Вы тут

Майстар піраграфіі з Жодзіна марыць адкрыць арт-галерэю


Майстар піраграфіі з Жодзіна збірае калекцыю выпальвальнікаў, робіць партрэты касманаўтаў і алімпійскіх чэмпіёнаў і марыць адкрыць арт-галерэю.

Ігар Каперскі захапіўся піраграфіяй яшчэ 40 гадоў таму, калі вучыўся ў Слаўгарадскай школе-інтэрнаце, а пасля арміі вярнуўся да ранейшага захаплення і заняўся мастацкім выпальваннем па дрэве ўжо ўсур'ёз. Назваць занятак майстра-самавучкі звычайным хобі і самадзейнасцю не дазваляе ўнушальны спіс персанальных выставак (чарговая з іх, «Танец агню», да 9 кастрычніка якраз праходзіць у сталічнай галерэі «Універсітэт культуры»), а таксама прызавыя дыпломы з Кубка Расіі па мастацкай творчасці «Асамблея мастацтваў». На сёння Ігар Уладзіміравіч — практычна адзіны ў Беларусі мастак, які працуе ў тэхніцы піраграфіі. І гэта пры тым, што па прафесіі ён трэнер па самба і дзюдо ў СДЮШАР Жодзіна, які выгадаваў нямала прызёраў і пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў.


Аў­тар па­каз­вае ад­ну з са­мых лю­бі­мых ра­бот — са­ба­ка Тайк,  ён жа «Жо­дзін­скі шлях­ціч».

Адной з першых сур'ёзных работ стаў партрэт Багуслава Радзівіла — яго майстар падарыў Жодзінскаму краязнаўчаму музею. Наогул жа з 1994 года Ігар Каперскі літаральна агнём і жалезам стварыў каля 200 работ — маляўнічыя родныя краявіды, помнікі архітэктуры, біблейскія сюжэты, а таксама партрэты вядомых асоб, сярод якіх ёсць «зорныя» спартсмены і трэнеры, мастакі і музыканты, касманаўты і першыя асобы. У спартыўнай галерэі ёсць партрэты Юліі Несцярэнкі, Аляксандра Мядзведзя, Ігара Макарава, Надзеі Скардзіна, Дар'і Домрачавай. Ганаровае месца сярод іх займае і партрэт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў хакейнай форме. А баскетбольны сюжэт «Кідок перамогі» выразнасцю і дакладнасцю дэталяў нагадвае незвычайны фотакадр: на карціне, акрамя спартсменак, карпатліва выпаленыя дробнымі штрыхамі больш за 150 балельшчыкаў!

— Спартыўная тэматыка мне блізкая ў сілу прафесіі і ўласных захапленняў, — усміхаецца Ігар Уладзіміравіч, якога я заспяваю на рабочым месцы, у перапынку паміж трэніроўкамі. — Але не менш я захапляюся прыродай — люблю рыбалку, люблю хадзіць у грыбы і ягады, словам, тыя заняткі, якія патрабуюць паглыблення, у якіх важны не толькі вынік, але і сам працэс. Але выявы жывёл я не малюю, больш люблю пейзажы. І, безумоўна, вельмі цікава рабіць партрэты — ёсць столькі выдатных сучаснікаў, у тым ліку нашых землякоў, вартых увагі і ўслаўлення!

Ці маг­чы­ма жыць у Жо­дзі­не і не ўслаў­ляць «Бе­лАЗ»?

— Я ў дзяцінстве таксама захаплялася выпальваннем, у піянерскім летніку ў гэты гурток заўжды стаяла чарга ахвотных, ды і наогул, справа была вельмі запатрабаваная. На ваш погляд, куды і чаму знікла былая папулярнасць піраграфіі?

— Мяркую, рэч у тым, што цяпер дзеці і моладзь хочуць атрымаць усё і адразу — мінімум высілкаў, хуткі вынік. Нямногія выхоўваюць у сабе такія якасці, як уседлівасць і цярпенне. Прасцей узяць гатовае рашэнне, цяпер шмат такіх набораў у продажы: ужо гатовая дошчачка з нанесеным малюнкам, практычна аднаразовы выпальвальнік — і амаль што ніякай прасторы для фантазіі. З іншага боку, пытанне і да дарослых: раней у нас выпальваннем займаліся на ўроках працы, а цяпер хіба хто захоча пераабсталяваць кабінеты належным чынам — каб было і некалькі выцяжак, і надзейныя апараты, і супрацьпажарныя прылады... Ды яшчэ трэба несці адказнасць за паводзіны дзяцей, якія могуць забаўляцца з прыборамі, не зважаючы на тэхніку бяспекі.

Дачка Ігара Каперскага Кацярына пайшла за бацькам у спорт і дасягнула значных вынікаў, а вось цікавасць да выпальвання дзецям не перадалася. Наогул, многія прасіліся да майстра ў вучні, але праз нейкі час сыходзілі — не хапала той самай уседлівасці.

Сам жа мастак не толькі метадычна і разам з тым натхнёна выконвае ўсё новыя драўляныя карціны, але і папаўняе сваю калекцыю выпальвальнікаў, якіх назбіраў ужо больш за 20. Найстарэйшая прылада была выпушчана прыкладна ў 60-я гады мінулага стагоддзя, а самы любімы памочнік — звычайны «Гном» вытворчасці Мінскага прыборабудаўнічага завода. З «Гномам», дарэчы, звязана асобная гісторыя. У 2005 годзе гэты электравыпальвальнік знік з прылаўкаў, і Каперскі паехаў на завод высвятляць, у чым справа. Аказалася, прыбор знялі з вытворчасці — застаўся літаральна адзін узор на стэндзе ў аддзеле маркетынгу, і прадаваць яго, зразумела, адмовіліся. Тады майстар пайшоў па-банку: прынёс і паказаў некалькі асабліва ўдалых сваіх работ. «Гэта вы нашым прыборам зрабілі?! Не можа быць!» — не паверылі на заводзе. І так уразіліся, што знялі з вітрыны і падарылі не толькі «Гноміка», але і набор іголак да яго — мастак дагэтуль выкарыстоўвае іх у рабоце.

Каб на­ма­ля­ваць аг­нём Саль­ва­до­ра Да­лі  і фраг­мент яго­ кар­ці­ны, спат­рэ­бі­ла­ся шэсць ме­ся­цаў.

— На эксперыменты з сучаснымі тэхналогіямі, накшталт лазера, асмеліцеся?

— А што ў гэтым цікавага: апрацаваў карцінку на камп'ютары, націснуў на кнопку ды сядзі, чакай выніку, штампуй хоць 10, хоць 100 аднолькавых работ. У чым жа тады твая праца як мастака? Не, я захоўваю вернасць выпальванню, першыя ўрокі якога даў яшчэ наш выкладчык працоўнага навучання. Так, гэта праца не хуткая: я доўга падбіраю сюжэт, дабіваюся балансу святла і ценю, замацоўваю вынік лакам, які трэба літаральна ўціраць у дошку, — але, мабыць, таму наведвальнікі выставак дзеляцца, што карціны ім пра нешта гавораць, «дыхаюць», жывуць... Напрыклад, на карціне «Нараджэнне Ісуса» ад немаўляці разліваецца святло, і многія пытаюцца: «Як вы гэтага дамагліся?». А я часам і сам не ведаю — бывае, разоў па дзесяць даводзіцца сціраць наждачкай і перарабляць асобны элемент, пакуль атрымаецца тое, што задумваў. Магчыма, у гэтым дапамагае і сам матэрыял — шпона бярозы або сасны, у якой і рэльеф, і шчыльнасць якраз такія, як трэба.

Ужо больш як дзесяць гадоў Ігар Каперскі бярэ ўдзел у выстаўках. Канешне, найбольш памятныя — першыя. У 2007 годзе ў БНТУ праходзіла мастацкая выстаўка «З любоўю да Бога» як частка міжнароднага праекта «Радасць Вялікадня». Потым прыйшоў час персанальных выставак у Жодзіне, Мінску, Бабруйску, Маладзечне, Віцебску, а яшчэ праз некалькі гадоў мастак заявіў аб сабе ў Расіі — яго запрасілі зладзіць выстаўкі ў Доме мастакоў у Санкт-Пецярбургу, у Музеі спартыўнай славы Расіі (там і цяпер захоўваецца партрэт алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай). Частку работ аўтар раздарыў — так, выява Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца ў скрыпача і выканаўца Аляксандра Рыбака, карціну з мінскім Кафедральным саборам прыхаджане папрасілі ў падарунак для Мітрапаліта Філарэта. А вось карціны «Нараджэнне Ісуса» і «Жодзінскі шляхціч» (партрэт любімага сабакі Тайка) Ігар Каперскі беражліва захоўвае і не згаджаецца прадаць ні за якія грошы, хоць, было, і прапаноўвалі значныя сумы.

Такой майстар убачыў і запомніў вячэрнюю Маскву.

— Што яшчэ хацелася б зрабіць? Ну, вось я некалі спрабаваў рабіць куфэркі з арнаментам, хачу зноў прыгадаць гэты вопыт, але ўжо на драўляных велікодных яйках. Хачу працягнуць серыю з партрэтаў мастакоў і элементаў іх карцін — Далі, Айвазоўскага, Шышкіна, Да Вінчы, «падбіраюся» да вобраза любімага акцёра Юрыя Нікуліна, зараз шукаю здымак, які найбольш поўна перадаваў бы ягоны характар і вобраз. Безумоўна, хачу папоўніць спартыўную галерэю — абавязкова зраблю карціну з нашымі «залатымі» дзяўчатамі-біятланісткамі. Але самая вялікая мара — стварыць першую ў Беларусі і ў свеце арт-галерэю — музей піраграфіі, дзе, з аднаго боку, маглі б выстаўляцца нашы мастакі і замежнікі, якія працуюць у розных тэхніках: хтосьці выпальвае па шоўку, хтосьці па шкле, скуры; а з другога, захоўваліся б самыя цікавыя работы, тэхнічныя прылады, літаратура, праходзілі экскурсіі і майстар-класы. Бо хочацца выходзіць на міжнародны ўзровень, больш паказваць і расказваць пра нашу краіну.

Калекцыя выпальвальнікаў.

Нават у "доме Чыжа", які так не любяць мінчане, майстар убачыў пэўнае хараство.

Даведка «Звязды»

Піраграфія перакладаецца даслоўна як «маляванне агнём». І хоць у нас больш ведаюць менавіта выпальванне па дрэве, мастацкім палатном могуць служыць самыя розныя арганічныя матэрыялы: папера, тканіна, скура, корак і нават шкло... Тэхнікі таксама адрозніваюцца: выпальваць малюнак можа з дапамогай адкрытага агню, лінзы, кіслаты, паяльнай лямпы, разнастайных прылад, ад электравыпальвальніка да лазера. Выпальваннем, найстарэйшыя вядомыя ўзоры якога датуюцца 700 годам да нашай эры, захапляліся ў тым ліку знакамітыя мастакі Рэмбрант і Пабла Пікасо, а ў ХІХ стагоддзі гэты від мастацтва ў многіх краінах быў больш папулярны за вышыванне.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара і з асабістага архіва мастака

Загаловак у газеце: Агнём, жалезам і цярпеннем

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.