Вы тут

Выступленне Міхаіла Мясніковіча на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. У. Мясніковіча на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Прайшла сярэдзіна пяцігодкі. За гэты час створаны «заканадаўчы каркас» для рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады і палажэнняў дэкрэтаў Прэзідэнта № 7, № 8, № 1 і іншых дырэктыўных дакументаў. Але жыццё патрабуе дадатковых парламенцкіх высілкаў. Трэба будзе аператыўна распрацаваць і прыняць шэраг законапраектаў у сферы электраэнергетыкі, гандлю, карпаратыўных адносін і іншых.

Заканадаўчае забеспячэнне рашэнняў кіраўніка дзяржавы — ключавая задача парламента і ўрада.

Парадак бягучай сесіі будзе вельмі насычаны. Нам трэба будзе разгледзець больш за 30 законапраектаў.

Прыярытэт нумар адзін — праца над бюджэтным пакетам і планам падрыхтоўкі законапраектаў на наступны год. Мы ўнеслі прапанову, каб гэтыя дакументы фарміраваліся на двухгадовы перыяд: 2019—2020 гады. Гэта дазволіць стварыць неабходны зачын у заканадаўстве на наступную пяцігодку. Пры гэтым важна, каб працаваў пакетны прынцып падрыхтоўкі законапраектаў. Як прыхільнік доўгатэрміновага планавання лічу аптымальным зрабіць праект гібрыднай сямігодкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а менавіта канкрэтную двухлетку на 2019—2020 гады і асноўныя палажэнні да 2025 года. І пад гэта павінна быць адпаведнае заканадаўства.

Прапаную таксама рэалізаваць двухгадовае планаванне і на мікраўзроўні — усе валаўтваральныя прадпрыемствы і арганізацыі павінны абараніць свае бізнес-планы на 2019 і 2020 гады ў спецыяльна створаных камісіях з ліку прадстаўнікоў мясцовай улады і рэспубліканскіх органаў. Дадзены падыход дазволіць выпрацаваць механізмы рэалізацыі прагнозу і бюджэту «знізу», ацаніць здольнасць кадраў на месцах выконваць мэтавыя задачы. Супраць такога, хутчэй за ўсё, будуць выступаць як рэспубліканскія, так і мясцовыя органы. І не таму, што гэта няправільна, а таму, што гэта сур'ёзная і адказная работа. Але рабіць яе трэба, трэба бачыць вузкія месцы ў развіцці і своечасова вырашаць складаныя задачы. Прашу падтрымаць.

Прыярытэтнай павінна заставацца работа Савета Рэспублікі па заканадаўчым забеспячэнні эфектыўнай інвестыцыйнай дзейнасці. Наша задача — стварыць камфортнае прававое асяроддзе для больш актыўнага прыцягнення інвестыцый у эканоміку краіны як галоўнага інструмента развіцця. Неабходна ўмацоўваць давер інвестараў: сваіх і замежных.

Парламентарыі і эксперты, працуючы з законапраектамі, абавязаны асаблівую ўвагу ўдзяляць інавацыйнай і фінансавай бяспецы краіны. Імпарт, асабліва па звязаных крэдытах, неабходна кантраляваць на адпаведнасць тэхналогій, якія закупаюцца, сусветнаму ўзроўню і забеспячэнне гарантаваных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, якія ў іх змяшчаюцца.

У гэтай сувязі павінна ўзрасці роля навуковай экспертызы законапраектаў і дагавораў і пагадненняў, якія ратыфікуюцца, у тым ліку пра фінансавыя запазычанні. Навукова-інавацыйныя, гандлёвыя, фінансавыя і іншыя рызыкі павінны быць сур'ёзна пралічаныя, як і дакладнасць наяўнасці належнага кадравага забеспячэння новых вытворчасцяў.

Глядзіце, як патрабавальныя ЗША ў дачыненні да краін, якія запазычылі амерыканскія тэхналогіі. Менавіта гэта, шмат у чым, спарадзіла гандлёвыя войны.

Нам трэба будзе разгледзець новую рэдакцыю Падатковага кодэкса. Кожны член Савета Рэспублікі павінен, вобразна кажучы, прымерыць праектныя нормы і Падатковы кодэкс у цэлым да сваёй арганізацыі. Патрабаванне кіраўніка дзяржавы ў частцы падатковага заканадаўства вядомае: забяспечыць прастату і зразумеласць нормаў Кодэкса, а таксама аптымізацыю падатковай нагрузкі для бізнесу.

Найважнейшым законапраектам, які плануецца да прыняцця на гэтай сесіі, з'яўляецца праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пітнога водазабеспячэння». У час асабістых прыёмаў і сустрэч з грамадзянамі, якія праводзяцца членамі Савета Рэспублікі, даводзіцца чуць скаргі на нездавальняючую якасць пітной вады ў шэрагу населеных пунктаў. Пытанне не надуманае, і ім трэба займацца прадметна. На жаль, паважаныя старшыні абласных Саветаў дэпутатаў, вы яго адкладаеце на потым. Сродкі, вядома, патрэбныя, але яны не гэткія велізарныя. Усё можна вырашыць паэтапна.

Прашу ўсіх членаў Савета Рэспублікі яшчэ раз вывучыць становішча названага законапраекта. Далажыце ў пастаянных камісіях свае меркаванні і прапановы.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Актыўная і насычаная міжнародная дзейнасць у міжсесійны перыяд была накіравана на пашырэнне міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

Прайшлі візіты ў Беларусь кіраўніка Сената парламента Польшчы і старшыні парламента Ірана, а таксама візіты дэпутацкіх груп дружбы Фінляндыі і Японіі. Адбыліся канструктыўныя сустрэчы з высокай дэлегацыяй Кампартыі Кітая і кіраўніцтвам Лацінаамерыканскага парламента і многімі іншымі замежнымі партнёрамі з В'етнама, Ірана, Узбекістана, з кіраўніком місіі МВФ, прадстаўнікамі навукі і бізнесу Карэі і Японіі. З некаторымі з іх падпісаны дакументы аб развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Значным мерапрыемствам міжнароднага фармату парламенцкай работы стала правядзенне ў Мінску Саветам Рэспублікі і кіраўніцтвам Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы саміту па пытаннях мясцовага самакіравання.

Стала больш сістэмным і рэгулярным запрашэнне і ўдзел беларускіх сенатараў у міжнародных мерапрыемствах.

Зараз Савет Рэспублікі чакае з візітам старшыню Сената парламента Казахстана і шэраг іншых парламенцкіх дэлегацый.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

На наступным тыдні адбудзецца найважнейшае мерапрыемства: юбілейны V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якое праводзіць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Упершыню ён пройдзе ў рэгіёне — у Магілёве і Магілёўскай вобласці. Чаканні ад гэтага мерапрыемства вялікія. Плануецца падпісаць новыя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі і шматмільённыя камерцыйныя экспартныя кантракты. Свой удзел у Форуме пацвердзілі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 
А. Р. Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. У. Пуцін. На сёння паступілі заяўкі на ўдзел у Форуме 21 губернатара і 16 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расійскіх рэгіёнаў.

Паважаныя калегі!

На сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, якая адбылася 21 верасня ў Сочы, прынятыя важныя рашэнні па ключавых пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва. Наша, парламентарыяў, задача — забяспечыць заканадаўчае суправаджэнне гэтых рашэнняў. Мяркую, што пляцоўка Форуму рэгіёнаў будзе спрыяць замацаванню сочынскіх дамоўленасцяў.

Паважаныя таварышы!

Прэзідыум Савета Рэспублікі сваім рашэннем ад 29 жніўня 2018 года зацвердзіў канкрэтны план дзеянняў па рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных у 2018 годзе ў ходзе найважнейшых сацыяльна-палітычных і эканамічных мерапрыемстваў. Гэты план павінен стаць «дарожнай картай» для кожнага сенатара з улікам мэтавай устаноўкі Прэзідэнта краіны — павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання на аснове ўзгодненасці дзеянняў, адзінства і паслядоўнасці мэт. Прашу прыняць яго да выканання.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Дазвольце павіншаваць вас з пачаткам чарговай сесіі Савета Рэспублікі. Жадаю ўсім плённай працы.

Загаловак у газеце: Законы для ўстойлівага росту

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.