Вы тут

Зразумець «псіхалогію» акварэлі


Калі бачыш работы мінчанкі Аліны Шпакоўскай, атрымліваеш сапраўднае эстэтычнае задавальненне. 31-гадовая мастачка ўжо не ўяўляе свайго жыцця без творчасці. Партрэты, якія яна малюе акварэллю, — яркія, рэалістычныя, «сакавітыя». Аліна — псіхолаг па адукацыі, але ўжо больш за шэсць гадоў не працуе па спецыяльнасці.


— Вы пачалі маляваць падчас ранейшай работы? Каб атрымаць станоўчыя эмоцыі пасля цяжкіх размоў з людзьмі, здабыць долю «антыдэпрэсанту»?

— Дакладна не. (Усміхаецца.) Я малявала заўсёды, колькі сябе памятаю. Праўда, тое, чым мая творчасць стала цяпер, не параўнаць з тым, што было ў дзяцінстве і юнацтве. Так, вучылася ў школе з мастацкім ухілам да шостага класа, але потым мяне за вечныя спазненні перавялі ў іншую, дзе мастацтва адышло на другі план. І вось за апошнія некалькі гадоў я зразумела, што маляванне — неад'емная частка майго жыцця і трэба працаваць над якасцю стылю, тэхнікі, чым і займаюся зараз.

— Акварэль лепш за ўсё падыходзіць для таго, каб выказаць усё, што хочацца?

— Ёй я малюю менш за год, «агульная мова» знайшлася не адразу. Гэта вельмі капрызны матэрыял, выправіць недахопы амаль што немагчыма. Дагэтуль я малявала грыфельнымі алоўкамі, гэта былі накіды, замалёўкі. Але праз некаторы час прыйшла ідэя паспрабаваць напісаць партрэт. «Інстаграм» адкрыў для мяне профілі мастакоў, якія працуюць менавіта акварэллю. Іх творчасць так уразіла, што я не магла спаць па начах. Вырашыла абавязкова навучыцца працаваць з гэтай фарбай. Тым больш мне пашчасціла сустрэцца з адным выдатным чалавекам, мэтанакіраваным і даволі вядомым, ён дапамог паверыць у сябе.

— Ці ёсць у вас якія-небудзь рытуалы перад маляваннем? І што натхняе на творчасць?

— Мне, каб сесці за працу, трэба раскласці ўсё па паліцах, прыбраць на стале, падрыхтаваць пэндзлік, вымыць палітру і шклянкі для вады, намазаць рукі крэмам, заслаць пледам крэсла, дзесяць разоў памяняць асвятленне... Спіс можна працягваць бясконца! Хвілін 30 магу патраціць толькі на падрыхтоўку, але пакуль не дасягну ўнутранага «дзэну», праца не пойдзе. Магчыма, гэта дзіўна, але што я за мастак, калі ў мяне не будзе дзівацтваў?!

А што натхняе... Што заўгодна. Прыгожы кадр, цікавыя, харызматычныя людзі, настрой, які змяняе ўсё навокал. Я люблю знаходзіць фота, у якіх ёсць кампазіцыя, унутраная задумка. Гэта выдатны матэрыял для працы.

— Я так разумею, «Інстаграм» іграе для прэзентацыі вашай творчасці галоўную ролю. Відаць, што профіль зроблены з душой...

— Гэта насамрэч вельмі складана — развіваць акаўнт з нуля. Трэба працаваць кожны дзень і пастаянна ўсё прадумваць наперад. Мы любім прыгожыя стужкі ў «Інстаграме», але на самай справе гэта праца «дваццаць чатыры на сем», прытым не заўсёды ўдзячная. Ведаю, зараз хтосьці прачытае і скажа: «Нішто сабе, цяжкая праца! Тырчаць суткамі ў тэлефоне і посціць фоткі!» Але паспрабуйце самі, і вы зразумееце, колькі часу і сродкаў спатрэбіцца для стварэння і раскруткі сапраўды добрага прадукту. А выбрала менавіта «Інстаграм» для паказу сваёй творчасці таму, што ён, як ніякая іншая сацыяльная сетка, падыходзіць для гэтай справы. «Інстаграм» створаны для цікавых, творчых людзей. І гэта вельмі плённая глеба для тых, хто робіць дабраякасны кантэнт.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.