Вы тут

Калі ўключаць ацяпленне, вырашаюць мясцовыя ўлады


Амаль палова сталічных кватэр з 1 кастрычніка атрымала цяпло. Ацяпленне прыходзіць і ў мінскія інтэрнаты, гасцініцы і басейны. У Гродзенскай вобласці 42 % жылля з панядзелка знаходзіцца ў рэжыме прапальвання. Мінская вобласць за ўчора падключыла да цяпла жыллё ў чатырох раёнах. Батарэі жыхароў Магілёўшчыны пачнуць цяплець толькі сёння. А вось Брэсцкая, Віцебская, Гомельская вобласці рашэння па ацяпленні жылля не прынялі.


Нагадаем, што ўключаць ацяпленне ў Беларусі, згодна з нормамі, пачынаюць, калі на працягу пяці дзён сярэднясутачная тэмпература не перавышае 8 градусаў. Сёлета з улікам неспрыяльных пагодных умоў, якія прагназавалі сіноптыкі, ацяпляльны сезон у Мінску вырашылі пачаць яшчэ 28 верасня. З мінулай пятніцы цяпло пачалі даваць у аб'екты сацыяльнай сферы: сталічныя дзіцячыя садкі, школы і бальніцы.

Сацыяльныя аб'екты Віцебшчыны пачалі атрымліваць цяпло таксама з 28 верасня. У Гомельскай вобласці, Крупках, Жодзіне, Смалявічах і Вілейцы ацяпляльны сезон стартаваў 29 верасня. На наступны дзень пачало цяплець у Мінскім раёне. Гродзенская вобласць падцягнулася 1 кастрычніка, Магілёўская і Брэсцкая — 2 кастрычніка. Учора ў пяць гадзін вечара непадключанымі да цяпла заставаліся сацыяльныя аб'екты ў двух раёнах Магілёўскай вобласці, дзевяці раёнах Брэсцкай і чатырох раёнах Мінскай вобласці.

— Пачатак падключэння ацяплення цалкам залежыць ад мясцовых улад. Калі яны бачаць, што сітуацыя з надвор'ем складаная, павінны прымаць адпаведнае рашэнне. Перад мінулымі выхаднымі абяцалі рэзкае паніжэнне тэмпературы, таму пачынаць ацяпляльны сезон было проста неабходна. Гэта не толькі камфорт пражывання людзей, але і бяспека саміх жылых дамоў, — мяркуе Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

На працягу пяці дзён батарэі павінны стаць цёплымі ва ўсіх сталічных кватэрах. Холадна будзе толькі там, дзе спатрэбяцца работы па распаветрыванні і наладцы сістэмы ацяплення. На гэта камунальнікам даецца да 10 дзён.

— Можа здарыцца, што цяпло ў доме ўключылі, а ў пэўных кватэрах яго не будзе. Магчыма, запаветрылася сістэма або ёсць нейкія гідраўлічныя праблемы, якія трэба ліквідаваць. Для такіх жыхароў і ацяпляльны сезон, і аплата за ацяпленне пачнецца з дня падачы цяпла ў іх памяшканні, а не ў дом, — растлумачыў прадстаўнік ЖКГ. — Дамавы прыбор уліку, які падлічвае, колькі цяпла падаецца на жылы дом, пры адсутнасці ацяплення ў адной ці некалькіх кватэрах налічыць, вядома, менш. А памер колькасці цяпла, якая прыходзіцца на кожную кватэру, будзе разлічвацца з улікам дня падключэння ацяплення ў пэўным памяшканні. Кватэрам, дзе не было цяпла, зробяць пераразлік налічэнняў за ацяпленне зыходзячы з даты, калі жыллё стала сапраўды абагравацца.

У міністэрстве дадалі, што пакуль інфармацыі пра праблемы пры падключэнні ацяплення ім не паступала. Даведацца, калі ў дом прыйдзе цяпло, жыхары могуць у рэжыме анлайн пры дапамозе чат-бота. Летась у аб'ектах сацыяльнай сферы Мінска ацяпленне пачалося з 3 кастрычніка, а ў жыллі — з 6-га.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Батарэі награваюцца

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.