Вы тут

Як папярэдзіць інфаркт


На мінулым тыдні ў краіне прайшла рэспубліканская акцыя «Папярэдзім інфаркт міякарда». На сотнях пляцовак па ўсёй Беларусі — у аптэках, паліклініках, буйных гандлёвых цэнтрах, здраўпунктах прадпрыемстваў урачы-кардыёлагі вымяралі ціск і акружнасць таліі пацыентаў, а пры неабходнасці (высокі ціск, частыя болі ў грудной клетцы) выдавалі талоны на абследаванні.


Сёння каранарная недастатковасць і інфаркт міякарда з'яўляюцца аднымі з галоўных прычын смерці і інваліднасці сярод насельніцтва большасці індустрыяльна развітых краін, і Беларусь — не выключэнне. На думку экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у наступнае дзесяцігоддзе смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў будзе няўхільна павялічвацца ў большасці краін свету. За гэты час смяротнасць ад ішэмічнай хваробы можа вырасці сярод жанчын на 80 %, сярод мужчын — на 100 %. Сітуацыя з сардэчна-сасудзістымі хваробамі ў цэлым і інфарктам міякарда ў прыватнасці ў Беларусі таксама выклікае трывогу. Летась толькі ў Мінску, паводле інфармацыі кіраўніка Гарадскога кардыялагічнага цэнтра на базе 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Раісы ЧАЧКО, выяўлена 3 885 выпадкаў інфаркту міякарда.

— Як паказвае практыка, 60 % хворых не ўсведамляюць небяспеку свайго стану і вельмі позна звяртаюцца па дапамогу ці не звяртаюцца ўвогуле, спадзеючыся, што «як-небудзь абыдзецца», — кажа Раіса Чачко.

Фактары, якія садзейнічаюць узнікненню інфаркту міякарда

Згодна з канцэпцыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, для Еўрапейскага рэгіёна характэрны сем асноўных фактараў рызыкі ўзнікнення сардэчна-сасудзістых хвароб, у тым ліку інфаркту міякарда.

Да іх адносяцца:

— ужыванне тытуню;

— злоўжыванне алкаголем;

— павышаны артэрыяльны ціск;

— гіперхалестэрынемія;

— лішняя вага;

— недастатковае ўжыванне садавіны і гародніны;

— маларухомы лад жыцця.

Узнікненню інфаркту міякарда таксама садзейнічаюць:

— нервовае перанапружанне і псіхічная траўма;

— цукровы дыябет.

Першая дапамога і лячэнне

Першая гадзіна хваробы вельмі важная для своечасовага аказання ўрачэбнай дапамогі! Страта гэтага часу можа каштаваць жыцця.

Да прыезду брыгады хуткай дапамогі варта пакласці хворага на паверхню з прыўзнятым узгалоўем, расшпіліць сціскаючае адзенне, забяспечыць прыток свежага паветра, па магчымасці супакоіць чалавека.

Для змяншэння болю неабходна паўторнае прымяненне нітрагліцэрыну пад язык (да трох таблетак з інтэрвалам 5—6 хвілін, хоць пры інфаркце міякарда нітрагліцэрын цалкам не ліквідуе боль, а валідол у гэтых выпадках увогуле неэфектыўны).

Дадаткова рэкамендуецца разжаваць адну таблетку аспірыну, прыняць 60 кропляў карвалолу ці валакардзіну.

Паўнацэннае і своечасовае лячэнне інфаркту міякарда можа быць здзейснена толькі ў стацыянары!

З 2010 года ў Беларусі актыўна выкарыстоўваюцца інтэрвенцыйныя тэхналогіі лячэння пацыентаў з вострым каранарным сіндромам (ВКС).

У Мінску сістэма аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з ВКС прадстаўлена адзіным каардынацыйным цэнтрам — аддзелам шпіталізацыі Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама выязнымі брыгадамі станцый медыцынскай дапамогі Мінска. Аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з ВКС у Мінску ажыццяўляецца ў рэжыме 24 гадзіны сем дзён у тыдзень у шасці ангіяграфічных цэнтрах — 1, 2, 4, 10-й гарадскіх клінічных бальніц, бальніцы хуткай дапамогі і Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Прыёмныя, рэанімацыйныя і кардыялагічныя аддзяленні клінік таксама з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтай сістэмы. Па словах Раісы Чачко, у Мінску ёсць магчымасці дастаўляць пацыентаў у стацыянары з ангіяграфічным кабінетам з любога пункта горада цягам 20 хвілін.

Меры прафілактыкі

Для эфектыўнай прафілактыкі большасці сардэчна-сасудзістых захворванняў, у тым ліку інфаркту міякарда, неабходна ў паўсядзённым жыцці прытрымлівацца пэўных правілаў, а менавіта:

— кантраляваць артэрыяльны ціск;

— сачыць за ўзроўнем халестэрыну ў крыві;

— правільна харчавацца;

— займацца фізічнымі практыкаваннямі, весці рухомы лад жыцця;

— не курыць, а калі курыце — усімі сіламі імкнуцца кінуць;

— не злоўжываць спіртнымі напоямі;

— імкнуцца пазбягаць працяглых стрэсаў, не нервавацца з-за дробязяў.

Памятайце, інфаркт міякарда лягчэй папярэдзіць, чым лячыць! У выпадку падазрэння на яго ўзнікненне — неадкладна выклікайце ўрача. Прамаруджванне роўнае смерці.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Папярэдзіць інфаркт можна, калі...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.