Вы тут

Сангіта Бахадур: Мільярд долараў тавараабароту можа стаць рэальным


Фармат камунікацыі паміж Беларуссю і Індыяй, калі азірнуцца на больш чым 25 гадоў дыпламатычных адносін, выглядае больш сяброўствам, чым міждзяржаўным супрацоўніцтвам. Нашы краіны перыядычна «заступаюцца» адна за адну на міжнародных пляцоўках: Індыя падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА, Беларусь выступала за ўваходжанне Індыі ў склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, мы ніколі не чулі крытыкі з боку Індыі, афіцыйныя асобы часта наносяць двухбаковыя візіты. Пры гэтым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва выглядае даволі сціплым. Мы сустрэліся з паслом Індыі ў Беларусі Сангітай Бахадур, каб пагаварыць пра сяброўства, супрацоўніцтва і бізнес паміж нашымі краінамі і ў першую чаргу спыталі, ці здольная цеплыня ў нашых адносінах паспрыяць дасягненню стратэгічных дамоўленасцяў.


— Сапраўды, паміж намі няма палітычных праблем. Мы не толькі падтрымліваем адно аднаго на міжнароднай арэне і абменьваемся візітамі на высокім узроўні, але і супрацоўнічаем у абароне, навуцы, тэхналогіях, — адзначае спадарыня пасол. — Вы правільна кажаце, добрыя адносіны пакуль не моцна ўплываюць на нашы гандлёвыя паказчыкі, але я хацела б адзначыць, што, нягледзячы на пэўныя ўзлёты і падзенні, аб'ём гандлю ніколі моцна не падаў. Я глядзела лічбы тавараабароту апошніх гадоў — яны трымаюцца ў межах паміж 400 і 500 мільёнамі долараў у год. У 2016 і 2017 гадах тавараабарот быў прыблізна 406 і 454 мільёны долараў адпаведна, а за першыя шэсць месяцаў 2018-га мы ўжо перавысілі 260 мільёнаў долараў, гэта значыць, калі так будзе працягвацца, вынікі года будуць яшчэ лепшыя. Вы ўжо ведаеце, што мы хочам паспрабаваць павялічыць гэтую лічбу да мільярда долараў у год, у чым зацікаўлены абодва ўрады, і я адчуваю, тут няма нічога немагчымага. Усё больш і больш людзей з абодвух бакоў праяўляюць да гэтага вялікі інтарэс, шмат дэлегацый прыязджае з Індыі ў Беларусь, мы выдаём візы беларускім бізнесменам і супрацоўнікам арганізацый, якія ўдзельнічаюць у міжнародных форумах і ўсталёўваюць адносіны з бізнес-партнёрамі ў Індыі. Мільярд долараў тавараабароту не будзе дасягнуты, як планавалася, у гэтым годзе, але ён можа стаць рэальным у найбліжэйшыя некалькі гадоў.

— За кошт чаго мы маглі б дасягнуць такіх гандлёвых паказчыкаў?

— На маю думку, тут важныя некалькі фактараў. Па-першае, мне здаецца, мы занадта сфакусаваны на абмежаванай колькасці сфер, дзе супрацоўніцтва ўжо наладжана. Напрыклад, Індыя ў асноўным імпартуе з Беларусі ўгнаенні і некалькі іншых пазіцый, а Беларусь з Індыі — медыцынскія прэпараты і нешта яшчэ. Пакуль мы не знойдзем новыя сферы для супрацоўніцтва, рост гандлю, вядома ж, будзе марудны. Мы ўжо пачынаем думаць пра гандаль не проста пэўнымі таварамі, а паслугамі, пра абмен у сферах ІT, аховы здароўя і разумных тэхналогій. Індыя сёння будуе каля сотні разумных гарадоў — Беларусь магла б забяспечыць іх тэхналагічнай падтрымкай, што стала б істотнай сферай экспарту паслуг у Індыю. Гэтаксама з індыйскага боку: можна падумаць пра тэхналогіі ў энергаздабычы,  транспарт і шмат іншых рэчаў. Мы павінны адысці ад традыцыйнага шэрагу тавараў, якімі мы абменьваемся, і, па-першае, пашырыць яго, па-другое, што вельмі важна, звярнуць увагу на сферу паслуг і, па-трэцяе, стварыць сумесныя прадпрыемствы для экспарту прадукцыі ў трэція краіны.

— Наколькі Беларусь увогуле прыцягальная для індыйскіх інвестыцый?

— Бізнес у Індыі ў асноўным знаходзіцца ў прыватных руках. Таму ён гатовы працаваць з іншымі краінамі, калі адчувае бяспеку і мае магчымасць атрымаць добры прыбытак, гэта значыць бачыць, што рынак дастаткова вялікі. Бяспека для замежных інвестыцый — адказнасць беларускага ўрада. Што датычыцца рынку, тут ёсць складанасць: Беларусь — маленькі рынак, насельніцтва ўсёй краіны роўнае прыкладна палове насельніцтва толькі Нью-Дэлі. Індыйскім бізнесменам, каб прыйсці сюды, трэба разумець, што гэты рынак можа быць большым, і я заўсёды імкнуся падкрэсліваць, што сапраўды можа, бо Беларусь варта ўспрымаць не як асобную краіну, а як частку ЕАЭС, як краіну з добрай геаграфічнай пазіцыяй, што дазваляе звязвацца з Усходняй і Заходняй Еўропай. Індыйскі бізнес пачынае гэта разумець, хаця тут і не хапае камунікацыі і інфармавання. Думаю, калі гэтыя акалічнасці стануць вядомымі большай колькасці людзей з бізнес-сферы, аб'ём гандлю павялічыцца. Гэтаксама з пункту гледжання беларускага боку: Індыя — проста агромністы рынак, сярэдні клас Індыі па колькасці перавышае цэлую Еўропу, трэба толькі ўсвядоміць патэнцыял гэтай тэрыторыі, тут можна прадаваць усё — ад прадуктаў да паслуг і тэхналогій. Магу прывесці ў прыклад малочную вытворчасць: Індыя не здольна забяспечыць сваю патрэбу ў малочных прадуктах, таму імпартуе іх, напрыклад, з Даніі ці Вялікабрытаніі. Чаму не з Беларусі? У вас цудоўная малочная індустрыя, чаму б не прасоўваць яе ў Індыі? Беларускі бізнес павінен ведаць, што няма такіх рэчаў, якія там нельга прадаць: Індыя імкліва развіваецца і адпаведна павялічвае аб'ём спажывання. Чаму б Беларусі не вызначыць для сябе некалькі сфер з вялікім патэнцыялам, у якіх мы маглі б плённа супрацоўнічаць? Як малочная прадукцыя, інфраструктура, разумныя тэхналогіі. У Беларусі ёсць кампанія SkуWау, што займаецца транспартнымі сістэмамі і мае вялікі патэнцыял у Індыі. Некалькі гадоў таму яны спрабавалі ўвайсці на індыйскі рынак, але — я не ведаю, што здарылася, — перанакіравалі сваю ўвагу на іншыя краіны, асабліва, напэўна, на Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, у прыватнасці Дубай. Усё ў парадку, але Дубай — невялікі горад, а патэнцыял Індыі — бясконцы і з ім нарэшце трэба працаваць, немагчыма, каб яно не спрацавала, проста на гэта патрэбны час і высілкі. Я разумею, камунікацыі паміж нашымі краінамі часам перашкаджае культурная адрознасць, але я яшчэ раз падкрэслю: магчымасці для нашага супрацоўніцтва агромністыя, асабліва для беларусаў у Індыі.

— А як наша культурная адрознасць можа перашкодзіць супрацы?

— Я прывяду некалькі прыкладаў. Адна беларуская кампанія спрабавала наладзіць бізнес у Індыі, яе прадстаўнік сказаў мне, што адзінае слова, якое вы ніколі не пачуеце ў Індыі, — «не». Гэта праўда, індыйцы вельмі ветлівыя і ніколі не кажуць «не», але трэба разумець, што іх «так» можа значыць «так», «магчыма» і «не, я не зацікаўлены». У Індыі першае, што ты павінен зрабіць для бізнес-партнёрства, — усталяваць асабістыя стасункі. Еўрапейцаў гэта вельмі здзіўляе, для іх бізнес ёсць бізнес, навошта станавіцца добрымі сябрамі, каб стаць бізнес-партнёрамі. Да таго ж індыйскі калега можа сказаць: «Я зраблю гэта праз два дні». Але трэба разумець, што два дні звычайна азначаюць два месяцы. Напрыклад, японцы — японскага бізнесу шмат у Індыі — перад тым як прыняць праект, старанна вывучаюць кожную дэталь, ім можа спатрэбіцца шэсць месяцаў, а тым часам нехта іншы прыйдзе і зойме нішу. Такога роду культурныя асаблівасці — тое, як ты размаўляеш, узаемадзейнічаеш, працуеш — вельмі важныя. Часам відаць, што замежнікі не разумеюць, як працаваць у Індыі, таму нават шматабяцальныя праекты могуць не здзейсніцца.

— Вы сказалі, бізнес павінен адчуваць бяспеку для сваіх інвестыцый. Ці адчувае гэта індыйскі бізнес у дачыненні да Беларусі? Падчас візіту ў Індыю ў мінулым годзе наш Прэзідэнт сказаў пра спецыяльныя ўмовы для індыйскіх інвестыцый.

— Я думаю, мелася на ўвазе асаблівая эканамічная зона «Брэміна-Орша», куды прыходзіць індыйскі бізнес, я і сама расказваю кампаніям у Індыі, як імкліва яна развіваецца, хаця інфраструктура вакол яе прагрэсуе марудней, чым хацелася б. Што датычыцца спецыяльных умоў для індыйскіх інвестараў, я думаю, беларускі ўрад павінен даць зразумець, што «ён не проста сардэчна запрашае ў Беларусь, а запрашае застацца тут на доўгі час». Для бізнесу гэты сігнал пакуль не вельмі зразумелы, людзі не ўпэўнены, што, калі пачнуць тут сваю справу і дасягнуць пэўнага ўзроўню, не сустрэнуцца з непрадбачанымі складанасцямі. Людзі займаюцца бізнесам дзеля грошай, гэта відавочна, так што, калі яны не ўпэўнены, што атрымаюць асалоду ад вынікаў іх высілкаў, то некалькі разоў падумаюць, перш чым адкрываць для сябе новую тэрыторыю.

— Як вядома, паміж Індыяй і ЕАЭС вядуцца перагаворы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю. Ці не пацерпяць інтарэсы Беларусі, калі пагадненне будзе падпісана?

— Мы вельмі ўдзячныя Беларусі за дапамогу, бо менавіта Беларусь ініцыявала гэтыя перагаворы. Па некаторых прычынах мы пакуль не можам падпісаць дакументы, але патрэбных дамоўленасцяў мы дасягнём вельмі хутка. Відавочна, гэта мусіць прынесці добры прыбытак як Індыі, так і ЕАЭС, які ўключае ў сябе Беларусь. Я думаю, гэта будзе мець добрае ўздзеянне на эканамічныя адносіны паміж Індыяй і Беларуссю з-за адмены падатковых абмежаванняў ці абмежаванняў аб'ёму тавару, у выніку паток тавараў і паслуг паміж нашымі краінамі вырасце. Больш за тое, думаю, якраз з падпісаннем пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Індыяй і ЕАЭС мы будзем здольныя дасягнуць з Беларуссю мільярднага тавараабароту. Пэўныя сумненні пра негатыўны ўплыў пагаднення ўзнікаюць, таму што Беларусь — усё яшчэ не даследаваны рынак для індыйскага бізнесу, гэтаксама і Беларусь не адкрыла для сябе індыйскі рынак. Але, я думаю, з адменай бар'ераў гандаль паміж намі стане больш інтэнсіўным.

— Самая буйная сфера супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі — фармацэўтыка. Не так даўно стала вядома, што індыйская фармацэўтычная кампанія збіраецца інвеставаць мільён долараў у навукова-тэхналагічны цэнтр па вытворчасці лекаў у Беларусі. Такога роду супрацоўніцтва — гэта заўсёды абмен сваімі моцнымі бакамі. Што ў гэтай сферы Беларусь запазычвае ў Індыі і што цікава запазычыць вашаму боку?

— Так, гэта буйная індыйская кампанія Сірlа Lіmіtеd. Не так даўно яна заклала камень у будучы навукова-даследчы цэнтр у Беларусі і сапраўды збіраецца ўкласці ў яго мільён долараў. Фармацэўтыка — традыцыйны сектар супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, прычым тут магчымы вялікі рост. Мы спадзяемся, больш індыйскіх кампаній будзе далучацца да фармацэўтычнай вытворчасці ў Беларусі, ствараць і прадаваць медыцынскія прэпараты, якія мы маглі б экспартаваць ва Усходнюю і Заходнюю Еўропу, Азію. Тут ёсць патэнцыял, але мы таксама шукаем іншыя сферы для сумеснай вытворчасці, тут можа быць усё, што заўгодна, беларускія кампаніі ў Індыі ўжо ўдзельнічаюць у горназдабычы, вытворчасці нафтапрадуктаў і абарончай тэхнікі, у сферы ІT, напрыклад ЕРАM ёсць у Індыі. Мы толькі павінны вызначыць, у чым можам супрацоўнічаць і дзе наладжваць вытворчасць. Напрыклад, фармацэўтычныя кампаніі прыходзяць у Беларусь, таму што разлічваюць на гэты рынак.

— Што яшчэ на парадку дня, дык гэта зацікаўленасць Беларусі ў турыстах з Індыі. Чым мы маглі б прыцягнуць іх увагу?

— Вельмі добрым пачаткам стала рашэнне аб адмене віз: замежнікі з шэрагу краін могуць прысутнічаць у Беларусі без візы цягам трыццаці дзён, а Індыя — адна з гэтых краін. Другая рэч, якая мне падаецца вельмі важнай, — прамыя авіярэйсы. Цяпер іх няма, хаця адлегласць паміж нашымі краінамі не такая вялікая, палёт можа заняць шэсць гадзін, а з перасадкамі мы павінны ляцець дванаццаць і больш. Трэба вырашыць, як зрабіць падарожжа з Індыі ў Беларусь больш камфортным. Таксама беларускае пасольства павінна паклапаціцца аб прыцягальным вобразе Беларусі, прынамсі, расказаць пра сваю краіну, бо дагэтуль шмат людзей асацыююць Беларусь з Савецкім Саюзам, а нехта нават не ведае, дзе яна знаходзіцца. Для мяне гэта вельмі прыгожая і прыцягальная краіна з цудоўным кліматам і вельмі прыязнымі людзьмі, чысты, зялёны і прыгожы Мінск. Няма ніводнай прычыны, чаму б індыйскія турысты адмовіліся сюды прыехаць, але мы павінны пакласці Беларусь на карту іх інтарэсаў, бо індыйцы падарожнічаюць паўсюль і ўвесь час шукаюць новыя месцы. У прасоўванні беларускага кірунку трэба задзейнічаць індыйскія турыстычныя агенцтвы. Я заўважыла, што большасць з іх накіравана на Заходнюю Еўропу, але чаму не паказаць і гэтую частку Еўропы? Яшчэ адным прыгожым спосабам зацікавіць індыйскіх турыстаў можа стаць запрашэнне балівудскай кінаіндустрыі, каб тут здымаліся фільмы. Вы ведаеце, балівудскае кіно вельмі папулярнае ў Індыі, і калі гледачы ўбачаць на экране прыгожыя лакацыі, вашы азёры і Мінск, яны будуць шчаслівыя паглядзець на ўсё гэта ўжывую. Шмат краін ужо ажыццявіла такі сцэнарый, але для гэтага беларускі ўрад павінен прапанаваць кінапрадзюсарам асаблівыя ўмовы.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?