30 зборных з найлепшым рэйтынгам па выніках камандных чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы 2017 года ў суперлізе, першай і другой лігах. Склад кожнай каманды — 23 лёгкаатлеты (усяго 690 спартсменаў). Яны будуць выступаць у 10 відах праграмы ў такой паслядоўнасці: трэкатлон, скачкі ў даўжыню (жанчыны), 100 м (мужчыны), кіданне кап'я (жанчыны), 100 м (жанчыны), змешаная эстафета 4х400 м, 110 м з бар'ерамі (мужчыны), скачкі ў вышыню (мужчыны), 100 м з бар'ерамі (жанчыны), змешаная эстафета ў выглядзе гонкі праследавання. Будуць разыгрывацца 10 камплектаў узнагарод. Пераможца каманднага турніру вызначыцца ў заключным відзе (эстафеце праследавання).

Спаборніцтвы пройдуць у фармаце матчаў і пачнуцца з кваліфікацыі, дзе ўсе зборныя будуць размеркаваны па пяці групах, у кожнай з якіх — па шэсць змешаных камандаў. У наступных раўндах таксама будуць змагацца па шэсць камандаў, якія прайшлі адбор. Працягласць матчаў — 120 хвілін. У фінале будуць змагацца шэсць найлепшых камандаў.

Адзначым таксама, што лёгкаатлетам прадставіцца шанц выканаць кваліфікацыйныя нарматывы для ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Лёгкая атлетыка па-новаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».