Вы тут

Зарплата педагагічных работнікаў да 2025 года павінна павялічыцца ўдвая


Пра гэта на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню настаўніка, паведаміла начальнік аддзела аплаты працы і нармавання штатнай колькасці галоўнага ўпраўлення эканомікі адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля КРЫВАЛАПАВА.


За восем месяцаў бягучага года сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў у краіне раўнялася 714,2 рубля, што складае 77 % ад сярэдняй зарплаты па краіне. Сярэдні заробак настаўнікаў склаў 759,4 рубля (81,8 % ад сярэдняй зарплаты па краіне).

— У мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта ўжо з 1 верасня гэтага года ўсім педагагічным работнікам, у тым ліку і настаўнікам, устаноўлена павышэнне тарыфных акладаў у памеры 20 %. Гэта дазволіла павялічыць сярэднюю заработную плату настаўніка ў сярэднім на 42 рублі, або на 8,9 %, — паведаміла Наталля Крывалапава. — З 1 кастрычніка ў сувязі з павелічэннем тарыфнай стаўкі першага разраду да 35,5 рубля заработная плата педагагічных работнікаў і настаўнікаў павялічылася ў сярэднім на 22,7 рубля, або на 4,4 %.

Павышэнне заробкаў працягнецца і ў 2019 годзе. «Ва ўрадзе зараз разглядаецца праект аб паэтапным павышэнні заработнай платы педагагічных работнікаў, які расцягнецца на шэсць гадоў, — праінфармавала спецыяліст. — Адзін з этапаў павышэння запланаваны на 2019 год — ён прадугледжвае ўстанаўленне галіновых павышэнняў педагагічным работнікам. Аднак аб канкрэтных памерах казаць пакуль рана».

Таксама плануецца, што з 1 студзеня 2019 года ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў краіне пяройдуць на новы метад фінансавання: яны будуць атрымліваць фінансаванне па нарматыве з разліку на аднаго вучня. Спецыяліст міністэрства запэўнівае, што так будзе забяспечана справядлівасць і празрыстасць фінансавання.

— Кожная школа атрымае бюджэтныя сродкі па нарматыве ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў у ёй. Зараз у нас дзейнічае каштарыснае фінансаванне: разлік заробку адштурхоўваецца ад колькасці класаў у школе і ніяк не залежыць ад колькасці навучэнцаў у іх, а ў класе можа быць і 30, і 15, і 5 чалавек, — падкрэслівае Наталля Крывалапава. — Фінансаванне, якое залежыць ад колькасці вучняў, паставіць усе ўстановы адукацыі ў роўныя ўмовы.

Зараз у Беларусі працуе 3038 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (школы, гімназіі, ліцэі), у якіх налічваецца больш за 1 мільён навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць каля 119 тысяч педагагічных работнікаў, у тым ліку каля 99 тысяч настаўнікаў. Да працы з 15 жніўня ва ўстановах адукацыі прыступілі больш за 4,6 тысячы маладых спецыялістаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: План на шасцігодку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.